Дорожная тема относится к числу самых критичных. Вместе с руководством района мы проехали по ушачских дорогах

Общество

Калі аналізаваць пытанне задаволенасці насельніцтва нашага раёна якасцю паслуг, то адну з самых крытычных пазіцый зойме дарожная тэма. Прычым нараканні людзей датычацца як несвоечасовасці грэйдзіравання і падсыпкі гравіек, так і якасці праводзімых дарожнікамі работ. Каб глыбей прааналізаваць сітуацыю, разам з кіраўніком раёна У.Г.Аўдошкам мы праехаліся напачатку тыдня па ўшацкіх дарогах.

Пачалі ж маршрут з нашай “візітоўкі” – спарткомплексу “Юнацтва-Ушачы”. Калі аб’ект рыхтаваўся да здачы, асфальтаванне прылеглай дарогі і тэрыторыі было даручана ДРБУ-105 – на гэта з бюджэту выдзелілі 70 тысяч рублёў. Прайшло ўсяго два гады. І калі непасрэдна ля комплексу праезная частка і стаянкі выглядаюць нармальна (іх у хуткім часе пасля адкрыцця ў экстранным парадку перарабілі лепельскія дарожнікі), то ўчастак ад павароту з шашы да аб’екта ўжо фактычна знасіўся. “Не паспяваем латаць, вось бачыце, нават цэглай выбоіны закладваем, – паказвае на дарожнае палатно дырэктар УП ЖКГ С.Б.Завадскі. – Кіраўніцтва ДРБУ абяцала адрамантаваць няякасна зроблены ўчастак, але ж пакуль да справы не дайшло”.

“Чаму пакрыццё імгненна прыйшло ў непрыгоднасць? – разважае старшыня райвыканкама. – Не трэба быць спецыялістам, каб здагадацца, што нешта не па тэхналогіі было ці ў вытворчасці асфальту, ці ў выкананні работ – а хутчэй за ўсё, у абодвух кампанентах”.

Зрэшты, пра факты “тэхналагічных хібаў” работнікаў нашага галоўнага дарожнага прадпрыемства перыядычна паведамляюць і жыхары раёна: паступалі такія сігналы як у рэдакцыю, так і непасрэдна У.Г.Аўдошку. “Кідаюць асфальт прама ў гразь! Усё ж імгненна сапсуецца!” – скардзіліся па тэлефоне кіраўніку раёна жыхары Ляснеўшчыны, дзе летась дарожнікі рабілі ямкавы рамонт. Тады па гарачых слядах на месца выехалі прадстаўнікі райвыканкама і інцыдэнт каштаваў пасады спецыялісту прадпрыемства, які адказваў за выкананне работ. Пабывалі мы на ляснеўшчынскай дарозе і зараз: як і чакалася, прыкмет нядаўняга рамонту тут ужо амаль няма. І вельмі хочацца спадзявацца, што брыгада прадпрыемства, якую мы ўбачылі на дарозе Вяркуды-Глыбачка, дзе яна распачынала рамонтныя работы, на гэты раз выканае іх больш якасна.

Праехалі мы і па некаторых дарогах, на несвоечасоваць грэйдзіравання якіх часта паступаюць скаргі ад насельніцтва, а гэта, напрыклад, гравійкі на Мосар, Белае, Матырына, Завячэлле, Краснае, Малыя Дольцы, з Кубліч на Весніцк. Канечне, нельга сказаць, што тут нічога не робіцца: было, напрыклад, бачна, што па завячэльскай дарозе зусім нядаўна прайшоў грэйдар. Як зразумела і тое, што да гэтага ўчастка патрэбна асаблівая ўвага, бо транспарт тутэйшага жывёлагадоўчага комплексу вельмі хутка разбівае гравійку. Усе падобныя нюансы, па меркаванні старшыні райвыканкама, павінны быць улічаны пры складанні графіка абслугоўвання дарожнай сеткі, але само існаванне такога дакумента ў арганізацыі ва Уладзіміра Генадзьевіча выклікае сумненні – вось і працуюць дарожнікі не па плане, а “па выкліках” – нібыта тая выратавальная служба.

Безумоўна, мэта гэтай публікацыі зусім не ў тым, каб зганіць работу аднаго з самых запатрабаваных і паважаных прадпрыемстваў раёна. Колькі добрых слоў адрасуюць ДРБУ аўтамабілісты і пешаходы, калі карыстаюцца дагледжанымі дарогамі. Вось і зараз, напрыклад, мы з нецярпеннем чакаем заканчэння асфальтавання трасы з Ушач на Завячэлле, якая дазволіць скараціць шлях у бок сталіцы. Але ж і закрываць вочы на недахопы нельга. Зразумела, што станоўчаму вырашэнню большасці пытанняў перашкаджае недастатковае фінансаванне, аднак відавочна і тое, што прадухіліць многія прэтэнзіі дазволіла б захаванне тэхналагічных патрабаванняў і вытворчай дысцыпліны. Усё гэта адбіваецца на іміджы арганізацыі і, у сваю чаргу, уплывае на яе эканамічны стан. Вось і, паведаміўшы нам прыемную навіну пра тое, што сёлета плануецца пакласці паверхневы асфальт на некаторых вуліцах райцэнтра, старшыня райвыканкама дадаў: “Але ж вагаюся, ці можна даручыць гэтую работу нашай арганізацыі…”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *