На Ушаччине прошёл ещё один районный субботник

Благоустройство

Аб’ектаў, дзе патрабуецца гаспадарская рука, на Ушаччыне нямала, аднак падчас правядзення раённага суботніка галоўныя працоўныя сілы былі накіраваны на добраўпарадкаванне месцаў, што знаходзяцца на віду і ствараюць першае ўражанне пра наш рэгіён. Размова ідзе пра буйныя дарогі і мясцовасць, што да іх прылягае. Абкосам травы, высечкай і выкарчоўкай неахайных зараснікаў займаліся камунальнікі і лясгасаўцы, газавікі і дарожнікі.

Работнікі розных арганізацый знішчалі баршчэўнік у населеных пунктах і наводзілі парадак на грамадзянскіх могілках. Так, напрыклад, у Лутаве давялося ўбачыць дружную каманду з філіяла “Сарочына” Віцебскага КХП. “На гэтым участку працуем неўпершыню. Летась наводзілі парадак непасрэдна на могілках, на мінулым суботніку ссякалі хмызняк, было задзейнічана тры адзінкі тэхнікі, сёння ж спальваем вецце і абкошваем тэрыторыю. Раней таксама займаліся добраўпарадкаваннем ваўчэнскіх могілак”, – расказаў пра фронт работ інжынер-энергетык філіяла Аляксандр Арцямёнак.

У план мерапрыемстваў суботніка неспадзявана дадаў новых пунктаў ураган, што прайшоўся па раёне якраз напярэдадні. Вынікам разгулу стыхіі сталі сотні паваленых дрэў, абарваныя правады, сапсаваныя дахі як прыватных, так і сельскагаспадарчых пабудоў. Ля дарогі ў Чарсцвядах вецер, напрыклад, знёс інфармацыйны стэнд, што пазначае межы тэрыторыі Глыбачанскага лясніцтва, і яго работнікі Аляксандр Смаляк і Аляксандр Агідулін устанавілі новы знак. “Сёння ў нас напружаны графік: зараз завершым гэту работу і паедзем на другі ўчастак, дзе трэба ўбраць паваленыя дрэвы”, – патлумачылі мужчыны. Насваволіў буран і ў самой Глыбачцы: у бярозавым гаі на ўездзе ў аграгарадок палягло каля чатырох дзясяткаў дрэў – хапіла спраў для работнікаў прыватнага прадпрыемства “Ніксілбуд”, якія займаліся ліквідаваннем гэтых наступстваў. Трэснула і завісла над дзіцячай горкай вялікае дрэва ў скверы ва Ушачах, таму падчас суботніка брыгада электрыкаў і цеплатэхнікаў УП ЖКГ займалася дэмантажом атракцыёна, які будзе адноўлены, калі ліквідуюць небяспечную таполю.

“На нашай тэрыторыі дрэвы, на шчасце, устаялі, але нападала шмат сучча”, – патлумачыла загадчык інфекцыйнага аддзялення райбальніцы Вольга Ярмош, якая разам з калегамі і маленькім сынам Максімкам наводзіла парадак ля бальнічных карпусоў.

А ля будынка, што праз дарогу, шчыравала ў гэтую раніцу больш сотні чалавек: работнікі аддзела па адукацыі размяркоўвалі грунт па аб’ектах вялікай тэрыторыі ля дзіцячага сада №3, будаўнікі ўкладвалі плітку. Усе працавалі дружна і “з аганьком” – некаторыя нават у прамым сэнсе слова: наўкол разляталіся іскры ад зварачных апаратаў наваполацкіх мантажнікаў, якія ўстанаўлівалі металічныя каркасы альтанак.

Вялікі аб’ём работ быў выкананы і на сяле. Так, напрыклад, у Ільюшыне прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі пачалі разборку старога будынка клуба. Ва ўсіх аграгарадках і многіх вёсках работнікі арганізацый, шэфы і мясцовыя жыхары займаліся добраўпарадкаваннем, уносілі сваю лепту ў тое, каб наш раён выглядаў акуратна і прывабна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *