Опытные и надёжные специалисты работают на участке водопроводно-канализационного хозяйства Ушачского района

Общество

Прасторнае памяшканне новай станцыі абезжалезвання, што размяшчаецца побач з будынкам спарткомплексу, знутры нашпігавана шматлікімі механізмамі і прыборамі, але работнікі ўчастка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Ушацкага раёна лёгка арыентуюцца ва ўсіх хітраспляценнях труб, помпаў ды датчыкаў. Упэўнілася ў гэтым, калі давялося ўбачыць за справай брыгаду аварыйна-аднаўленчых работ, якая ў сераду праводзіла планавае тэхнічнае абслугоўванне абсталявання.

У яе складзе – вопытныя і надзейныя спецыялісты: 20 год працуе ў гэтай сістэме слесар Васіль Васільевіч Кулага, нямногім меншы стаж у старшага майстра Уладзіміра Васільевіча Клачкова і электраманцёра Леаніда Іванавіча Шаўчэнкі, ды і самы малады член брыгады – слесар Віталь Маісеенка – ужо адмераў тут працоўную васьмігодку. Хутка выканаўшы патрэбныя маніпуляцыі на станцыі, мужчыны паспяшаліся на іншы аб’ект – іх дзень размеркаваны ледзь не па хвілінах: у тую раніцу, напрыклад, ужо паспелі пабываць у Дубінцы і Заазер’і, дзе адрамантавалі калонкі.

Сярод абавязкаў брыгады таксама планавае абнаўленне водаправодных сетак, а яны па раёне маюць агульную працягласць у 170 кіламетраў. На балансе прадпрыемства 6 станцый абезжалезвання, каналізацыйныя сеткі і ачышчальныя збудаванні. Многія ўчасткі камунікацый, асабліва на сяле, з-за вялікай ступені зносу патрабуюць замены: так, летась быў абноўлены водаправод у Гушчынскай Слабодцы, сёлета плануюць пракласці новыя сеткі ў вёсках Папоўка, Баброва і на асобных участках у Глыбачцы.

Яшчэ адзін актуальны напрамак дзейнасці – укараненне сістэмы аплаты за спажытую ваду: толькі з пачатку гэтага года пераведзена пад ключ 297 водаразборных калонак.

– Большасць спажыўцоў з разуменнем ставяцца да новаўвядзення, але ёсць і тыя, хто “вагаецца”, – адзначае начальнік участка Руслан Васільевіч Селезень. – Нядаўна, напрыклад, абсталёўвалі запорам калонку ў Матырыне, з якой бралі ваду гаспадары пяці сядзіб. Двое з іх заключылі дагавор з водаканалам і атрымалі ключы, астатнія пакуль раздумваюць. Раздзяліліся і меркаванні двух карыстальнікаў калонкі ў Навасёлках – у выніку ключ атрымаў толькі адзін. А між тым, тарыфы на ваду зусім невялікія: у месяц на аднаго жыхара атрымліваецца прыкладна паўтара рубля. З’явіліся і жадаючыя абсталяваць калонкі прыборамі ўліку – зараз па раёне іх устаноўлена каля 20, а самая “прагрэсіўная” ў гэтым сэнсе вёска Дубраўка, дзе лічыльнікі стаяць ужо на трох калонках.

Самога ж начальніка ўчастка члены брыгады ахарактарызавалі так: “Малады, ды вопытны!” Адметна, што назначэнне Р.Селезня на гэту пасаду было ініцыятывай працоўнага калектыву, і ён стараецца апраўдваць давер. Пад яго кіраўніцтвам работнікі пераадольваюць няпросты перыяд рэарганізацыі і робяць усё магчымае, каб ушачане не адчувалі нязручнасцяў ад пераводу ўчастка пад юрысдыкцыю Наваполацкага водаканала. Зараз у падначаленні Руслана Васільевіча тры дзясяткі работнікаў, большасць з якіх старэйшыя за яго па гадах, аднак аўтарытэт кіраўніка непахісны. А вось як сам ён характарызуе сакрэт паспяховай дзейнасці службы: “Проста ўсе нашы людзі сумленна і адказна выконваюць сваю справу”.

А яна ў работнікаў водаканала няпростая і часам нават экстрэмальная. Уладзімір Клачкоў прыгадвае, як некалькі год таму познім зімнім вечарам адбыўся парыў на сетцы па вуліцы Базарнай у райцэнтры. Каб спыніць фантан ледзяной вады, трэба было накласці рамонтны хамут на трубу 30-сантыметровага дыяметра. Толькі ў сярэдзіне ночы мокрыя з галавы да ног слесары справіліся з аварыяй. Яе наступстваў ушачане нават і не заўважылі. А гэта – паказчык добра выкананай справы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку: В.Маісеенка, В.Кулага, Л.Шаўчэнка, У.Клачкоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *