Первый звонок в Косарской школе

Общество

Школьны званок… Першы ўрок… Вось і пачаўся новы 2010-2011 навучальны год. У сераду хлопчыкі і дзяўчынкі селі за парты ўсіх агульнаадукацыйных устаноў раёна. Школы, загадзя падрыхтаваныя да прыёму вучняў, гасцінна расчынілі свае дзверы. Святочны і хвалюючы настрой быў у настаўнікаў, навучэнцаў і бацькоў. Асабліва ў тых, хто прыйшоў першага верасня ў абноўленую, “рэфармаваную” навучальную ўстанову – у Касарскую ДАСШ-дзіцячы сад.

 

 

 

Сёлета быў выкананы вялікі аб’ём работ па рамонце, добраўпарадкаванні, азеляненні і эстэтычным афармленні ўстановы адукацыі. На падрыхтоўку школы да новага навучальнага года было затрачана сем мільёнаў рублёў, пяць з якіх – спонсарская дапамога настаўнікаў і работнікаў навучальнай установы, астатняе – сродкі спецрахунку. Часткова адрамантаваны дах, зроблены касметычны рамонт класных кабінетаў, спартыўнай залы, бібліятэкі, прыведзены ў парадак школьная тэрыторыя і прышкольны ўчастак.

У гэтым годзе ў сувязі з малой напоўненасцю адбыўся перавод садавай групы з будынка дзіцячага сада ў будынак школы. Гэта той выпадак, калі навасёлы – а гэта сямёра дашкольнікаў і столькі ж першакласнікаў – дакладна не будуць пакутаваць ад настальгіі па старым “месцы жыхарства”: у школе зроблены бягучы рамонт гульневага пакоя і спальні, заменены ўваходныя і міжпакаёвыя дзверы, санітарна-тэхнічнае абсталяванне. Выкананы ў поўным аб’ёме электрамантажныя работы ў памяшканнях. Для арганізацыі харчавання дашкольнікаў пераабсталявана школьная сталовая. Набыты газавая пліта, пральная машына-аўтамат, воданагравальнік. Усяго на перавод дзіцячага сада ў памяшканне школы з раённага бюджэту было выдзелена 12 мільёнаў рублёў. Трэба адзначыць адказнасць, стараннасць усяго педагагічнага калектыву Касарской школы-дзіцячага сада і, у прыватнасці, дырэктара Міхаіла Пятровіча Хоміча, якія актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні названых работ, сваімі сіламі падрыхтавалі школу да новага навучальнага года.

Першага верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё дзіцячага сада, на якім прысутнічалі намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама В.І.Карчэўская, дырэктар КУСГП “Вялікадолецкае” І.П.Дарошчанка, метадыст раённага аддзела адукацыі Л.В.Давыдава. Дырэктар школы правёў для ўсіх прысутных невялікую экскурсію па абноўленых памяшканнях. І ўжо першы ўрок “Беларусь – краіна маёй будучыні” прайшоў у адрамантаваных, утульных класах, ад чаго настрой у вучняў быў прыўзняты.

У будынку, дзе раней быў дзіцячы сад, зараз знаходзяцца клуб, бібліятэка, аддзяленне “Беларусбанка”. У хуткім часе тут будуць адкрыты пошта і ФАП. Такое размяшчэнне сацыяльных службаў у адным месцы вельмі зручнае для жыхароў вёскі, яны прызнаюцца, што нават у марах не маглі ўявіць сабе гэтага. Такім чынам, пераход дзіцячага сада ў будынак школы ў Касарах стаў радасным момантам не толькі для вучнёўскага складу ўстановы адукацыі.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку:

падчас адкрыцця дзіцячага сада ў Касарах.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *