В Ушачах прошла весенняя ярмарка

Общество

Кірмаш на цэнтральнай плошчы гарпасёлка 13 красавіка сабраў нямала гандляроў і пакупнікоў. Торбы і цэлыя мяхі развозілі на машынах і веласіпедах, цягнулі ў руках і на плячах – наколькі дазвалялі магчымасці кашалькоў і фізічных сіл.
“Хітом” продажу традыцыйна стала зерне. Машыны з гэтым таварам некаторыя падпільноўвалі з сямі гадзін, а каб аказацца ў ліку першых пакупнікоў, суправаджалі праз плошчу, хіба што не ўхапіўшыся за барты. Не было яшчэ і дзевяці (у гэты час кірмаш павінен быў толькі пачынацца!), калі КУСГП “Глыбачаны” распрадала ўвесь яравы ячмень па 18 і авёс па 14 рублёў за мяшок. “Трымаем немалую гаспадарку, таму без зерня не абысціся, – падзяліліся з намі Аліна Пятроўна Пшэвальская і Павел Пятровіч Прашковіч. – Набылі сёння шэсць мяхоў – цяпер пра корм для каня, курэй, індакачак, іншай жыўнасці можна не хвалявацца”.
На “ўра” разыходзіўся ячмень па 50 капеек за кілаграм і ў ААТ “Агра-Селішча”. Праўда, цэлай машыны ледзь хапіла, каб задаволіць запыты ўсіх пакупнікоў – бралі ў большасці сваёй па цэнтнеры-два. Своеасаблівым рэкардсменам у гэтым сэнсе аказалася сям’я Брыкун. “10 мяхоў – гэта толькі дадатак да вырашчанага ўласнымі сіламі летась, – зазначыла гаспадыня Наталля Адамаўна. – Трэба ж карміць трох бычкоў, ды і пасеяць нешта!”
Бойка ішоў гандаль і ў іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Так, напрыклад, ААТ “Ільюшынскі” рэалізаваў машыну збожжа ў мяшках, а гэта звыш 4 тон, літаральна за 30 хвілін – асаблівым попытам карыстаўся ячмень па 45 капеек за кілаграм, бралі і пшаніцу за 50. Непадалёк чакаў новых гаспадароў і “жывы” тавар – бычкоў ад ільюшынцаў куплялі нават не па адной галаве.
Шырокі асартымент прадукцыі прадставіла ААТ “Дземенец”. Акрамя ячменю па 20 рублёў за мяшок гаспадарка рэалізоўвала грэчку – як для ўжывання, так і для пасеву, насенне канюшыны, райграсу. КУСГП “Вялікадолецкае” прапаноўвала пшаніцу і ячмень па 51 і 44 капейкі за кілаграм, а “Маяк-Ушацкі” – арганіку па 15 рублёў за тону. У гэты кошт, дарэчы, уваходзіла і дастаўка па раёне – такой прапановай скарысталіся жыхары райцэнтра, Градзянца і некаторых іншых населеных пунктаў.
Па запрашэнні раённага кіраўніцтва ўпершыню завіталі на Ушаччыну прадстаўнікі адной з чашніцкіх сялянска-фермерскіх гаспадарак. На “ўра” тут разыходзілася бульба сартоў “Скарб” і “Вектар”, танныя капуста, морква, буракі, яблыкі. Самым дапытлівым фермер Ф.Казлоўскі даваў карысныя парады па вырошчванні агародніны. Адзінае, пра што шкадаваў мужчына, – пра невялікую колькасць прывезенай прадукцыі.
У вялікім асартыменце былі мясныя і кандытарскія вырабы, агародніна, насенне і іншае ў палатках райспажыўтаварыства, якое таксама прапаноўвала ўдзельнікам кірмашу прысесці за столікі, адпачыць. Папулярнасцю карысталася і паслуга дастаўкі набытых тавараў дамоў, прычым не толькі па гарпасёлку, але і за яго межы.
Прываблівалі пакупнікоў Ушацкі раён газазабеспячэння – з грунтам, а таксама лясгас – з лазневымі і гаспадарчымі венікамі, туямі, мёдам. Пітомнікі з Лепельскага і Пастаўскага раёнаў прапаноўвалі садаводам саджанцы пладовых дрэў. Беларускі каларыт кірмашу традыцыйна надавала сумесная кропка Дома рамёстваў і народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне” – і сёлета яна вабіла золатам саламяных сувеніраў, фарбамі вырабаў ручной работы. Святочнага ж настрою ўдзельнікам кірмашу дадала насычаная канцэртная праграма, наладжаная работнікамі культуры.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *