Фестивальная мозаика. Ушачане приняли активное участие в «Славянском базаре»

Общество

Апошнія дзесяць дзён Віцебск жыў у творчай атмасферы міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар – 2019”. За гэты час гледачам прэзентавалі больш за дваццаць канцэртаў, паказалі звыш дзясятка спектакляў, арганізавалі шмат выстаў і творчых сустрэч. Акрамя асноўных сцэнічных пляцовак свята разгарнулася ў парках, скверах, на плошчах і вуліцах горада. Удзел у мерапрыемствах маштабнага форума традыцыйна прынялі і ўшачане.

Як у рэстаране

Яшчэ за некалькі дзён да афіцыйнага старту фестывалю ў горад над Дзвіной з выязным гандлем накіраваліся ўшацкія кааператары. І калі ў першыя дні ў палатках, разлічаных амаль на 100 пасадачных месцаў, было вольна, то ў астатнія стаялі чэргі. Працавала “Ушацкае падвор’е” кругласутачна!

– Усё вельмі смачнае, і галоўнае – цэны дэмакратычныя! – дзяліліся з намі наведвальнікі “Ушацкага падвор’я” райспажыўтаварыства.

Аб тым, што гэта так, сведчыла і вялікая колькасць жадаючых адпачнуць, нягле­дзячы на тое, што размяшчаліся палаткі не ля Летняга амфітэатра. Асартымент жа быў, можна сказаць, рэстаранны: раніцай з Ушач дастаўлялі свежыя салаты, катлеты, хот-догі, піцы, на месцы гатаваліся каўбасы на грылі і шашлыкі. Яны традыцыйна карыстаюцца ў такія дні павышаным попытам, па смаку прыйшлася спажыўцам і адна з навінак – скумбрыя, запечаная з морквай у фользе. Прывозілі нашы кааператары нават такую нетрадыцыйную прадукцыю, як ягады, спецыяльна ўпакаваныя ў кантэйнеры. Ну а “фішкай” падворка стала юшка па-ўшацку, якая гатавалася прама на месцы з азёрнай рыбы.

Усе гэтыя дні ў напружаным графіку на “Славянскім базары” працавалі тэхнолагі аддзела грамадскага харчавання, а таксама пазменна некалькі прадаўцоў. “Заманьвалі” ж віцябчан і гасцей горада не толькі смачнымі стравамі, а і забаўляльнай праграмай, музычным суправаджэннем і дыскатэкай.

Запрашае  ўшацкі край

Рэкламавалі раён і работнікі культуры, якія ў рамках праекта-конкурсу “Беларуская гасціннасць” прэзентавалі брэндавыя мерапрыемствы, традыцыі, звычаі рэгіёну. Усіх, хто ў панядзелак прыйшоў на плошчу Свабоды, запрашалі ў адмысловую “Вандроўку па родным краі” з песнямі і танцамі. Падмацоўвалі ж уяўленне аб Ушаччыне пляцоўкі-выставы нашых арганізацый і прадпрыемстваў, сярод якіх былі Ушацкі лясгас, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, хлебапякарны цэх райспажыўтаварыства, санаторый “Лясныя азёры”, фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”.

Танцавальны марафон

Прадстаўнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці заяўлялі аб сабе на абласным турніры народных побытавых танцаў, які ў чарговы раз прайшоў у рамках “Славянскага базару”. Харэаграфічны конкурс з асаблівым нацыянальным каларытам сабраў больш за сотню ўдзельнікаў з розных куткоў Віцебшчыны. Гонар Ушаччыны на ім абаранялі ўдзельнікі Узорнага фальклорнага гурта “Спадчына”. Кожная пара, выконваючы некалькі танцаў, павінна была не толькі дакладна прадэманстраваць класічныя элементы, але і перадаць іх мясцовыя асаблівасці. Тром парам, якія выконвалі 10 побытавых танцаў, удалося “прабіцца” ў фінал, але, на жаль, не стаць пераможцамі. Акрамя конкурсу пар-выканаўцаў прайшло і спаборніцтва-батл харэаграфічнай імправізацыі. “Яблычка” ў выкананні Кірыла Шалыгі спадабалася як гледачам, так і строгаму журы, якое прысудзіла ўшачанам трэцяе месца.

У амфітэатр – калектывам

Не злічыць, колькі гасцей наведала за апошні тыдзень фестывальны Віцебск. Пабывалі на канцэртах і мерапрыемствах і сотні ўшачан – як сем’ямі, так і цэлымі калектывамі. Так, напрыклад, члены прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі адправіліся на канцэрт “Уверцюра да фестывалю: ад класікі да року”. Супрацоўнікі райвыканкама і рэдакцыі атрымалі шмат эмоцый ад праграмы “Саюзная дзяржава запрашае”, прысвечанай 50-годдзю легендарнага беларускага ансамбля “Песняры”. Работнікі ААТ “Ільюшынскі” “хварэлі” за маладых выканаўцаў у першы дзень адпаведнага конкурсу. А ўшацкія медыкі засталіся ў захапленні ад канцэрта-закрыцця фестывалю, паездку на які арганізавала іх прафсаюзная арганізацыя.

Жывуць традыцыі

“Горад майстроў” і “Задзвінскі кірмаш” – пастаянныя спадарожнікі творчага форуму ў Віцебску. Прадстаўнікі Дома рамёстваў і народнага клуба “Адраджэнне” штогод удзельнічаюць у ім з выставамі і майстар-класамі. Сёлета яны таксама прадавалі свае работы, выкананыя ў розных тэхніках. На “ўра” разыходзіліся арыгінальныя драўляныя вырабы ў выкананні Сяргея Іўліева і Руслана Ярыгі, малюнкі на спілах Вольгі Мурашовай, распісная кераміка Ірыны Радзевіч. Менавіта да ўшацкай палаткі падыходзілі тыя, хто шукаў вышыванкі з сімволікай Беларусі, іншай патрыятычнай атрыбутыкай. Папулярнасцю карысталася сувенірная прадукцыя з бісеру і саломкі.

Своеасаблівым “тварам” кропкі ўшацкіх майстроў стала прыгожае пано з надпісам “Ушачы”, выкананае ў тэхніцы лапікавае шыццё.

– Працавала над ім некалькі дзён, а дакладней начэй, – кажа аўтар работы, вопытная швачка Валянціна Мугака. – Тканіну купляла ў Полацку, паколькі патрабаванні да яе прад’яўляла асаблівыя – і па колеры, і па якасці. Вынікам я задаволена – прыемна, што многія просяцца сфатаграфавацца на фоне вырабу.

“Ажурныя мары”

А яшчэ нашы землякі ўдала бліснулі талентамі ў некалькіх творчых праектах. Напрыклад, Святлана Півульская стала ўладальніцай дыплома трэцяй ступені ў конкурснай праграме “Ажурныя мары”. Выцінанкі ў яе выкананні не пакінулі раўнадушнымі членаў журы і ўсіх тых, хто цікавіцца гэтым відам мастацтва.

– Не лічу сябе асам у такой карпатлівай справе, – сціпла зазначае жанчына. – Пачала займацца гэтым усяго некалькі месяцаў назад, удасканаліць жа навыкі дапамаглі адмысловыя курсы, якія прайшла напярэдадні.

Падрыхтавалі Вольга КАМАРКОВА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *