Ученица Ушачской школы Злата Клачок приняла участие в телепередаче «Я знаю»

Наши дети

Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Гэту народную мудрасць удала пацвярджае вучаніца Ушацкай сярэдняй школы Злата Клачок. Нягледзячы на дастаткова шчыльны “вучэбны” графік (зараз дзяўчына рыхтуецца да ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры), знаходзіць час дзесяцікласніца і на актыўную грамадскую дзейнасць, творчасць. Днямі ж імя нашай юнай зямлячкі прагучала на ўсю Беларусь. Прычым, падстаў для гэтага было адразу дзве.

Трывалыя веды

У мінулую суботу Злата прыняла ўдзел у рэспубліканскім тэлевізійным праекце “Я ведаю!”

– Калі яшчэ ў верасні прайшла абласны адборачны тур, не паверыла, што паеду на гульню. Гэта новы вопыт і яркія ўражанні! – падзялілася з намі школьніца. – Што ўрэшце настаў мой “час-ікс”, даведалася ўсяго за тыдзень. Каб не разгубіцца, перагледзела некаторыя перадачы праекта, пазнаёмілася з тэматыкай пытанняў. У Мінск жа адправілася разам са сваёй настаўніцай Ірынай Уладзіміраўнай Леснічэнкай. Удзячна ёй за веды і падтрымку! На здымачнай пляцоўцы была прыемная добразычлівая атмасфера. Перад запісам нам растлумачылі, як паводзіць сябе ў студыі. Але хваляванняў ад гэтага менш не стала…

Нягледзячы на сур’ёзную канкурэнцыю (многія канкурсанты ўжо прымалі ўдзел у праекце ці мэтанакіравана рыхтаваліся да яго), Злата годна справілася з заданнямі першага тура, абышоўшы многіх, у тым ліку ўсіх прадстаўнікоў устаноў адукацыі Віцебшчыны. Найбольш прыемнымі для ўшачанкі былі пытанні па любімых ёю прадметах – беларускай мове і літаратуры. Не выклікалі цяжкасцей таксама заданні па хіміі і біялогіі. А вось над астатнім давялося “паламаць галаву”, часам паспадзявацца на інтуіцыю.

– У другім туры эмоцыі ўзялі верх над ведамі, логікай, – расказала Злата. – Здавалася б, ведаю адказ на пытанне, але шукаю “падводныя камяні”. Вось, як кажуць, і перамудрыла. Да таго ж стаяла ў першым радзе і не магла назіраць за паводзінамі іншых канкурсантаў. Яны, калі ведалі правільны адказ на пытанне, падымалі руку. Мне ж даводзілася гутарыць з вядучым Георгіем Калдуном пра самае складанае, што крыху збівала і засмучала. Шкада, што не атрымалася дайсці да трэцяга тура. Аднак гэта цудоўны стымул пашыраць далягляд. У наступным годзе паспрабую яшчэ!

Паглядзець перадачу з удзелам Златы можна будзе ў хуткім часе па тэлеканале “Беларусь 1”. Выпускі праекта “Я ведаю!” выходзяць па суботах і нядзелях у 13:30.

… і творчы настрой

Прайшло ўсяго два дні пасля прыгаданых тэлевізійных прыгод, як З.Клачок зноў накіравалася ў сталіцу…

Напрыканцы мінулага года быў аб’яўлены конкурс “У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных…”, прымеркаваны да 100-годдзя першага выдання паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” і 95-годдзя паэмы “Новая зямля”. Далучыцца да яго вырашыла і Злата, якая захапляецца паэзіяй і сама піша вершы ледзь не з дзіцячага сада.

– Час дазваляў паэксперыментаваць, паколькі ляжала ў бальніцы, – зазначае юная ўшачанка. – Калі ж даведалася, што на конкурс было пададзена каля 1500 работ, згубіла надзею быць заўважанай. Але дарэмна! Стала лаўрэатам творчага спаборніцтва і атрымала ад Саюза пісьменнікаў Беларусі цудоўныя падарункі – кнігі з аўтографамі аўтараў.

Прывёў жа дзяўчыну да такога дасягнення наступны паэтычны твор:

Пойдзем разам да Коласа шляхам жыцця

Па сцяжынцы, што стужкай віецца,

У Альбуці вітае нас, бы з забыцця,

Гаспадар, і ў вусы смяецца.

Творца “новай зямлёй” называе куток,

Дзе Міхал сваю долю шукае.

Бо на ростанях трэба з сотні дарог

Выбраць тую, дзе шчасце чакае.

Нам да хмаркі бязроднай падобнымі быць

Не стае, бо Айчына – адзіна!

Казкі жыцця ўсіх навучаць любіць:

І бацькоў, і малую радзіму.

Вабяць родныя вобразы ў родных мясцінах

І з’яўляюцца новыя думкі ў дарозе,

А адлёт жураўлёў (для героя ён мілы!)

Запрашае паэта пісаць верш у прозе.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *