Ушаччина отпраздновала День Победы

Главное Общество

Ушаччына сустрэла 79-ю пераможную вясну. У гэтыя майскія дні мы з удзячнасцю ўспамінаем тых, хто абараняў нашу Радзіму і радуемся спакойнаму, размеранаму жыццю. Традыцыйна да гэтага дзяржаўнага свята ў нашым раёне прымяркоўваецца шмат знакавых мерапрыемстваў.

З раніцы 9 мая ўшачане працоўнымі калектывамі, сем’ямі з кветкамі і букетамі ішлі да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы па Савецкай. Кожны раз мітынг у гэтым месцы атрымліваецца ўрачыстым і шчымлівым адначасова. “Гераічная ўшацкая зямля – прыклад мужнасці і стойкасці, яе жыхары пераадолелі цяжкія выпрабаванні і ўнеслі свой уклад у Перамогу. Наш абавязак – памятаць, якой цаной яна была заваявана, а лепшая памяць – гэта вернасць Радзіме”, – падкрэсліў у сваім віншаванні кіраўнік раёна Сяргей Садоўскі. Нягледзячы на тое, што шырока адзначалася 80-годдзе прарыву варожай блакады 1 мая, на “Прарыве” таксама напярэдадні прайшоў мітынг і ўскладанне кветак. Да позняга вечара ля мемарыяла спыняліся машыны, а людзі ішлі ўшанаваць памяць загінуўшых.

Пакідаюць нас ветэраны вайны, і эстафету ў патрыятычным выхаванні моладзі пераймаюць героі менш аддаленых па часе баталій. Актыўны ўдзел у свяце прынялі воіны-інтэрнацыяналісты, тым больш што ў праграме мерапрыемстваў Дня Перамогі быў яшчэ адзін урачысты момант: нашым землякам – ветэранам афганскай вайны – уручаны медалі “35-год вываду савецкіх войскаў з Афганістана”. Павіншаваў іх ваенны камісар Лепельскага і Ушацкага раёнаў Андрэй Пухальскі.

У Віцебскай вобласці пражываюць 137 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Самаму старэйшаму, жыхару Бешанковіч – 103 гады. Векавы юбілей адзначылі ўжо 80 прадстаўнікоў гэтай слаўнай кагорты. Ва Ушацкім раёне, на жаль, не засталося ў жывых ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай.

Прэзідэнт Беларусі не раз падкрэсліваў, што наша краіна самая мірная і не збіраецца ні з кім ваяваць, аднак у выпадку пагроз зможа даць адпор. Ва Узброеных Сілах нядаўна прайшла праверка баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей, у якой прынялі ўдзел у тым ліку ваеннаабавязаныя ўшачане з запасу. 9 мая старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Садоўскі ўручыў ім лісты-падзякі за ўзорнае выкананне абавязкаў, прыкладную вайсковую дысцыпліну і вернасць воінскаму абавязку, праяўленую ў мерапрыемствах па праверцы мабілізацыйнай гатоўнасці воінскіх часцей.

Сімвалічна, што да Дня Перамогі сёлета было прымеркавана і адкрыццё раённай Дошкі гонару, на ёй з’явіліся імёны 18 перадавікоў і 7 прадпрыемстваў. Як заўсёды няпроста вызначыць лепшых з лепшых. Сярод працоўных калектываў ваганняў не было хіба што ў намінацыі “Прамысловасць”: за апошнія шэсць год ужо чацвёрты раз вылучаецца філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. У 2023-м на прадпрыемстве вялася рэалізацыя інвестпраекта, у прыватнасці, грунтоўная мадэрнізацыя вытворчасці бялкова-вітамінных дабавак, будаўніцтва цэха па перапрацоўцы сыравіны. Пры гэтым вытворчасць не спынялася, а выпуск прадукцыі павялічыўся на 8%.

У многім дзякуючы санаторыю “Лясныя азёры” выкананы паказчык па экспарце паслуг, ва ўшацкую здраўніцу з задавальненнем едуць беларусы і расіяне не толькі летам, а і ў любую пару года, вось і зараз на цёплы сезон ужо даўно раскуплены пуцёўкі. Заслужана ў ліку лепшых сярод арганізацый і Арэхаўская школа. Пра высокі ўзровень кажуць не толькі перамогі ў розных конкурсах, а і тое, што 9 педагогаў установы – яе выпускнікі. Добрымі вынікамі за мінулы год можа пахваліцца УП ЖКГ, а таму калектыў заслужана аказаўся ў ліку лепшых арганізацый. На ўрачыстым мерапрыемстве асаблівы настрой быў у работнікаў лясгаса: на Дошку гонару ў чарговы раз занесена прадпрыемства, а таксама адразу два работнікі – Генадзь Коршун і Алег Харэвіч. Не могуць дазволіць сабе майскіх выхадных аграрыі, аднак для Аляксандра Малахава кіраўніцтва “Глыбачан”, канечне ж, зрабіла выключэнне, у скарбонцы аднаго з лепшых механізатараў з’явілася яшчэ адна ўзнагарода. Прыемна, што ў гэтай няпростай сельскагаспадарчай намінацыі быў і малады працаўнік – трактарыст-машыніст “Сафійскіх дароў” Артур Карабань.

У кожнага з намінантаў была свая група падтрымкі, самыя прадстаўнічыя, напэўна, з калектываў Ушацкага ўчастка “Полацкводаканала” і райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія радаваліся за сваіх калег – Віталя Маісеенку і Антона Аўдошку.

Віншавала лаўрэатаў і ўручала адпаведныя пасведчанні член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Марковіч. Яна выказала словы ўдзячнасці ўсім старанным працаўнікам, падкрэсліла, што ўсё, чым ганарыцца Ушаччына, вынік агульных намаганняў. Наперадзе шмат планаў, для камфортнага жыцця і развіцця патрэбны плённая праца і дысцыпліна.

Праграма дня была насычана падзеямі, цікавымі для людзей рознага ўзросту. Запрашаў усіх на экскурсіі музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, на кінафільмы пра вайну – цэнтр культуры і народнай творчасці. Поўніўся звонкімі галасамі гарадскі сквер, дзе працавалі атракцыёны, гульнявыя і тэматычныя пляцоўкі, на стадыёне тым часам ладзіліся спартыўныя мерапрыемствы.

А ўвечары ў раённым Цэнтры культуры ўшачан сабраў канцэрт “Пераможны май”, у фінале якога артысты і зала разам праспявалі легендарны хіт “Дзень Перамогі”.

Чарговае 9 Мая стала гісторыяй. І як жа выдатна, што сучаснае пакаленне беларусаў пра вайну ведае толькі па кнігах, фільмах ды расказах. Дык няхай жа мірнае неба над нашай краінай будзе заўсёды!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *