Стройка начинается…с цифр. С обязанностями главного бухгалтера УКСа успешно справляется Марина Ладик

Ими гордятся

Будоўля пачынаецца… з лічбаў

У праўдзівасці гэтага выслоўя ўпэўніліся падчас наведання ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна і, у прыватнасці, кабінета галоўнага бухгалтара М.В.Ладзік. Пухлымі папкамі з дакументамі закладзены стол і вялізная шафа, кожныя 10-20 хвілін паступаюць тэлефонныя званкі, заходзяць людзі – адны мяркуюць заключыць дагавор і стаць дольшчыкамі новага шматкватэрнага дома, другія цікавяцца ўмовамі льготнага будаўніцтва ў прыватным сектары, трэцім тэрмінова патрэбна справаздача па асваенні грашовых сродкаў… Спакой Марыне Вікенцьеўне, як у вядомай песні, толькі сніцца. Асабліва зараз, калі ў раёне вядзецца будаўніцтва адразу чатырох знакавых аб’ектаў, заказчыкам якіх з’яўляецца іх упраўленне.

Некалі ўраджэнка горада Полацка па прыкладзе сваёй цёткі – выкладчыка замежнай мовы – марыла звязаць свой лёс з педагогікай. Вось толькі ў старэйшых класах зацікавілася дакладнымі навукамі, фінансамі – і пасля заканчэння школы паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум, атрымала спецыяльнасць бухгалтара. Пачынала працоўны шлях у аддзяленні Белдзяржстраха ў Полацку. Калі ж 20 гадоў таму выйшла замуж і пераехала ў наш раён, уладкавалася на льнозавод, дзе на працягу 12 гадоў была бухгалтарам і галоўным бухгалтарам, а пазней – у райбальніцу.

– З Ушачамі была знаёма з маленства: мая маці адсюль родам, а ў бабулі ў Федаронках я заўсёды праводзіла шмат часу, – расказвае Марына Вікенцьеўна. – Таму ехаць сюды за сваёй другой палавінай ніколькі не баялася. Тым больш што праблем з жыллём не было: на вуліцы Віцебскай у райцэнтры закладваўся шматкватэрны дом, а чарга мужа на кватэру якраз падыходзіла.

Ва ўпраўленне капітальнага будаўніцтва М.В.Ладзік прыйшла пяць гадоў таму. Не маючы дагэтуль “зносінаў” з будаўнічай галіной, ва ўсіх тонкасцях у рэжыме нон-стоп давялося разбірацца– чытала адмысловую літаратуру, пераглядала дакументацыю папярэдніх гадоў, наладжвала кантакты з калегамі з іншых раёнаў. Дарэчы, не абмяжоўвалася выключна бухгалтарскімі справамі – знаёмілася і з тэхналагічным працэсам.

– У пэўным сэнсе я не толькі галоўны бухгалтар, але і юрыст, інжынер па тэхнаглядзе і нават псіхолаг, – зазначае субяседніца. – Штодня кантактую з вялікай колькасцю людзей: падрадчыкамі і субпадрадчыкамі, дольшчыкамі, супрацоўнікамі райвыканкама, падатковай інспекцыі.

Усе фінансавыя дакументы па будаўніцтве жыллё­вага комплексу, аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння і гаспадарчай дзейнасці праходзяць праз галоўнага бухгалтара. Ёю складаюцца разлікі, адкрываюцца спецрахункі, улічваюцца выдаткі, вядзецца работа з “Беларусбанкам” па адкрыцці крэдытных ліній. Са сваёй “правай рукой” – вядучым эканамістам – выязджаюць і на будаўнічыя аб’екты, праводзяць інвентарызацыю. Перад здачай фізкультурна-аздараўленчага комплексу, напрыклад, трэба было прыняць кожную адзінку мэблі, спартыўнага, кухоннага і іншага абсталявання, а іх было некалькі тысяч!

Не без удзелу Марыны Вікенцьеўны, прозвішча якой па выніках работы за 2018 год занесена на раённую Дошку гонару, упраўленне капітальнага будаўніцтва пад кіраўніцтвам Аляксандра Сяргеевіча Лосева знаходзіцца на добрым рахунку як на Ушаччыне, так і ў вобласці.

М.В.Ладзік любіць сваю справу, дзеліцца вопытам, дапамагае парадамі маладым калегам. Вольны ж ад работы час стараецца праводзіць з блізкімі, радуе іх смачнымі стравамі з прадуктаў, вырашчаных на прысядзібным участку.

– Сям’я – гэта маё ўсё! – кажа жанчына. – Вельмі ганаруся дачушкамі, маімі памочніцамі і актывісткамі. Старэйшая Аліна ажыццявіла маю мару – сёлета скончыла філалагічны факультэт Полацкага дзяржуніверсітэта і хутка пачне выкладаць дзецям замежную мову. Малодшая Наталля паступіла на бюджэтную форму навучання ў Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка.

У Марыны Вікенцьеўны ёсць дзіўная здольнасць: у любым месцы, у любой сітуацыі ствараць вакол сябе добразычлівую, цёплую атмасферу. А гэта дапамагае і ў рабоце, і ва ўласным жыцці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *