Сочный сезон. Ушачский лесхоз активно ведёт заготовку берёзового сока

Общество

Лясгасы Віцебшчыны сёлета плануюць нарыхтаваць больш тысячы тон бярозавага соку, свой уклад, безумоўна, унясуць і ўшацкія работнікі лесу – на мінулым тыдні ўсе лясніцтвы Ушацкага лясгаса прыступілі да масавай нарыхтоўкі бярозавіку.

Андрэй Мікалаевіч Апёнак (на здымку) робіць акуратны надрэз на дрэве, прымацоўвае латок і прывязвае чарговы поліэтыленавы мяшок, у які пакрыху пачынае струменіць бярозавы сок. “Найбольш зручная вышыня надрэзу – каля 60 сантыметраў ад зямлі: каб напоўнены мяшок не абарваўся пад уласнай вагой. Здабываем сок на ўчастках, дзе пазней загудуць пілы ці ў іншых насаджэннях, але таксама з бяроз, прызначаных для высякання”, – расказвае ляснік Ушацкага лясніцтва.

Вопытныя лесаводы прыгадваюць, як раней ва ўшацкіх лясах нарыхтоўвалі бярозавы сок у вялікіх аб’ёмах і адпраўлялі на перапрацоўку на агароднінасушыльны завод. У цяперашні час збіраецца бярозавік толькі для рэалізацыі насельніцтву, і сезон Ушацкае лясніцтва распачало адным з першых. Рыхтаваліся як заўсёды загадзя – закупілі новыя мяшкі, зрабілі спецыяльныя латкі з нержавейкі.

У марозныя ночы сок замаруджвае свой ход, калі ж цяплее – працэс паскараецца. Тым, хто жадае набыць лясны напітак, можна раніцай пакінуць сваю тару, а потым на працягу дня забраць ужо напоўненую свежым сокам. “Грамадзяне таксама могуць здабываць бярозавік самі бясплатна. Але проста прыйсці ў лес і выбраць бярозу, якая падабаецца, нельга, падсочка – сур’ёзнае выпрабаванне для дрэва, ад няправільных дзеянняў яно можа нават загінуць. Перад самастойнай нарыхтоўкай неабходна звярнуцца да нас ці ў іншае бліжэйшае лясніцтва і атрымаць інфармацыю аб дазволеных участках разам з тлумачэннем аб правілах здабычы бярозавіку”, – гаворыць ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Сяргеевіч Падвойскі.

Нагадаем, што сёлета набыць карысны лясны напітак можна па 26 капеек за адзін літр не толькі ў прыгаданым лясніцтве, а і ў ва ўсіх астатніх.

Вольга КАМАРКОВА.

  • Бярозавы сок з’яўляецца каштоўным лячэбна-дыетычным прадуктам, які валодае складаным фізіка-хімічным саставам і карыснымі ўласцівасцямі. Ён практычна не мае супрацьпаказанняў, нельга ўжываць яго толькі тым, хто мае алергію на пыльцу бярозы.
  • Шырока выкарыстоўваецца і ў касметалогіі. Напрыклад, прамыванне валасоў сокам выратуе ад перхаці. Карысна праціраць прыроднай вадкасцю твар ці зрабіць маску, змяшаўшы 2 сталовыя лыжкі соку з адной лыжкай мёду і смятаны.
  • Свежы сок можна захоўваць ў халадзільніку на працягу 5-7 дзён. Многія ўшачане, кансервуючы сок, дадаюць у яго розныя інгрэдыенты, якія надаюць напітку своеасаблівы смак і водар. Самы распаўсюджаны варыянт – гэта апельсін ці лімон, таксама дадаюць шыпшыну, разынкі, лісты мяты, галінкі чорных парэчак, журавіны.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *