На пути модернизации: УП ЖКХ Ушачского района оборудовало первую котельную на пеллетах

Общество

На ўчастку УП ЖКГ у Астравенцы давялося пабываць два гады таму, калі рабочыя замест старой цеплатрасы ўкладвалі тут надзейны і эканамічны ізапрафлекс. Сёлета ж дайшла чарга і да наступнага этапу мадэрнізацыі: адслужыўшы свой век вадагрэйны кацёл замянілі два сучасныя, што працуюць на пялетах.

Брыгада цеплатэхнікаў прадпрыемства правяла ўсе неабходныя работы: зрабіла мантаж трубапровадаў, устанавіла катлы, кантрольныя прыборы, помпы і іншае абсталяванне. У чацвер жа мы засталі ў кацельні слесара па кантрольна-вымяральных прыборах УП ЖКГ Віктара Шыркевіча і прадстаўніка віцебскай фірмы “КВПтэрманаладка” Максіма Сударагіна, якія займаліся наладачнымі работамі. “Пялетныя катлы гродзенскай кампаніі “БелКомін” зараз устанаўліваюць у многіх раёнах: нядаўна, напрыклад, праводзілі іх наладку ў Глыбоцкім, Лепельскім, Чашніцкім, – расказвае Максім. – Галоўныя іх перавагі – энергаэфектыўнасць і аўтаматычны рэжым работы. Зрэшты, пры неабходнасці кацёл можна перавесці і на ацяпленне дрывамі, праўда, з’явіцца больш ручных аперацый”.

Пры выкарыстанні ж пялетаў аператару давядзецца ўсяго пару раз у тыдзень загружаць іх у бункер, а потым толькі сачыць за паказаннямі прыбораў. Камп’ютар сам вызначыць тэмпературу навакольнага асяроддзя і задасць патрэбны рэжым работы, паліва ж паступае ў топку праз спецыяльны шнэкавы канвеер аўтаматычна.

Апроч відавочных пераваг ёсць у пялетных катлоў і важкі мінус – даволі дарагі кошт паліва (зараз вытворцы рэалізуюць пялеты прыкладна па 300 рублёў за тону, тады як дровы абышліся б у разы дзешавей). Аднак майстар участка кацельні і цеплавых сетак УП ЖКГ Анатоль Мікалаевіч Мартыновіч, які ў гэты дзень кантраляваў працэс наладкі, патлумачыў, што перад тым як прыняць рашэнне наконт устаноўкі гэтага абсталявання, былі ўзважаны ўсе “за” і “супраць”. Плюсаў аказалася больш. На гэтай кацельні невялікая нагрузка: яна падае цяпло толькі ў два двухпавярховыя дамы, магутнасць жа старога катла складала 800 кВ – гэта куды больш, чым патрабавалася, таму эксплуатацыя была неэфектыўнай. Два новыя маюць сумарную магутнасць 190 кВ – гэтага цалкам дастаткова для ўчастка. Прыкметна большы ў іх каэфіцыент карыснага дзеяння – каля 90%.

Ну і грунтоўнай крыніцай эканоміі стане змяншэнне штату: дагэтуль у кацельні пазменна неслі вахту чатыры аператары, зараз жа застанецца толькі адзін. Хто менавіта гэта будзе – пакуль не вырашана. “Калі ўчастак давераць Вам, справіцеся з новым абсталяваннем?” – пытаюся ў Генадзя Іванавіча Арцямёнка. Той у адказ усміхаецца: “Думаю, праблем не ўзнікне: нездарма ж раней столькі год працаваў на рэтранслятары!” Да таго ж спецыяліст, што будзе абслугоўваць новыя катлы, пройдзе навучанне непасрэдна на працоўным месцы. Не апынуцца “за бортам” і астатнія работнікі: для іх падабралі вакансіі на іншых участках.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: Г.Арцямёнак, В.Шыркевіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *