Следить за порядком возле подъезда теперь можно… через мобильник!

Общество

Ушацкія электрасувязісты без усякага перабольшвання ідуць у нагу з часам. Работы па пераключэнні на лічбавыя каналы сувязі, устаноўка новага абсталявання, пашырэнне паслуг насельніцтву вядуцца пастаянна. Таму ўсе навінкі “Белтэлекама” не прыходзяць у наш райцэнтр са спазненнем, а ўкараняюцца паралельна з буйнымі гарадамі. Не так даўно даступнай для ўшачан стала і паслуга “Відэакантроль”.

– З дапамогай гэтага сэрвісу жыхары шматкватэрных дамоў будуць у курсе таго, што адбываецца на прылеглай тэрыторыі, ля пад’ездаў, на дзіцячых пляцоўках, – тлумачыць начальнік Ушацкага ўчастка электрасувязі Аляксандр Уладзіміравіч Шакута, якога мы папрасілі расказаць аб перавагах новай паслугі. – “Відэакантроль” дае магчымасць у любы час падключацца да сістэмы, пры неабходнасці выкарыстаць запісы з архіва за 30 сутак, ажыццяўляць прагляд відэазапісу ў рэжыме онлайн і ў архіве праз інтэрнэт у любой кропцы свету, глядзець відэаінфармацыю з дапамогай спецыяльна распрацаваных праграм для любых прылад – камп’ютараў, планшэтаў і мабільных тэлефонаў з аперацыйнай сістэмай Android ці iOS.

Кошт паслугі для грамадзян цалкам прымальны – усяго 2,5 рубля ў месяц для абанентаў пакетаў лінейкі “ЯСНА” і 5 рублёў – для астатніх. Такім чынам, калі вы задумаліся пра бяспеку свайго веласіпеда ў пад’ездзе, аўтамабіля на стаянцы або парадку на дзіцячай пляцоўцы, трэба падаць заяўку ва Ушацкі ўчастак электрасувязі. Па словах А.У.Шакуты, для ўстаноўкі відэакамеры на шматкватэрным доме неабходна заява 8 уладальнікаў кватэр. Гэта могуць быць жыльцы аднаго пад’езда ці, напрыклад, 4 з аднаго, а палова – з суседняга. У такім выпадку камера настройваецца на фіксацыю агульнай тэрыторыі, але тым жыхарам, якія ад падключэння адмовяцца, доступ да прагляду відэаінфармацыі будзе забаронены. Пасля ўстаноўкі відэакамер карыстальнік мае магчымасць падключыць паслугу “Відэакантроль” з дапамогай мабільных дадаткаў “Мой Белтэлекам” (для персанальнага камп’ютара даступна web-версія па адрасе https://my.beltelecom.by/) ці “Відэакантроль”.

Карыстацца паслугай можа як насельніцтва, так і юрыдычныя асобы, прычым на любых аб’ектах: вытворчых, жывёлагадоўчых, мехдварах, прахадных, складах. Патрабаванне для заказчыка адно – наяўнасць доступу ў інтэрнэт з хуткасцю ад 3 да 5 Мбіт/сек. Для юрыдычных асоб расцэнкі больш высокія. Але як жыльцам шматпавярховак, так і прадпрыемствам спецыялісты “Белтэлекама” прапануюць паслугу “пад ключ”: за ўласны кошт праводзяць абследаванне будынкаў і тэрыторыі, мантаж сістэмы відэаназірання, забяспечваюць яе кругласутачную работу, перадачу інфармацыі па абароненых каналах у “воблака” і падтрымку карыстальнікаў. Усё абсталяванне перадаецца кліенту на час дзеяння дагавору.

Наяўнасць такіх сістэм відэаназірання з’яўляецца і сур’ёзным крокам у прафілактыцы супрацьпраўных паводзін грамадзян. Відэазапіс можна выкарыстоўваць для стварэння доказнай базы ў канфліктных выпадках, паколькі яна лічыцца атрыманай у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам – у месцах устаноўкі камер у абавязковым парадку размяшчаюцца адпаведныя папераджальныя таблічкі ці знакі.

Прадэманстраваў А.У.Шакута і карцінку з відэакамеры на адным з пад’ездаў дома па вуліцы Віцебскай – бачны стаянка з аўтамабілямі, дзіцячая пляцоўка, падыход да пад’езда. Прычым, малюнак добрай якасці, чытаюцца нумары аўто і пазнаюцца людзі, якія праходзяць праз двор. Падумалася, што пры дапамозе паслугі можна з работы або, нават не ўстаючы з канапы, прасачыць праз “мабільнік”, ці гуляюць дзеці ў двары дома або збеглі ў суседні – сваю назву сістэма відэакантролю цалкам апраўдвае.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *