Накануне Дня Конституции Республики Беларусь в торжественной обстановке 11 юных ушачан получили паспорта

Общество

Па ўсёй Беларусі напярэдадні Дня Канстытуцыі ладзяцца ўрачыстыя цырымоніі ўручэння пашпартоў. У такой асаблівай атмасферы самыя актыўныя, таленавітыя юнакі і дзяўчаты становяцца паўнапраўнымі грамадзянамі краіны. Сёлета ўсебеларуская акцыя БРСМ праходзіць пад слоганам #раЗАм і аб’яднае каля 4 тысяч 14-гадовых школьнікаў. У іх ліку – 11 жыхароў Ушаччыны.

Акрамя ўзросту, гэтых маладых людзей аб’ядноўвае тое, што ўсе яны з’яўляюцца адоранымі вучнямі і ўжо дасягнулі пэўных поспехаў. Так, не лічыць сябе зоркай, але па праве з’яўляецца ёй Паліна Сазонава з Ушацкай школы – прызёр другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, пераможца раённых спаборніцтваў па плаванні, лаўрэат рэгіянальнага конкурсу “Гукі мары”, міжнароднага “Мы разам”. Нямала вучэбных дасягненняў – па фізіцы, хіміі і гісторыі – у Паўла Ціханёнка з гэтай жа альма-матэр. Прызёрам раённага этапу алімпіяды па матэматыцы з’яўляецца ўшачанка Ксенія Крахотка, якая паспявае дэманстраваць “клас” і на абласных спаборніцтвах па скалалажанні, актыўна ўдзельнічаць у жыцці піянерскай дружыны, мерапрыемствах шостага школьнага дня. Пераможца раённых спаборніцтваў па лёгкаатлетычным кросе ў рамках круглагадовай спартакіяды Сняжана Катковіч з Ільюшына цікавіцца і праблемамі экалогіі, стала лепшай у раённым конкурсе “Зберажом зялёную елку”. У конкурсах па дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка” і “На добрую памяць” на ўзроўні раёна перамагла Ганна Паршонак з гэтай жа школы. Нямала дыпломаў – па выніках абласной дыстанцыйнай алімпіяды і раённага этапу рэспубліканскай па беларускай мове і літаратуры, навукова-практычнай канферэнцыі “У навуку першыя крокі” – у скарбонцы дасягненняў Лізаветы Казловай з Глыбачанскай школы, старшыні савета дружыны, члена вучнёўскага савета. У вучобе і творчасці дэманструюць поспехі ўшачане Міраслаў Лёля – прызёр раённай алімпіяды па хіміі, удзельнікУзорнага аркестра народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў, Ксенія Курбака – прызёр раённага этапу алімпіяды па рускай мове, удзельніца творчага калектыву ДШМ. Пераможцам конкурсу “Не гасне летапіс перамог”, дыпламантам фестывалю-конкурсу праектаў “Нашчадкі традыцый” на ўзроўні раёна стала Таццяна Прашкевіч з Арэхаўна. Актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці Ушацкай школы Ксенія Кротава – пераможца вакальна-харавога конкурсу “Аршанская скарбніца”, а таксама Вераніка Пятроўская.

Са знакавай датай – Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – удзельнікаў урачыстасці, што ладзілася ў пятніцу ў зале пасяджэнняў райвыканкама, павіншавала старшыня рённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч.

– Мы жывём у маладой суверэннай дзяржаве, дзе Канстытуцыя вызначае правы і абавязкі кожнага з нас, – зазначыла яна. – У гэты дзень жадаю вам моцнага здароўя і трывалых ведаў, якія закладуць падмурак паспяховай будучыні. Хай атрымаецца ажыццявіць усё, што вы задумалі!

Пад гучныя апладысменты прысутных Наталля Мікалаеўна ўручыла маладым людзям пашпарты, падарункавае выданне “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і, канечне ж, Канстытуцыю нашай краіны.

Ад імя моладзі выступіла Вераніка Пятроўская, якая агучыла клятву юнага грамадзяніна краіны, абяцанне вучобай, працай і справамі ўмацоўваць аўтарытэт, добрае імя Ушаччыны. Яскравым напамінам пра падзеі гэтага асаблівага дня застанецца школьнікам і наведанне спектакля “Не пакідай мяне”, які на ўшацкай сцэне паставілі артысты Віцебскага драматычнага тэатра імя Я.Коласа. Запрашэнні на яго юнакі і дзяўчаты атрымалі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *