Уроки физкультуры для старшеклассников Ушачской школы теперь проходят и в бассейне «Юность-Ушачи»

Cпорт Здравоохранение Наши дети

Праведзены нядаўна сярод вучняў Ушацкай сярэдняй школы медыцынскі агляд паказаў, што 13 працэнтаў старшакласнікаў маюць парушэнні паставы, астэахандроз, плоскаступнёвасць. Не дапусціць большасці падобных праблем, да таго ж загартаваць арганізм дапамагае плаванне. А дзякуючы Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які нядаўна ўступіў у сілу, вучні ўстаноў адукацыі могуць бясплатна наведваць мясцовыя фізкультурна-спартыўныя ўстановы дзяржаўнай уласнасці ў рамках вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе”. Менавіта таму з трэцяй чвэрці ўрокі фізкультуры ў вучняў 9-11 класаў Ушацкай школы праходзяць у басейне фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва”.

Аб’ём поўнага курса складае 22 гадзіны. Гэта тры этапы. Самы галоўны – першы, базавы: школьніка трэба навучыць трымацца на вадзе і ў цэлым зацікавіць плаваннем. Затым – асновы тэхнікі, развіццё вынослівасці. І нарэшце – авалоданне рознымі стылямі спартыўнага плавання.

… Ля тумбы для скачкоў пасля невялікай размінкі выстраіліся хлопцы з 11 “Б” класа. Плаваць умеюць усе, таму настаўнік В.В.Карабань робіць стаўку на тэхніку, дэманструе спосабы пагружэння ў ваду, дае неабходныя рэкамендацыі. Раздаецца свісток – і на дарожках па чарзе аказваецца кожны. Ідэальна, вядома, атрымліваецца не ва ўсіх, аднак гэта толькі павялічвае стымул амбіцыйных старшакласнікаў актыўна трэніравацца.

– У многім задае тон нашым заняткам Андрэй Бутоўскі, які вырас на плінскіх азёрах, – расказвае пра аднаго з навучэнцаў Віталь Васільевіч. – Толькі паглядзіце: 25 метраў ён пераадольвае ўсяго за 14 секунд, гэтую ж дыстанцыю спакойна праплывае і пад вадой. Выдатныя вынікі дэманструе таксама Міхаіл Васілеўскі са Строктаў.

Ажыўлена тым часам і на другім баку басейна, дзе з прадстаўніцамі прыгожай паловы класа зай­маецца Ю.П.Красілевіч.

– Акрамя авалодання адмысловымі навыкамі, “хвалююць” маіх падапечных і традыцыйна дзявочыя пытанні, скажам, як не сапсаваць шапачкай для плавання прычоску, паспець навесці “марафет” да выхаду з комплексу, – усміхаецца Юлія Пятроўна. – Шукаем адказы і на іх. Для вырашэння апошняга, напрыклад, крыху раней адпускаю дзяўчат з басейна.

– Наша галоўная задача – масавае навучанне школьнікаў правілам бяспечных паводзін на вадзе, заахвочванне іх здаровым ладам жыцця, – зазначае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Наталля Васільеўна Стрыжонак. – Спатрэбяцца набытыя ўменні і на такіх спаборніцтвах, як “Здароўе”, “Абаронца Айчыны” ў рамках круглагадовай спартакіяды, дзе плаванне з’яўляецца абавязковым відам.

Карысць падобных заняткаў пацвярджаюць і медыкі. Па словах інструктара-валеолага Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алы Васільеўны Нікіценкі, плаванне – універсальны від фізічнай нагрузкі, які пры ўмове рэгулярнасці ўмацоўвае сэрца, мышцы, імунітэт, трэніруе дыханне, здымае стрэс і нервовае напружанне.

Варта ўдакладніць, што ўрокі фізкультуры, што ладзяцца на базе “Юнацтва- Ушачы” ў будныя дні па вызначаным графіку (азнаёміцца з ім можна на афіцыйным сайце комплексу), не перашкаджаюць усім жадаючым наведваць басейн – вольныя дарожкі тут ёсць заўсёды.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *