Почти полвека лечит маленьких пациентов Ушаччины Светлана Ивановна Ерашова

Ими гордятся

Пятага студзеня Святлана Іванаўна Ерашова спецыяльна планавала толькі невялікія хатнія справы. Ведала, што большую частку часу будзе прымаць віншаванні з нагоды юбілею. І хоць і пераканана педыятр, што ўрачы патрэбны выключна, калі нешта здарыцца, а на святы пра іх не прыгадваюць, тым не менш тэлефон не змаўкаў, а шчырыя словы казалі не толькі калегі і блізкія, але і бацькі яе пацыентаў. “Вы наш самы любімы доктар, самы шчыры чалавек, без Вас мы як без рук“, – дзякавала В.У.Байрамава, якая звярталася да Святланы Іванаўны і калі расціла сваіх дзяцей, і зараз, калі з’явіліся ўнукі. Не прамінулі пажадаць ёй усяго самага лепшага ў магазінах і на рынку – напярэдадні прачыталі ў “Патрыёце” пра круглую дату, ну а Святлану Іванаўну асабіста ведае кожны ўшачанін, які гадаваў дзяцей. Трапіўшы ў наш гарпасёлак па размеркаванні ў 1972 годзе, яна ўжо лечыць унукаў сваіх пацыентаў.

У час яе вучобы не існавала вузкай спецыялізацыі, выпускнікі Віцебскага медінстытута станавіліся тымі ўрачамі, якія патрабаваліся па месцы размеркавання. Аднак на шостым курсе педыятрыю ёй прадказала бабуля адной пацыенткі. “У Віцебску была моцная ўспышка грыпу, і нас накіроўвалі да хворых па дамах. Я скрупулёзна аглядала дзяўчынку, назначыла лекі, пасля чаго жанчына і прамовіла: “Быць табе педыятрам”, – успамінае Святлана Іванаўна.

Так і атрымалася. Ва Ушачах, пра якія ўраджэнка Полацкага раёна нават не ведала, на той час працавала толькі Феадосія Віктараўна Салаўянчык, ды непрацяглы час іншыя маладыя ўрачы. А дзяцей было больш за 10 тысяч. Маладога спецыяліста адразу прызначылі раённым педыятрам, хоць гэтая, пераважна адміністрацыйная пасада аказалася дадаткам да ўсіх асноўных абавязкаў. Прыём у паліклініцы, агляд пацыентаў дзіцячага і радзільнага аддзяленняў, выезд на ўчасткі, і толькі потым, увечары, афармленне ўсіх папер. Калі, канечне, няма начнога дзяжурства. Гэта ў двух словах, а вось падрабязная біяграфія С.І.Ерашовай – гэта гісторыя раёна.

Прыехала, калі яшчэ не было цяперашніх памяшканняў бальніцы, а дзіцячае, радзільнае і хірургічнае аддзяленні размяшчаліся ў драўляным аднапавярховым будынку на месцы сённяшняга “Беларусбанка”.

Пастаяннымі былі медыцынскія агляды вучняў, а школа – практычна ў кожнай вёсцы, чаго не скажаш пра дарогі. Адлегласць ад Пад’язна да Гушчынскай Слабодкі іх машына часта пераадольвала выключна з дапамогай трактара. А ў Старым Сяле Жарскага сельсавета педыятр памятае дом з саламяным дахам. Па чацвяргах машына медыкаў з поўным камплектам спецыялістаў рознага профілю накіроўвалася на ФАПы, дзе людзі прыходзілі на прыём.

Яшчэ не было прышчэпак супраць свінкі, якая давала цяжкія ўскладненні. Толькі ад воспы, што таксама складана пераносілі дзеці, ды адру. Была краснуха, вельмі небяспечная для плода цяжарных жанчын. Таму Святлана Іванаўна, якая ніколі не параіць лішняга, каб не нашкодзіць, не назначыць антыбіётыкаў без прычыны, абавязкова прыгадае народныя рэцэпты, усё ж стапрацэнтна за вакцынацыю дзяцей – бо памятае нават смяротныя зыходы.

Толькі ў радзільным аддзяленні раней было пад 20 немаўлят, у дзіцячым – 35. Пакуль зробіш абход, пад дзвярыма кабінета ў паліклініцы, зразумела, ужо чарга. І вельмі ўдзячная Святлана Іванаўна Марыі Андрэеўне Курбака, фельчару, якая працавала ў дзіцячым аддзяленні. “Кемлівая, хуткая, пакуль прыйду, яна распытае, хто з чым, выпіша патрэбныя накіраванні, і палова чаргі ўжо размеркавана. Яна мне вельмі дапамагала. У нас і зараз добры зладжаны калектыў. Нашы маладыя медсёстры Насці – Мамонава і Полазава ўніклі ў спецыфіку работы, а яна ў нас асаблівая, тую ж прышчэпку паспрабуй зрабі малому. Ну а з Нінай Васільеўнай Літвінавай мы працуем з 1982 года. Калі яна прыйшла, у раёне стала тры пастаянных педыятры. З ёй мы раімся заўсёды: і паслухаем разам малога, калі ёсць сумненні, і выбар лекаў абмяркуем. Гэта нармальна. Галоўнае, каб нашы падапечныя былі здаровымі.

С.І.Ерашова добра памятае свой пачатак – большасць спецыялістаў аказаліся ў адпачынку, і звярнуцца за падказкай не было да каго. Да самастойнасці і ахвяравання сабой у імя работы прывучыла і патрабавальная Ф.В.Салаўянчык. У іх і свае дзеці “не хварэлі”, бо не тое што на бальнічны, на дзень адпрасіцца было немагчыма. У самой жа Святланы Іванаўны амаль за 50-гадовы стаж адзінкавыя лісткі непрацаздольнасці. Ці добрая гэта характарыстыка? Як для ўрача – так, а вось як для маці…

“Калі нарадзілася першая ўнучка, я паехала ў Наваполацк праведаць, мяне пусцілі непасрэдна ў палату. Пазнаёмілася з малышкай, распытала нявестку і збіралася ехаць, бо заўтра ж на працу. Сын пакрыўдзіўся і сказаў, што ў мяне заўсёды на першым плане работа. Тады я засталася, паехала ранішнім аўтобусам, бо ён сказаў праўду: мацярынскай увагай ён быў абдзелены. Я не бачыла, як Аляксей вырас. На ранішніках – пару разоў, пакідалі ў бацькоў, калі прастываў Хаця і сама я вырасла, можна сказаць, без маці. Яна была акушэркай, здаралася, і суткамі прымала роды, у той час пераважна на доме. А аднойчы, памятаю, ёй на дапамогу акушэра-гінеколага даставілі на танку – больш ні на чым не даехаць. А колькі разоў нас будзілі сярод начы… так што да работы медыка я была гатова. І скончыўшы са срэбраным медалём школу, паспяхова здала свой адзіны экзамен па хіміі.”.

Акрамя нараджэння сына і ўнучак, знакавай для сябе падзеяй С.І.Ерашова лічыць удзел ва Усесаюзным злёце ўрачоў, што адбыўся ў 1988 годзе ў Маскве. З Віцебскай вобласці дэлегавалі ўсяго чалавек 6, з іх трое – яе аднакурснікаў. Там не было забаўляльнай праграмы, урачы з цікавасцю слухалі выступленні сусветных свяцілаў медыцыны і адчувалі значнасць сваёй справы.

– Ці прасцей Вам зараз, маючы вялікі вопыт, сустракаць падчас прыёму пацыентаў, – пытаюся ў Святланы Іванаўны.

– Наадварот. Хвалююся яшчэ больш. Хваробы мяняюцца, той жа грып мае столькі падвідаў. Дзеці ж сталі больш хваравітымі, шмат паталогій. Гэта няпраўда, што медыкі не ўспрымаюць чужы боль. Заўсёды перажываеш: і калі назначыш лячэнне, думаеш, як дапамаглі медыкаменты. І калі нават па тэлефоне парады просяць. Адкажаш – бацькам стала лягчэй, яны пераклалі на цябе цяжар, а ты наадварот пачынаеш перажываць, ці палягчэла.

У дзень яе нараджэння я стала сведкай, як мора людзей шчыра віншавалі сціплую, неканфліктную жанчыну, якая заўсёды навідавоку: і як спецыяліст, і як чалавек. Ва Ушачах не схаваешся. І ёй не сорамна сустракацца з людзьмі, большасць з якіх яна і сёння памятае па імёнах.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *