Что волнует ушачан? Итоги работы с обращениями граждан рассмотрели на заседании райисполкома

Зваротная сувязь

Адным з пытанняў, якія былі разгледжаны на апошнім пасяджэнні райвыканкама, стала падвядзенне вынікаў работы са зваротамі грамадзян за мінулы год і рэалізацыя патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату”.
У сваёй справаздачы загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб І.Л.Літвінава паведаміла, што за мінулы год у райвыканкам і яго структурныя падраздзяленні паступіла 324 пісьмовыя і вусныя звароты грамадзян, што на 54 (14 працэнтаў) менш, чым у 2017-ым. Аналіз паказаў, што найбольш часта грамадзяне звяртаюцца ў аддзел унутраных спраў – 193 (у 2017 – 151). У райвыканкаме зарэгістравана 20 калектыўных зваротаў, пад трыма з якіх падпісалася больш чым 30 чалавек. Усе яны разгледжаны з выездам спецыялістаў зацікаўленых службаў, у ходзе сустрэч з заяўнікамі ім дадзены кампетэнтныя адказы. Наогул, такім “кантактным” спосабам, з выездам на месца, разбіралася амаль трэць зваротаў. Трэба адзначыць, што ў большасці выпадкаў грамадзянам даваліся тлумачэнні (83). Станоўча вырашана 16 зваротаў, 4 накіраваны па кампетэнцыі, па трох у задавальненні запытаў адмоўлена, а 8 узята на кантроль. 5 зваротаў грамадзян накіравана ў райвыканкам з вышэйстаячых органаў, у той час як у 2017-ым іх было 16.
Тэматыка праблем істотна не змянілася. Па-ранейшаму найбольшую ўдзельную вагу займаюць пытанні эксплуатацыі і рамонту жылфонду, аплаты паслуг, паляпшэння жыллёвых умоў і чаргі па льготным крэдытаванні будаўніцтва жылля. З 2 да 5 узрасла колькасць зваротаў, звязаных у першую чаргу з аптымізацыяй прыгарадных маршрутаў, хаця былі і нараканні на работу аўтатранспартнага прадпрыемства – па адным факце прыняты меры дысцыплінарнага і матэрыяльнага пакарання да вадзіцеляў АТП № 6 г.Наваполацка. А вось па пытаннях зямельнага заканадаўства, адукацыі, занятасці насельніцтва колькасць зваротаў грамадзян у райвыканкам знізілася.
У сельскія выканаўчыя камітэты іх паступіла 270, на 8 (3 працэнты) больш мінулагодняга. Адзначаны рост у Вялікадолецкім (з 37 да 50), Глыбачанскім (з 32 да 48), Жарскім (з 47 да 54) сельвыканкамах, а вось у Кубліцкім, наадварот, зафіксавана значнае зніжэнне запытаў вяскоўцаў – з 48 да 22. Іх тэматыка дазваляе прасачыць, што ў першую чаргу турбуе сельскіх жыхароў – утрыманне дарог, зямельнае заканадаўства і жыллёва-камунальная гаспадарка.
На зніжэнне агульнай колькасці зваротаў станоўча ўплываюць “даступнасць” улады для грамадзян праз розныя формы работы з насельніцтвам, планамерная тлумачальная і інфармацыйная работа. Так, у 2019 годзе кіраўніцтвам райвыканкама праведзена 72 асабістыя прыёмы грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, 15 – выязных, 54 “прамыя тэлефонныя лініі”. Пытанні па разглядзе зваротаў, абгрунтаваных скарг насельніцтва пастаянна абмяркоўваюцца на вытворчых нарадах у старшыні райвыканкама. Сектар па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб ажыццяўляе маніторынг па гэтым накірунку ў сельвыканкамах і структурных падраздзяленнях райвыканкама.
Прынята рашэнне, накіраванае на ўдасканаленне работы па выкананні патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян. “Кіраўнікам і спецыялістам службаў трэба быць максімальна ўважлівымі да людзей, – зазначыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. – Часам менавіта нежаданне выслухаць чалавека, даць кансультацыю ці тлумачэнне з’яўляюцца прычынамі скаргаў, якіх можна было б пазбегнуць. І не трэба абяцаць звыш таго, што мы можам выканаць”.
Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *