Вести из сельсоветов Ушаччины

Общество

Рэканструкцыя ліній

У сакавіку энергетыкі распачалі работы па замене лініі электраперадач у вёсцы Замошша Вялікадолецкага сельсавета. Гэта адзіны сёлетні аб’ект ва Ушацкім раёне, на якім будзе праведзена поўная рэканструкцыя сетак: новыя ізаляваныя правады не баяцца бур, а пастаянныя жыхары вёскі атрымаюць магчымасць перайсці на льготнае ацяпленне электрычнасцю. Да гэтага ў Замошшы не было такой тэхнічнай магчымасці.

Бяроза пайшла на дровы

З дапамогай шэфаў – Ушацкага лясгаса – удалося спілаваць вялізную бярозу ў вёсцы Ліпавец, аб чым неаднойчы прасілі вяскоўцы. Апошняя бура толькі ўзмацніла трывогу жыхароў, якія ўдзячны старшыні Ушацкага сельвыканкама Міхаілу Пятровічу Хомічу, а ён у сваю чаргу – работнікам Ушацкага лясніцтва. Дровы застануцца бліжэйшаму жыхару, а ўмова атрымання бясплатнага паліва толькі адна – поўнасцю ўбраць рэшткі драўніны.

Сябры з Лісічына

Запрашэння да суботніка не чакалі дачнікі з Лісічына Пётр Сяргеевіч Арлоў і Васіль Іванавіч Лісіца . І калі 22 сакавіка прыехалі ў родную вёску – некалькі гадзін папрацавалі з піламі і абрэзалі сукі на алеі ўздоўж дарогі, якія звісалі на шашу. Шашлыкоў у гэты дзень не прыгатавалі, што змогуць зрабіць у чарговы раз, калі жыхарам дружнай дагледжанай вёскі яшчэ давядзецца спаліць галіны.

На ланцугу, ды з дакументамі

Пашпартызацыю сабак таксама распачалі на тэрыторыі Вялікадолецкага сельсавета. Прадстаўнікі мясцовага выканкама разам са спецыялістам райветстанцыі наведваюць сядзібы ўсіх грамадзян, якія трымаюць чатырохногіх ахоўнікаў, выпісваюць дакументы і вакцынуюць жывёлу, у тым ліку і катоў. Пакуль што пашпарты атрымалі дванаццаць уладальнікаў сабак з аграгарадка, усяго ж іх на тэрыторыі сельсавета каля 180.

Сцёк адноўлены

Яшчэ адзін зварот грамадзян выканалі ва Ушацкім сельсавеце: наноў паклалі трубу ў канцы вуліцы Лясной, якую выціснула з зямлі і ўтварылася вялізная лужына. Каб наладзіць сцёк, на месцы не адну гадзіну шчыравалі прадстаўнікі камунгаса, а паколькі побач праходзяць лініі сувязі і газаправод – працавалі таксама сувязісты і газавікі.

Несанкцыянаваную звалку

ліквідавалі ў вёсцы Лутава Сяльцо Ушацкага сельсавета. Закапаць смецце ўдалося з дапамогай механізатара ПМК-66, які не адну гадзіну працаваў на “Амкадоры”. Спрабаваў зруйнаваць другую, што не атрымалася з-за пераўвільготненай зямлі. А жыхарам гэтай у цэлым прыгожай вёскі хочацца нагадаць, што пазбавіцца ад буйнагабарытнага смецця можна, заказаўшы ў камунгасе трактар.

У шаноўным узросце

Па даных аддзела па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага РАУС, на тэрыторыі раёна пражывае па пяць чалавек 1923 і 1924 гадоў нараджэння, а таксама адзін, якому сёлета споўніцца 99 гадоў. Самы ж паважаны ўзрост – у пашпарце значыцца 1914 год нараджэння – у жыхаркі вёскі Косаўшчына Вяркудскага сельсавета.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *