Профилактическая работа с обязанными

Общество

У будынку Сарочынскага сельвыканкама ў чацвер, 9 верасня, у ліку запрошаных быў адмысловы кантынгент – асобы абавязаныя і бацькі з катэгорыі нядобранадзейных, тыя, хто патрабуе пастаяннага нагляду. Выязное пасяджэнне каардынацыйнага савета ў дадзеным выпадку – дзейсная, эфектыўная прафілактычная работа, якую праводзілі намеснік пракурора Віцебскай вобласці А.У.Чадзюк, прадстаўнікі мясцовай пракуратуры, міліцыі, сельвыканкама і іншых зацікаўленых службаў.

Пытанне выплаты абавязанымі асобамі сродкаў, выдаткаваных на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца ў дзяржустановах, пакуль не губляе сваёй актуальнасці. Яшчэ не ўсе ўсвядомілі меру адказнасці за сваіх дзяцей, непазбежнасць выканання абавязкаў, ускладзеных Дэкрэтам №18. Гэта, як правіла, выяўляецца ў заўзятым нежаданні працаваць. Такіх прыкладаў многа і па Сарочынскім сельсавеце. З 11 запрошаных на прыём – пяцёра маюць запазычанасць перад дзяржавай, аднак гэта акалічнасць ніколькі іх не турбуе. Яны сур’ёзна не ставяцца да абавязку працаваць, дапускаюць прагулы. Самае страшнае, напэўна, тое, што некаторыя бацькі, калі іх так можна назваць, нават не цікавяцца лёсам сваіх дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльным прытулку, у прыёмных сем’ях. Усе абавязаныя асобы былі папярэджаны аб крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад працы і пакрыцця запазычанасці дзяржаве. Яны не павінны ўжываць спіртныя напоі і абавязаны спраўна працаваць. Гэта было апошняе папярэджанне. Калі абавязаныя не будуць адносіцца да гэтага сур’ёзна, іх чакае ўзбуджэнне крымінальнай справы і накіраванне ў ЛПП.

Актуальным паняццем у апошні час стаў сямейны алкагалізм. На пасяджэнні разглядалася справа маці і дачкі, у якіх адначасова забралі дзетак у прытулак. Абедзве жанчыны не выплачваюць грошы на іх утрыманне ў дзяржустанове, не цікавяцца сумай запазычанасці. Малодшая наогул не прыкладае ніякіх намаганняў да таго, каб пайсці на працу, не збіраецца кідаць піць і забіраць дзяцей да сябе.

Алкагольная пераемнасць назіраецца яшчэ ў адной сям’і, дзе за нецвярозым сталом збіраюцца асуджаная маці з маладым сынам. Хлопец у свае дваццаць з невялікім гадоў ужо мае алкагольную залежнасць, прагульвае.

Былі разгледжаны таксама справы асоб з так званых нядобранадзейных сем’яў. Намеснік пракурора Віцебскай вобласці Аляксандр Уладзіміравіч Чадзюк спрабаваў давесці прысутным, што прадстаўнікі пракуратуры, работнікі міліцыі, медыкі не здолеюць выцягнуць з багны п’янства і злачыннасці тых, хто сам своечасова не адумаецца, не прыкладзе асабістых намаганняў да выхаду з тупіковага шляху. Тым больш, што асноўная частка правапарушальнікаў – людзі маладыя. Некаму хапіла папярэджанняў, каб выправіць свае памылкі, а для кагосьці вызначылі канкрэтныя тэрміны ў пратаколе (абавязковы зварот да ўрача-нарколага ці навядзенне парадку ў хаце). На работнікаў міліцыі і мясцовага сельсавета была ўскладзена місія рэгулярна праводзіць строгі кантроль за нядобранадзейнымі сем’ямі, за выкананнем нядбайнымі бацькамі абавязковых патрабаванняў пратаколу.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *