Новый школьный автобус появился в отделе образования, спорта и туризма райисполкома

Общество

Сучасны і камфартабельны транспартны сродак для падвозу дзяцей з’явіўся напрыканцы 2017-га ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама дзякуючы праграме “Школьны аўтобус”, якая рэалізуецца на сродкі Банка развіцця Беларусі. МАЗ 257S30 на 32 пасадачныя месцы замацаваны за Ільюшынскай школай. Раней аўтобус ездзіў туды з Ушач і для дастаўкі ўсіх вучняў і дашкольнікаў са Старога Сяла, Жараў, Вашкова быў вымушаны рабіць некалькі рэйсаў. Цяпер сітуацыя значна спрасцілася: новы транспарт знаходзіцца непасрэдна ў аграгарадку і забірае ўсіх дзяцей за раз, што дазваляе эканоміць час і паліва – маршрут скараціўся прыблізна на 25 кіламетраў.

Аўтобус абсталяваны сістэмамі відэанагляду і рэгістрацыі, абмежавання хуткасці. Узровень шуму ў салоне зніжаны за кошт дадатковых шумапаглынальных матэрыялаў. Сядзенні для дзяцей аснашчаны чатырохкропкавымі рамянямі бяспекі, маюцца багажныя паліцы для рукзакоў. Для самых маленькіх пасажыраў прадугледжана высоўная дадатковая прыступка. Таксама ў аўтобусе ўстаноўлена знешняя гучная сувязь і мультымедыйныя сістэмы, каб можна было заняць дзяцей у дарозе.

– Раніцай на цэлую гадзіну даўжэй паспаць можна. І раней дадому вярнуцца! – дзяліліся з намі радасныя вучні. – Лепшага варыянта, каб дабрацца да школы, і не прыдумаеш – прыгожа, цёпла, камфортна!

Зрэшты, гэта не адзіны “навічок” у аўтапарку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яшчэ адзін аўтобус, набыты за зэканомленыя ўласныя сродкі, зменіць “узроставага” папярэдніка. Зараз тэхніка праходзіць неабходнае афармленне і ў бліжэйшы час выедзе на маршрут.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *