«Горжусь своей малой Родиной!» Воспоминаниями о деревни Старина делится Нина Вусько

Год малой родины

Чым даўжэй жыву, тым часцей успамінаю мінулае. І ў Год малой радзімы захацелася прыгадаць пра сваю вёску Старына, каб не рвалася сувязь пакаленняў, каб нашчадкі ведалі сваіх продкаў. Іх жыццё – прыклад для нас усіх. Яны шмат працавалі, любілі сваю зямлю і радзіму, клапаціліся аб дзецях і ўнуках, заўсёды дапамагалі адзін аднаму і ніколі не скардзіліся на свой лёс. Я ганаруся як сваімі роднымі, так і ўсімі жыхарамі нашай вёскі.

Старына Вялікадолецкага сельсавета ў даваенны час была вельмі прыгожай, з доўгай брукаванай вуліцай на 130 ся­дзіб, якая пераходзіла ў дарогу і звязвала з аднаго боку Вялікія Дольцы, а з другога – Адворыцу. У цэнтры вёскі знаходзіліся маслазавод, яслі-сад, пачатковая школа – помню і першага свайго настаўніка Івана Рыгоравіча Барздзея. Недалёка ад гэтых аб’ектаў – пажарнае дэпо, каля яго ў пікера гуляла ўся старынская дзетвара. У кожнага быў кій, бляшанка з-пад кансерваў, якую ставілі на цагліну, чарцілі мяжу на пяску і білі… А які тады стаяў грук, крык, смех. У вайну ў гэтым памяшканні жыла мая дваюрадная цётка Наталля, маці будучай паэтэсы Еўдакіі Лось.

Цэнтр праўлення калгаса “Згода” размяшчаўся ў доме Трафіма Тумашавіча Волаха, а ў другім канцы – гонар любой вёскі – стайня, дзе былі і простыя коні, і пародзістыя рысакі. Маці расказ­вала, што мой дзядуля Мікіта Кірпіч быў паштавіком і вазіў у Віцебскую губерню лісты на тройцы коней, запрэжаных у карэту. А якую гаспадарку вялі жыхары вёскі! Трымалі кароў, авечак, свіней, але заўсёды знаходзілі час сабрацца на святы, ігрышчы, якія адбываліся ў доме Сцяпана Дзмітрыевіча Волаха, а потым Емяльяна Хамічонка, дзе цяпер жыве Аляксандр Іванавіч Хадан, старэйшына вёскі, былы паштальён. Самай заядлай спявачкай і танцоркай у вёсцы была Кацярына Дзмітрыеўна Казлоўская.

Нельга забыць і цудоўны сад дзядзькі Рыгора, з рознымі сартамі яблынь, груш, сліў, зрэшты, яны раслі ў кожнага гаспадара. А ў канцы дзядзькавага агарода біла крынічка і цёк ручай, дзе не адно пакаленне мясцовых жанчын паласкалі бялізну. Уздоўж ручая рос ляшчыннік і старынская дзетвара выразала з яго свісткі.

Мае бацькі Ульяна Мікітаўна і Барыс Ільіч Хамічонкі нарадзілі дзевяць дзяцей, але дзве пары блізнят-дзяўчынак памерлі ад “чорнай чумы” – воспы. Бацька быў першым старшынёй Вялікадолецкай воласці і паралельна вёў некалькі ўрокаў у Вялікадолецкай школе. Маці – хатняя гаспадыня, якая шмат часу займалася ткацтвам. Станок змайстраваў бацька сам, ён быў умельцам на ўсе рукі, як і многія мае землякі, якія маглі зваліць валёнкі, пашыць кажух, адрамантаваць абутак. Апошняе рамяство асабліва спрытна атрымлівалася ў Данілы Маркавіча Хамічонка – ён мог залатаць любы чаравік, і часта задарма. Мой дзядзька Васіль Ігнатавіч Кірпіч умеў рабіць калёсы, брычкі, і да вайны з іншымі майстрамі нават прымаў удзел у будаванні дачы паэта Янкі Купалы ў Ляўках.

А якімі мужнымі былі мае землякі. Вялікай павагай карыстаўся Кірыл Цярэнцьевіч Падворны, які прайшоў тры вайны, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны. Сын дзядзькі Арцёма быў ваенным камісарам у Чырвонай арміі, загінуў у Расіі, а дзядзькі Івана Васіль – намеснікам камісара партызанскай брыгады імя М.Ф.Гастэлы. Сваім дзедам, Макарам Сяргеевічам Гунько, які быў смелым партызанскім разведчыкам і геройскі загінуў, можа ганарыцца Валянціна Дзмітрыеўна Смаляк, якая і зараз жыве ў Старыне і працуе дырэктарам СДК у Вялікіх Дольцах. Іван Дзям’янавіч, Іван Фаміч і Мікалай Рыгоравіч Волахі, Аляксандр Фаміч і Іван Цімафеевіч Казлоўскія, Аляксандр Данілавіч і Раман Данілавіч Кісловы… У кнізе “Памяць. Ушацкі раён” змешчаны прозвішчы дванаццаці маіх землякоў, якія загінулі на фронце або прапалі без вестак.

А яшчэ мне думаецца, што ні адна вёска нашага раёна не можа пахваліцца такой колькасцю таленавітых і адукаваных людзей. Старына дала цэлую плеяду настаўнікаў, сярод якіх Людміла Сяргееўна Васюковіч – дацэнт кафедры беларускай мовы Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Машэрава, славутых ваенных – у званні генерал-маёра выйшаў у адстаўку Іван Андрэевіч Пепелка – партызан брыгады імя Панамарэнкі. Вядомых медыкаў – як унук Івана Ігнатавіча Кірпіча хірург-афганец Рыгор Іванавіч Аніскевіч. Еўдакія Дзям’янаўна Волах працавала ў Вялікадолецкай бальніцы, а яе брат хірург – у Сочы. У літаратурнай справе праславілі маю малую радзіму паэтэса Еўдакія Якаўлеўна Лось і паэт-гумарыст Міхаіл Канстанцінавіч Мірановіч. Яго бацька Канстанцін Сцяпанавіч быў участковым па Вялікадолецкім сельсавеце. Рана памёр і выхоўваць унука дапамагаў дзед Марка.

Мая ўнучка Ірына, якая працуе суддзёй у Чашніках, вельмі здзіўляецца сіле духу і волі сваёй прабабкі, маёй маці Ульяны, якая здолела даць усім дзецям сярэднюю і вышэйшую адукацыю, бо ў той час бясплатна можна было вучыцца толькі да 7 класа. Так, яна ў прамым сэнсе слова ахвяравала сабой, каб мы выжылі і вывучыліся. Бацька раптоўна памёр яшчэ ў 1935-м. Усе клопаты па гаспадарцы, аб пяцярых дзецях, а ў час вайны яшчэ і чацвярых дзецях брата Рыгора і старэнькай маці, маёй дарагой бабулі Арыны, леглі на плечы матулі. Чым маглі дапамагалі ёй браты Кірпічы – родныя Арцём і Рыгор, дваюрадныя Кузьма, Іван, Марка, Васіль (Ігнатавічы). Усе яны вызначаліся працавітасцю, добразычлівасцю, заўсёды збіраліся ра­зам і дапамагалі адзін аднаму. У дзядзькі Кузьмы сваіх дзяцей не было і ён часта прыходзіў да нас з цукеркамі і пучком лучыны для распальвання печы.

І мы выраслі. Брат Мікалай быў запатрабаваным тэхнолагам малочнай прадукцыі, сястра Алена да вайны працавала загадчыцай Вялікадолецкай пошты, а пасля сакратаром Вялікадолецкага сельсавета, у Вольгі 44-гадовы бухгалтарскі стаж спачатку ў Вялікадолецкім, а потым Касарскім лясніцтвах, яе імя не раз заносілася на Дошку гонару, яна ўзнагароджана медалём “За добрасумленную працу”.

Апусцела мая малая радзіма вёсачка Старына. Няма тых садоў і тых сартоў яблык, няма і дарагога сэрцу дзядзькі Рыгора, які загінуў у час вайны. Няма і яго сям’і, тых сядзіб, і іх гаспадароў. А іх дзеці разляцеліся па ўсёй Беларусі і нават за яе межы. Многія прыязджаюць на радзіму сваіх продкаў. З Мінска – унук майго дваюраднага дзядзькі Івана Ігнатавіча Кірпіча Сяргей Васільевіч. З Расіі – дзеці і ўнукі Мікалая Мілінчука, яны часта адпачываюць у вёсцы і заўсёды кажуць, што нідзе так не дыхаецца, як на роднай маці-зямліцы. А Еўдакія Лось у сваім вершы пісала: “І песня, што зямляк пяе, мацней за іншыя хвалюе”.

Нізкі палон маёй малой радзіме, маім продкам і землякам.

З павагай Н.Б.ВУСЬКО, в.Жаўніна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *