Трудолюбивые и доброжелательные. Молодая семья Смоляк с удовольствием живёт и работает на малой родине

Всё начинается с семьи

Не сакрэт, што сельская моладзь часта мяняе малую радзіму на вялікія гарады, там ім падабаецца тэмп жыцця, культурны ўзровень, яны бачаць лепшыя перспектывы. Аднак не перавяліся ў нашым раёне і тыя, хто з задавальненнем жыве і шчыра працуе на вёсцы. Сярод іх – маладая сям’я Смаляк з аграгарадка Вялікія Дольцы.

“Паглядзіце, які коцік атрымаўся, падобны на нашага Дымка! Гэтыя вітражныя фарбы мне тата з мамай падарылі. А яшчэ мы разам складаем пазлы і чытаць любім, я ў школе 47 слоў за хвіліну прачытваю, а яшчэ падабаюцца ўрокі працы!” – пра сумесныя справы і свае захапленні шчыра рапартавала другакласніца Паліна, а бацькі Андрэй і Лілія з гонарам дадавалі не толькі пра яе цягу да вучобы, а і тое, што іх дачка сапраўдная памочніца. Зрэшты, да працы яны і самі прывучаны з дзяцінства.

Трэба сказаць, што з Андрэем і Ліліяй завочна знаёмыя многія нашы чытачы, бо за працоўныя дасягненні яны ўжо не раз траплялі на старонкі газеты. Калі завітаць на вялікадолецкія палеткі падчас любых сельскагаспадарчых работ, то на перадавой там абавязкова застанеш Андрэя Смаляка. Яму смела давяраюць збожжаўборачную тэхніку і магутны “Кіравец”. “Вось гэты магніцік Андрэй прывёз з абласных “Дажынак”, што праходзілі ў Дуброўне, а гэты – з апошняга свята аграрыяў у Браславе, дзе яму ўручалі ўзнагароду ад абласнога галіновага прафсаюза. За амаль дзясятак гадоў працоўнай дзейнасці ў роднай гаспадарцы ў яго ўжо назбіралася нямала грамат і падзяк, якія мы беражліва захоўваем у сямейным альбоме,” – з гонарам расказвае пра мужа Лілія.

І калі галаве маладога сямейства ўзнімацца на сцэну даводзіцца толькі за ўзнагародамі і пры гэтым ён адчувае сябе няёмка, то Лілія робіць гэта, як кажуць, па доўгу службы і па закліку душы, з’яўляючыся мастацкім кіраўніком Вялікадолецкага СДК. “Пачынала свой працоўны шлях на Касарскім ФАПе санітаркай, а потым, прайшоўшы абучэнне, стала прадаўцом магазіна ў Вялікіх Дольцах. У мяне ўсё атрымлівалася, але аднастайная работа не прыносіла задавальнення. Зусім іншая справа – у Доме культуры, дзе кожны дзень розныя мерапрыемствы, штосьці новае. Стараюся рабіць разнастайнымі будні не толькі жыхароў аграгарадка, а і маленькіх населеных пунктаў сельсавета, арганізуючы там святы вёсак”, – расказвае пра работу Лілія. Цікава, што яе ў аграгарадку называюць… гірляндай, бо там, дзе яна – заўсёды пануе добры настрой, а ад шчырай усмешкі дзяўчыны быццам становіцца святлей. У культ­установе яна вядзе і некалькі гурткоў для дзяцей і дарослых, самымі папулярнымі з’яўляюцца “Модніца”, “Аэробіка”, драматычны. Нягледзячы на рознабаковасць накірункаў, у кожным яна адчувае сябе як рыба ў вадзе, бо з’яўляецца чалавекам вельмі творчым. Са школьных гадоў імкнулася усё паспрабаваць – ад вышыўкі да манікюрнай справы, а вось спяваць пачала ўжо падчас работы ў СДК і гэтая здольнасць жанчыны была ўжо прыкмечана не на адным раённым свяце і конкурсе. “Калі рыхтуецца да мерапрыемстваў, здараецца, што і дома разам з актывістамі мастацкай самадзейнасці рэпетыцыі праводзіць!” – з усмешкай адзначае Андрэй, які да такога раскладу спраў ставіцца з разуменнем. Жаночая ж палова сям’і ў сваю чаргу ніколі не крыўдуе на яго вялікую занятасць на рабоце і адсутнасць выхадных, асабліва ў летні час. “У сельскай гаспадарцы інакш немагчыма. Але Паліна ўвечары не кладзецца спаць, пакуль не дачакаецца тату. Упэўнена, што ў кожнага працаўніка справа спорыцца, калі ён ведае, што яго любяць! А яшчэ падчас важных сельскагаспадарчых кампаній з дачкой чакаем “раёнку”, каб сярод перадавікоў Дошкі гонару ўбачыць нашага Андрэя”, – расказвае Л.Смаляк.

Жыве ж маладая сям’я ў доме, які ім выдзеліла сельгаспрадпрыемства яшчэ ў 2013-м годзе. Усе гэтыя гады пакрыху абжываліся, але многае яшчэ трэба зрабіць і давесці да ладу. На прыся­дзібным участку вырошчваюць агародніну, свае плады дае і стары сад, побач з якім будаваўся дом. Яны ўсё стараюцца рабіць разам і абавязкова сям’ёй праводзіць час, калі супадаюць выхадныя. А прыгадваючы сваю гісторыю знаёмства, заўсёды кажуць, што, пэўна, лёсам было наканавана сустрэцца. Андрэй у той час ужо працаваў у гаспадарцы, а Лілія яшчэ заканчвала школу. “Лілю не ведаў, бо яна з Ушач пераехала жыць да сястры ў Весніцк і вучылася ў Касарской школе. І вось неяк ехаў на трактары і ўбачыў прыгожую дзяўчыну, якая ішла па дарозе. Так яна мне запомнілася, што пачаў распытваць знаёмых і шукаць яе тэлефон. Аднойчы вечарам адважыўся пазваніць і мы адгаварылі да чатырох гадзін раніцы”, – прыгадвае Андрэй.

Сакрэтам сямейнага шчасця гэтых людзей можна назваць не толькі каханне, разуменне, давер адзін аднаму, а і падтрымку: “Хоць і сорамна прызнавацца, аднак вельмі баюся лячыць зубы, а каб мне было лягчэй перанесці гэты страх, да ўрачоў мяне водзіць Андрэй”, – кажа Лілія.

Вось такія яны – простыя і шчырыя людзі, што не шукаюць лепшай долі і лёгкага хлеба ў гарадах, а хочуць быць карыснымі на малой радзіме.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *