Российские журналисты в рамках пресс-тура по Беларуси посетили Ушачский район

Общество

Галоўным момантам трохдзённага візіту прадстаўнікоў расійскіх і саюзных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусь, які праходзіў напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны, стаў святочны парад і іншыя мерапрыемствы ў беларускай сталіцы. А да гэтага журналісты зрабілі пазнавальны прэс-тур па Віцебшчыне. Ён таксама быў прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Арганізавалі тур пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, інфармацыйнае агенцтва “Расія сёння” і Нацыянальны прэс-цэнтр. Па словах начальніка яго аддзела Дзмітрыя Новікава, падобныя мерапрыемствы ваеннай тэматыкі праводзяцца даволі часта, выбіраюцца найбольш папулярныя маршруты. У гэты раз акцэнт быў зроблены на Віцебскую вобласць. І абмінуць наш гераічны раён госці, канечне, не маглі.

На Ушаччыне, куды ўдзельнікі прэс-тура дабраліся пасля наведвання Докшыцкага раёна, іх вітаў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. Уладзімір Генадзьевіч коратка ахарактарызаваў патэнцыял нашага рэгіёну, а лепш усялякіх слоў стаў прагляд прэзентацыйнага фільма аб раёне, створанага зусім нядаўна тэлерадыёкампаніяй “Віцебск”. Потым госці разам з намеснікам старшыні А.В.Пашковіч накіраваліся ў Бычкі. Дырэктар музея народнай славы Н.П.Бугай на сядзібе-музеі Васіля Быкава правяла змястоўны экскурс, спыніўшыся на мала вядомых фактах з лёсу народнага пісьменніка. Хоць Наталля Пятроўна за час працы біяграфію славутага земляка расказвала безліч разоў, усё роўна крыху хвалявалася – журналісцкая брація дапытлівая і цікаўная.

Знаёмячыся са спісам гасцей, звярнуў увагу на адно прозвішча, яўна беларускага паходжання. І не памыліўся – малой радзімай карэспандэнта газеты “Кабардзіна-Балкарская праўда” Паўла Сідарука, які прызнаўся ў любві да нашай краіны, аказалася Брэстчына. Дарэчы, ён у Беларусі часты госць, некалькі разоў прымаў удзел у прэс-канферэнцыях, якія беларускі лідар А.Лукашэнка праводзіць для расійскіх мас-медыя. Павел цікавіцца тэмай вайны (яго бацька з баямі дайшоў да Берліна), удзельнічае ў пошукавай рабоце і грамадскай дзейнасці – з’яўляецца намеснікам старшыні савета Кабардзіна-Балкарскага руху “За яднанне – “Сябры”. Наогул, сімпатыі да Беларусі і беларусаў выказвалі многія калегі. Сярод іх і прадстаўнікі інтэрнэт-рэсурсаў, блогеры, падпісчыкі якіх таксама цікавяцца жыццём нашай рэспублікі. Напрыклад, Ігар Ягубкоў з Пярмі піша пра прамысловасць, наведваў многа нашых прадпрыемстваў і сцвярджае, што ў яго суайчыннікаў такія матэрыялы карыстаюцца папулярнасцю. На Віцебшчыне ён аказаўся ўпершыню і мужчыну, як і іншых удзельнікаў прэс-тура, цікавіла ўсё: гісторыя, прырода, людзі – А.В.Пашковіч і Н.П.Бугай госці засыпалі пытаннямі і ў дарозе, і падчас экскурсіі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”.

“Сюды хочацца вярнуцца!” – агульны лейтматыў удзельнікаў прэс-тура. Яны зазначылі, што жыхарам нашай краіны не сорамна перад продкамі. У нас захоўваюцца культурныя традыцыі, помнікі, звязаныя з гераічным мінулым, а моладзі прывіваецца павага, любоў і беражлівыя адносіны да яго.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *