Этим летом огородники отмечают нашествие колорадских жуков. Как бороться с вредителем?

Общество

“Каларадскі жук даядае бульбу, а ў магазінах райспажыўтаварыства няма ў наяўнасці сродкаў барацьбы са шкоднікам”. Менавіта такімі былі нараканні нашага чытача-агародніка з Глыбачкі. Каб высветліць сітуацыю, а заадно і параіць ушачанам самыя эфектыўныя хімікаты (сёлета многа скаргаў на тое, што яд дрэнна дзейнічае), мы ў чацвер накіраваліся ў магазін “Гаспадар”, паліцы якога, дарэчы, былі проста застаўлены самымі рознымі сродкамі для атрымання добрага ўраджаю.
– Сапраўды, паміж нашым заказам і ўчарашнім прывозам атрымалася двухдзённая замінка, якая адбылася па віне пастаўшчыкоў, – кажа прадавец Людміла Мікалаеўна Марковіч. – Аднак сродкі барацьбы з жуком у наяўнасці былі, няхай і не ў такім вялікім выбары. Напрыклад, можна было апрацаваць пасадкі прэпаратам “Табу” – у інструкцыі напісана, што прымяняецца ад шкоднікаў перад пасадкай бульбы, аднак я на сваіх сотках апрабавала яго эфектыўнасць менавіта ў час росту – жук знік пасля першага апырсквання. Наогул заўсёды раю пытацца ў прадаўцоў, бо былі і іншыя прэпараты барацьбы са шкоднікамі без прамога ўказання менавіта на каларадскага жука.
Пакупніца А.Э.Шараг шукала менавіта такі: “Імідор” для кветак. “У свой час параіла сяброўка, і сапраўды, эфектыўна пры апрацоўцы і бульбы, – казала Аліна Эдуардаўна. – А вось і мой любімы “Камандор” – таксама шырокага спектра – ад тлі, белакрылкі, жука – раю.
Быў у продажы “Жукаед” і “Іскра” – непасрэдна для барацьбы з каларадскім жуком. Я ж пацікавілася ў начальніка інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Галіны Мікалаеўны Кашко пра магчымыя прычыны неспрацоўкі прэпаратаў на ўчастках ушачан.
– На першае месца паставіла б незахаванне тэмпературнага рэжыму. Сама бачыла жыхароў Глыбачкі на ўчастках з венікамі ў поўдзень. Працаёмка, небясшкодна і зусім неэфектыўна. Справа ў тым, што ўсе нашы прэпараты адносяцца да піратроіднай групы і пры тэмпературы вышэй 20 градусаў “не працуюць” ці іх дзеянне моцна аслаблена. Апырскваць участак трэба на ноч, пасля 20 гадзін. Другой прычынай неэфектыўсці назвала б няправільную норму расходу вадкасці. Людзі прачытаюць, што на 10 літраў вады трэба 1-2 мілілітры, а не паглядзяць, што гэта толькі на адну сотку і “прабягуць” усе пяць. А сёлета вельмі спрыяльныя ўмовы для каларадскага жука – у спякоту яму не хапае вады і ён асабліва пражэрлівы, хутка размнажаецца.Таму калі на інструкцыі пазначана 1-2 мілілітры, то рэкамендую прымяняць максімальную канцэнтрацыю. І яшчэ раю звяртаць увагу на тое, каб прэпарат быў зарэгістраваны ў Беларусі – на ўпакоўцы павінны стаяць тры вялікія літары “ТРБ”, напрыклад, “Палач” і “Кардынал” да іх не адносяцца.
Сустракала ў літаратуры спасылкі навукоўцаў на тое, што за тры сезоны ў каларадскага жука развіваецца прывыканне да прэпаратаў. Таму лепш іх чаргаваць. А набыць атруту ад шкодніка акрамя “Гаспадара” і рынка можна таксама ва ўсіх вясковых магазінах раёна.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *