Ясли-сад №3 активно готовится к открытию после реконструкции

Общество

Усё менш часу застаецца да пачатку новага навучальнага года – і ўсё больш пытанняў з’яўляецца ў бацькоў дашкольнікаў па адкрыцці пасля капітальнага рамонту ясляў-сада №3 г.п.Ушачы. Звонку аб’ект усё яшчэ нагадвае будоўлю – з працуючымі кранамі, раскапанымі траншэямі, горамі пяску. Ці будуць работы завершаны да канца жніўня? Адказ на гэтае пытанне мы шукалі на месцы са спецыялістамі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна і ПМК-66.

Як нам расказаў дырэктар УКБ А.Лосеў, першапачаткова на ўсе віды работ планавалася патраціць 2 мільёны 88 тысяч рублёў. Аднак праведзеная па ходзе аптымізацыя – устаноўка наяўнага абсталявання годнай якасці, нязначнае змяншэнне колькасці малых архітэктурных форм і больш “сціплае” добраўпарадкаванне – дазволіла зэканоміць 220 тысяч. Большая частка гэтых сродкаў ужо асвоена.

Будынак у прыгожых колерах з перавагай сонечнага жоўтага, несумненна, парадуе дзетак і іх бацькоў. Не менш цёплых фарбаў – і ў памяшканнях установы (іх частка зноў будзе аддадзена пад дзіцячы сацыяльны прытулак, размесцяцца тут і два першыя класы Ушацкай школы, чатыры садаўскія групы), дзе ўжо завершаны ўсе чарнавыя работы, падрыхтаваны і вымыты групавыя пакоі. У апошніх, дарэчы, ужо пачала з’яўляцца мэбля. За яе зборкай і засталі работнікаў аддзела па адукацыі райвыканкама А.Шэўчанку і С.Федарэнку.

– Пакуль падвозу школьнікаў няма, займаемся такой карыснай справай, – кажуць слесар і вадзіцель школьнага аўтобуса. – Усе шафкі, сталы – трывалыя, прыгожыя. Займацца малым будзе зручна.

На ўнутраных работах задзейнічаны зараз работнікі Шумілінскага ПМК-70, якія займаюцца ўстаноўкай сантэхнічнага і электрычнага абсталявання, сцелюць лінолеум. Ушацкія будаўнікі заняты на ўцяпленні вентканалаў, даводцы адліваў, абсталяванні пажарных выхадаў. Тэматычныя альтанкі ўстанаўліваюць прадстаўнікі субпадраднай арганізацыі “Мірамед” з Наваполацка – на металічных канструкцыях вось-вось з’явіцца прыгожае полікарбанатнае пакрыццё. Добраўпарадкаванне ж ля будынка – справа рук работнікаў аддзела па адукацыі.

– Ужо завезлі чарназём, устанавілі бардзюры пад кветнікі, якія маюць розныя формы і нават “украпіны” ў выглядзе бярозак і кустоў бэзу, што раслі тут дагэтуль, – расказвае загадчык ясляў-сада С.Лёля. – Хутка высадзім кветкі і газонную траву. Застанецца давесці да толку спартыўную пляцоўку і стацыянарны аўтагарадок для вывучэння дзеткамі правілаў дарожнага руху.

На сённяшні дзень у работах па капітальным рамонце ўстановы задзейнічана звыш 50 чалавек. І гэтую колькасць у бліжэйшы час плануецца павялічыць яшчэ на 20-30.

– Працаваць гатовы з раніцы да ночы, – запэўнівае прараб ПМК-66 А.Скок. – Да 1 верасня абавязкова паспеем!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *