Место отдыха для себя и других. Семья Шарамет благоустроила берег Дубровского озера

Год малой родины

На берагах Дубраўскага возера ёсць некалькі зручных месцаў для адпачынку і купання. Адно з іх – з кладкай, лавачкамі, адмысловым навесам, парасонам і нават арэлямі – асабліва падабаецца мясцовым жыхарам і не толькі: у спякотны дзень тут так і хочацца спыніцца!

Некалькі гадоў таму ідэю грунтоўна абсталяваць бераг праз дарогу ад свайго дома на вуліцы Набярэжнай увасобіла сям’я Шарамет, а зараз яны спраўна падтрымліваюць там парадак. Пабудавалі драўляную кладку метраў каля дзесяці, каб было зручна зайсці і нырнуць у возера, а паколькі спуск да вады даволі круты – у зямлі выразалі прыступкі. Для тых, хто не збіраецца купацца, ёсць альтэрнатыўны варыянт – адпачнуць за столікам, цень над якім ствараюць не толькі дрэвы, а і вялізны парасон, які звычайна можна ўбачыць ля летніх кафэ ў гарадах. А вось маленькіх дзяцей акрамя магчымасці пакупацца сюды вабяць турнікі, арэлі, горка.
– Калі зачынялася наша Дубраўская школа, гэтыя элементы маглі адправіцца ў металалом. Шкада было, і мы змянілі месца іх “прапіскі”, перамясціўшы на бераг, падрамантавалі і пафарбавалі. Сёння многія не ўяўляюць адпачынак ці якое свята без шашлыкоў, таму вырашылі паставіць і мангал, – расказваюць Наталля Анатольеўна і Анатоль Іванавіч Шарамет.
Асноўныя работы, канечне, выконваў гаспадар разам з сынам Уладзімірам, які на выхадныя наведваецца ў родную вёску з Наваполацка. А за “эстэтыку” адказвалі жаночыя рукі: пасадкай кветак, афарбоўкай вазонаў займалася гаспадыня з дачкой Наталляй.
– Бераг – агульнае месца. Таму ні ў якім разе нікому не забараняем адпачываць, наадварот, вельмі рады, калі тут стаіць дзіцячы гоман ці хтосьці з дарослых прысаджваецца на лавачку. Аднойчы нават нейкія турысты з Мінска пыталіся, ці можна прыпыніцца тут на пару гадзін. На жаль, не ўсе пасля сябе пакідаюць чысты бераг, дык нядаўна зрабілі і ўстанавілі яшчэ і жалезныя сметніцы. На кладцы ўжо пастаяннымі гасцямі сталі качкі ды лебедзі, – расказвае сямейная пара.
А вось на ўласны адпачынак у гэтых руплівых людзей часу практычна няма, бо на сядзібе ўлетку хапае работы. Трэба апрацаваць немалыя соткі, дзе акрамя бульбы вырошчваецца шмат агародніны, трымае сям’я і падсобную гаспадарку, у якой птушка і карова. “Не можам адмовіцца ад уласных малочных прадуктаў. Але, як кажуць, гэта патрабуе ахвяр – вывесці рагулю ў поле, паклапаціцца пра ваду, тры разы падаіць, не кажучы ўжо пра нарыхтоўку сена на зіму,” – разважае Наталля Анатольеўна.
Нямала часу адводзіцца ў сям’і і пытанням добраўпарадкавання – пра гэта сведчыць акуратны выгляд дома, тэрыторыі вакол яго. Адны кветкі зараз змяняюць другія, але больш за ўсё падабаюцца жанчыне ружы, якіх на клумбах ужо налічваецца больш 10 сартоў. Займацца хатнімі справамі яна паспявае ў вольны ад работы час – вось ужо тры дзясяткі гадоў Н.Шарамет працуе ў мясцовым магазіне. Працоўная дзейнасць Анатоля Іванавіча была звязана з сельскай і лясной гаспадаркай.
– Калі мае дзеці едуць у Дубраўку да бабулі, то з задавальненнем адпраўляюцца на гэты бераг на Набярэжнай. Бывае, што людзі добраўпарадкоўваюць кавалак прыбярэжнай тэрыторыі для сябе і тады лічаць яе сваёй. Старанні ж сям’і Шарамет заслугоўваюць самых добрых слоў і служаць прыкладам для іншых, – адзначае ўшачанка Вераніка Пацэйка.
Сапраўды, адны чакаюць, калі ледзь не пад вокнамі хтосьці за іх знішчыць баршчэўнік, абкосіць бераг, навядзе парадак. Другія ж самі з энтузіязмам бяруцца за справу і робяць свет вакол прывабным і чыстым. Прычым, не толькі ў Год малой радзімы!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *