Представители Ушачской детской школы искусств успешно выступили на фестивале “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”

Культура Наши дети

Як не спыніць дзяржаўнымі межамі магутны Днепр, што бярэ пачатак у Расіі і нясе свае воды праз Беларусь і Украіну, так не парушыць гістарычную сувязь славянскіх народаў, еднасць нашых культур. Менавіта гэтую ідэю ўвасабляе Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, які штогод збірае таленавітых людзей з трох братэрскіх краін на “ўсходнім узбярэжжы Беларусі” – так называюць Дубровеншчыну. Сёлета ўпершыню дэлегавалі на форум сваіх творчых прадстаўнікоў і ўшачане. Узорны аркестр народных інструментаў і прадстаўнікі эстраднага аддзялення Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў узялі ўдзел у абласным конкурсе “Спяваем з аркестрам”, які праводзіўся ў рамках фестывалю. І першая спроба адразу аказалася пераможнай!

– Калі б у верасні мне сказалі, што наш аркестр дасягне такога поспеху, я б вельмі здзівілася, бо яго склад быў істотна абноўлены: амаль палова ўдзельнікаў прыйшлі займацца першы год”, – расказвае кіраўнік калектыву М.А.Грынберг.

Зрэшты, калі за справу бярэцца Маргарыта Андрэеўна, выдатны вынік абавязкова будзе! Яна ўзначальвае аркестр ужо на працягу 30 год, умее зацікавіць юных музыкантаў агульным творчым працэсам, згуртаваць, прымусіць паверыць у свае сілы.

Увогуле падрыхтоўка да конкурсу была грунтоўнай – у гэтым, зрэшты, маглі ўпэўніцца многія ўшачане, якія бачылі генеральную рэпетыцыю аркестра ў гарадскім скверы: выступленні планаваліся на вольным паветры, і выканаўцам неабходна было адчуць адпаведную абстаноўку, праверыць, як будуць гучаць галасы і інструменты. І агульныя намаганні далі плён. Ужо падчас прадстаўлення ўдзельнікаў наша “музычная каманда” ярка заявіла пра сябе, хорам прадэкламаваўшы вершаваны дэвіз аркестра. Паколькі конкурс прадугледжваў дэманстрацыю не толькі інструментальнага, але і вакальнага майстэрства, пакараць журы і гледачоў аркестру дапамагалі салісты эстраднага аддзялення ДШМ. Вельмі задорна і прафесійна выканалі песню пра сяброўства Паліна Сазонава і Ягор Обух. Візітоўкай жа ўшачан стаў нумар “Я не магу пра вас забыцца” на верш нашага славутага земляка Петруся Броўкі. Калі сакавітае сапрана Алены Сазонавай загучала над наваколлем, ля сцэнічнай пляцоўкі сабраліся нават наведвальнікі размешчанага побач “Горада майстроў” і выпадковыя прахожыя. І хоць далёка да магутнага Дняпра маленькай рэчаццы Ушачцы, але майстэрства нашых спевакоў і музыкантаў аказалася вялікім – што і пацвердзіў дыплом першай ступені.

“Віншаваць нас з перамогай гледачы і іншыя канкурсанты пачалі адразу, як мы скончылі выступленне, нават не чакаючы рашэння журы!” – дзеляцца яркімі ўражаннямі ад паездкі ў Дуброўна нашы музыканты. А на маё пытанне, ці моцна хваляваліся перад выхадам на сцэну, адзін з самых юных удзель­нікаў аркестра Андрэй Мацеша катэгарычна заявіў: “Абсалютна не! Я ж добра ўсё вывучыў”. І сапраўды, хлопчык дакладна выканаў не толькі сваю партыю на балалайцы, але і даручаную яму адказную місію – аздабляць нумар задорнымі гукамі трашчоткі.

– Гэты поспех – наш агульны, – падкрэслівае М.Грынберг. – На яго працавалі не толькі музыканты аркестра і салісты, але і педагогі школы, бацькі вучняў, – усім ім хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць! Упэўнена, што такія па­дзеі вельмі карысныя не толькі для агульнага музычнага развіцця, але і для фарміравання ў дзяцей таварыскасці, духа калектывізму, настойлівасці ў дасягненні жыццёвых мэт. І канечне, развіцця пачуцця патрыятызму, якое ўласціва кожнаму ўшачаніну.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *