Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Владимир Андрейченко провёл очередной приём граждан в Ушачах

Общество

У першы дзень лістапада старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка здзейсніў рабочую паездку ў наш раён, падчас якой правёў чарговы прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб.

Да Уладзіміра Паўлавіча паступіла адносна нямнога пытанняў – магчымасцю агучыць праблемы дэпутату скарысталіся некалькі чалавек. Датычыліся яны рознай тэматыкі. Напрыклад, пажылая жанчына цікавілася пра пераразлік сваёй пенсіі. З такім пытаннем яна звярталася ў розныя інстанцыі, дзе пацвердзілі, што стаж вызначаны дакладна, у тым ліку і на падставе архіўных дакументаў. А жыхар гарпасёлка прапанаваў старшыні Палаты прадстаўнікоў унесці змяненні ў заканадаўства аб дарожным руху – іх разгледзіць спецыяльная камісія, створаная з ліку дэпутатаў беларускага парламента. Па кожным звароце У.П.Андрэйчанка даў канкрэтныя тлумачэнні і рэкамендацыі грамадзянам, даручэнні кіраўніцтву раёна.

Заснавальнік аграфірмы “Райнбов-агро” С.Д.Маслюк прасіў у старшыні Палаты прадстаўнікоў дапамогі ў вяртанні запазычанасці – два гады таму пастаўлялі кармы ў Бешанковіцкі райаграсэрвіс, які за іх не разлічыўся. У.П.Андрэйчанка даручыў кіраўніцтву суседняга раёна вырашыць праблему ў сціслыя тэрміны. Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама С.І.Ціханёнак расказаў аб рабоце фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” – наш дэпутат заўсёды цікавіцца гэтым аб’ектам, пабудаваным пры яго падтрымцы. Мы ўжо паведамлялі, што кіраўніцтва раёна зараз выношвае планы па ўзвядзенні побач з комплексам гасцініцы, якая дазволіць павялічыць колькасць наведвальнікаў і тым самым павысіць самаакупнасць, якая, дарэчы, з’яўляецца адной з лепшых у краіне сярод падобных аб’ектаў. Сяргей Іванавіч агучыў планы пошуку інвестараў, у тым ліку і за кошт грантаў замежных фондаў, каб у выпадку будаўніцтва зменшыць нагрузку на бюджэт. Уладзімір Паўлавіч адобрыў работу ў гэтым напрамку, зазначыў, што вопыт такой дзейнасці ёсць, прынамсі ў суседнім Глыбоцкім раёне.

Пільная ўвага і клопат да патрэб і праблем сваіх выбаршчыкаў – характэрная рыса ўсёй дзейнасці нашага дэпутата. Уладзімір Паўлавіч рэгулярна наведвае сваю акругу, праводзіць прыёмы не толькі ў нашым, а і ў Докшыцкім, Глыбоцкім раёнах, стараецца дапамагчы кожнаму заяўніку. Асобныя праблемы ўдаецца вырашыць адразу, на некаторыя патрэбны час, а іншыя сітуацыі звярнуць на карысць грамадзян не ўяўляецца магчымым – закон ёсць закон, і У.П.Андрэйчанка пра гэта кажа людзям прама. Нагадаем, што толькі ў гэтым годзе дзякуючы садзейнічанню нашага дэпутата скончаны капітальны рамонт ясляў-сада № 3 у г.п.Ушачы, накіраваны сродкі на далейшую мадэрнізацыю цэнтральнай раённай бальніцы, рэканструкцыю дзіцячай школы мастацтваў. Наогул, добрыя справы з удзелам Уладзіміра Паўлавіча можна пералічваць доўга. А той факт, што з кожным годам на прыём да яго прыходзіць усё менш людзей, па меркаванні У.П.Андрэйчанкі, сведчыць у тым ліку і аб арганізаванай рабоце са зваротамі грамадзян з боку раённых улад.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *