Хлебопекарный цех Ушачского райпо предлагает диетическую новинку — хлеб «Мехико»

Торговля

“У красавіку паспытала вельмі смачны хлеб “Мехіка” – навінку нашага хлебазавода. Невялікай расфасоўкі, дыетычны, а вось у продажы бачу яго зусім рэдка. Хацелася б даведацца, чаму?” З такім пытаннем звярнулася ў рэдакцыю наша чытачка, і мы звязаліся з начальнікам хлебапякарнага цэха райспажыўтаварыстава І.А.Казлоўскай.

Ірына Аляксандраўна патлумачыла, што схема работы магазін-завод простая, яны выпякаюць прадукцыю згодна з заяўкамі загадчыкаў крам: сёння на заўтра, як гаворыцца – з пылу, з жару. І калі па максімальным аб’ёме абмежаванняў не існуе, то вось мінімальны – 20 боханаў. Прасцей кажучы, калі магазіны гарпасёлка ці раёна падалі заяўкі на такую колькасць, то “Мехіка” будзе ў продажы. Рэальна ж завод атрымлівае заказ на 3-5 штук. Навінка не вельмі раскручана, далёка не ўсе ацанілі вартасці гэтага хлеба. А шкада, таму мы крыху раскажам пра перавагі дыетычнага прадукту.
“Мехіка” на 36 працэнтаў складаецца з кукурузнага экстракту: мукі, круп, неразмолатых драбінак. Паколькі гэты злак утрымлівае мноства мікраэлементаў і вітамінаў, то спрыяе эластычнасці сасудаў, умацаванню памяці і касцей, супрацьстаіць назапашванню ў арганізме халестэрыну, выводзіць шкодныя рэчывы, стымулюе работу кішэчніка, зніжае цукар. Цікава, што хоць кукурузу карысна ўжываць людзям, якія займаюцца спортам – бялок спрыяе росту мышцаў – выкарыстоўваецца яна і пры пахудзенні: нізкакаларыйная, аднак добра насычае арганізм.
А паколькі адзін прадукт, якім бы пажыўным не быў, не можа забяспечыць арганізм ва ўсіх патрэбных рэчывах, то хлеб “Мехіка”, канечне, карысней, чым проста ржаны або пшанічны.
На сённяшні дзень нашым хлебазаводам акрамя “Мехіка” наладжана вытворчасць яшчэ чатырох гатункаў дыетычнага хлеба. “Грэцкі новы” – з утрыманнем 20 працэнтаў грэчкі; “Посны зерневы” – 30 працэнтаў ячных круп, проса, грэчкі, а таксама зерне сланечніку, ільну; “Булка пшанічная з вотруб’ем” і “Багет зерневы”.
На этыкетцы кожнага бохана, дарэчы, утрымліваюцца звесткі пра састаў. Цікаўцеся і рабіце сваё хлебнае меню больш разнастайным і карысным. Калі гатунку, які прыйшоўся даспадобы, не аказалася на паліцах, не пакідайце краму моўчкі, бо прадаўцы так і не здагадаюцца пра ваш намер набыць менавіта гэты хлеб. Згодна густаў пакупнікоў і фарміруецца заказ на наступны дзень. У крамах таксама знаходзяцца прайс-лісты з усёй прадукцыяй завода, што дае магчымасць загадчыкам самім заказваць розныя гатункі і рэкламаваць іх пакупнікам.
Вольга Караленка.

На здымку :навінкі дэманструе прадавец А.Лукашэвіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *