Дружный 10 «Б» — люди самых нужных профессий. Выпускники Кубличской школы встретились через 50 лет

Юбилейные даты

“Ну што, не пазнаяце, я ж з вамі вучылася!” – віталася з выпускнікамі Кубліцкай школы 1969 года. Аднак жарту мае новыя знаёмыя не ўлавілі і толькі ўважлівей углядаліся, спрабуючы знайсці супадзенне з астраўкамі дзіцячай памяці. Рэакцыя зусім нядзіўная, бо практычна так, пільна вывучаючы, яны сустракалі кожнага. І, па сутнасці, знаёміліся наноў.

– Гэта ж трэба, суседа Сяргея Анатольевіча Лаўрыновіча не пазнаў, – усклікаў Іван Харытонавіч Басуеў. – Мы ж жылі блізка, разам і ў Селішчанскую васьмігодку хадзілі, і ў Кублічы. Гэта з нас настаўнік фізкультуры Аляксандр Іванавіч Селівёнак касцяк зборнай па валейболе і футболе скалаціў. Вельмі паважаў гэтыя віды, апантаны імі быў, таму і грамілі мы ўсіх у раёне.
– Сапраўды, любіў ён селішчанцаў, – падхоплівае рамову адна з самых памятлівых аднакласніц Ніна Уладзіміраўна Заруба, – падрыхтаваныя былі. Цэлая кагорта, самая вялікая з іх боку ў клас прыходзіла. Хаця і нас з Гушчынскай Слабодкі нямала было. Я, Зіна і Саша Літвіны, Тома Кляпец. Тры школы прайшлі, акрамя сваёй, у вёсцы, Чарапоўшчынскую наведвалі, у панскім маёнтку займаліся.
– А мне не забыцца на свой першы кол, праўда яшчэ ў пачатковай Зерчаніцкай школе, – усміхаецца Зоя Паўлаўна Шчукіна (Крывёнак). У нас у вёсцы электрычнасці яшчэ не было, газніца аказалася без паліва, і я, затрымаўшыся на вуліцы, села за чыстапісанне ля печы, якую маці тапіла. Можна ўявіць, што было ў сшытку.
А вось у Кублічы яны трапілі ў тыпавую, новую, толькі што пабудаваную, да якой дабіраліся пераважна пешшу, пераадольваючы па 5-7 кіламетраў. Два выпускі было 50 год таму. Адзін клас – з карэнных кублічан і дзяцей з блізкіх вёсак, ну а па “Б” можна вывучаць геаграфію раёна – у ім займаліся вучні з усяго наваколля і нават з-за кардону, калі ўлічыць, што да 1939 года за Кублічамі ў лесе праходзіла дзяржаўная мяжа. Дзесяць год за адной партай прасядзелі Аляксандр Аляксандравіч Радзюш і Мікалай Віктаравіч Леановіч – ураджэнцы Глыбоцкага раёна.
Пацвярджэннем дружбы “селішчанскай банды” была і яўка на юбілейную сустрэчу Людмілы Васільеўны Касяк (Гладковай). У іх 10 “Б” яна не вучылася, аднакласнік – яе муж Васіль Іванавіч, і захоўваючы традыцыі папярэдніх гадоў, калі прыязджалі на сустрэчы разам, адгукнулася. Канечне, прыгадалі аднакласнікі не толькі яго, а ўсіх, хто заўчасна пайшоў з жыцця. І тых, хто не мог прыехаць, як Таццяна Маёрава з Харкава, Таццяна Мароз з Малдовы. Яна даслала вельмі шчырую тэлеграму, у якой дзякавала за падтрымку ў складаную мінуту. “Без вас я б не справілася”. Чытаючы радкі электроннага паслання, я дакладна бачыла, што жанчына плакала, калі іх пісала, як і тады, калі атрымлівала з Беларусі пераводы: сын, якога выхоўвала адна, трапіў у аварыю, заробкаў у Малдове практычна не было, і аднакласнікі скідваліся, хто колькі мог, яму на рэабілітацыю.
Акрамя Кубліцкай школы наведалі юбіляры могілкі: у Селішчах пахавана Валя Лаўрыновіч, ва Ушачах – любімы дырэктар Міхаіл Мікалаевіч Глінскі і яго жонка, іх душэўная класная Зінаіда Пятроўна Глебка. “Не ведаю, якія настаўнікі зараз, але ў нас яны былі вялікімі прафесарамі, – прыгадвала Зінаіда Гаўрылаўна Літвін. – На жаль, нікога ўжо няма акрамя біёлага Лідзіі Фёдараўны Крыштопенкі. Школа была беларускамоўная, а ёй, прыезджай, дазволілі выкладаць на рускай. А які фізік была Франя Піліпаўна Стакроцкая. А літаратары Соф’я Сцяпанаўна Ушакова, Кацярына Ільінічна Казлоўская, Ганна Якаўлеўна Селівёнак, хімік Алена Сямёнаўна Казлоўская. Калі сустракаліся раней, абавязкова казалі ім дзякуй”.
А вось хто быў упершыню, дык гэта Ніна Сяргееўна Васьковіч, хоць і жыве блізка – у Івесі. Яна ў былым аграном. Ірына Сяргееўна Пятніца 20 год выпускала шкланітку на Полацкім заводзе. Энергетык Павел Пятровіч Прашковіч, страхавы агент і ахоўнік І.Х.Басуеў, сувязіст А.А.Радзюш – увесь час працавалі на Ушаччыне. Яго сябра М.В.Леановіч – ветэран “Паліміра”, а С.А.Лаўрыновіч быў наладчыкам абсталявання на такіх вядомых прадпрыемствах Беларусі, як “Інтэграл” і “Камунарка”. З пуску ў горадзе нафтавікоў трамвайных ліній, 10 гадоў перавозіла пасажыраў Тамара Іванаўна Кляпец. “Мы першапраходцы, у Варонежы стажыраваліся, на спакойную работу перайшла, толькі калі дзеці падраслі”.
У наваполацкай школе выкладаў маляванне і працу Аляксандр Гаўрылавіч Літвін. Яго родную сястру Зінаіду Гаўрылаўну ва Ушачах ведаюць як высокакваліфікаванага банкаўскага работніка. Немагчыма ўявіць былы “Райаграсэрвіс” і “Ушачырайгаз” без бухгалтара Н.У.Зарубы і намесніка дырэктара З.П.Шчукінай. Ну а збірала аднакласнікаў Зінаіда Антонаўна Клубаева (Шчэрбік), старшыня ветэранскай пярвічкі ПМК-66, у арганізатарскіх здольнасцях якой неаднойчы пераконваліся ўшацкія будаўнікі. Аднакласнікі ж у знак удзячнасці падарылі ёй карціну з аўтографамі ўсіх трынаццаці чалавек. Наступны збор вырашылі зрабіць больш шырокім, і праз два гады – не той узрост, каб прыемныя моманты адкладваць на пяцігодку. Паабяцала дачакацца гэтай даты і Л.Ф.Крыштопенка, якая ўзрадавалася тэлефоннаму званку і доўга размаўляла з былымі вучнямі.
Дзяцінства 26 прадстаўнікоў гэтага вельмі дружнага класа – гэта гісторыя пасляваеннага адраджэння вёскі, выхадцы якой і будавалі незалежнасць краіны. Іх маладосць і сталенне – час развіцця эканомікі Беларусі. Няхай ніхто з іх не паляцеў у космас, затое літаральна ўсе займаліся зямнымі справамі, неабходнымі грамадству штодня. І адбыліся – як прафесіяналы і, самае галоўнае, як годныя людзі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *