ОАО «Агро-Селище» занимает лидирующие позиции в Ушачском районе по темпам посевной кампании

Сельское хозяйство

“Я ж казаў, дагонім і перагонім”, – парыраваў Алег Крывёнак наконт маёй рэмаркі, што селішчанцы нечакана вырваліся ўперад практычна па ўсіх пазіцыях.

Так упэўнены гэты механізатар быў не таму, што мае завышаную самаацэнку. Не, гэта хутчэй той рэдкі выпадак, калі яна поўнасцю адпавядае рысам характару, прычым усіх прадстаўнікоў гэтай прафесіі ў “Агра-Селішчы”.

Многа кіраўнікоў змянілася за апошні час у гаспадарцы, аднак выключна ўсе былі ўдзячны нешматлікай кагорце хлебаробаў-універсалаў. Вось і малады дырэктар прадпрыемства Сяргей Аляксандравіч Плігаўка ўпэўнены: хто-хто, а яны не падвядуць. Вучыць, падказваць ім таксама не трэба, хутчэй наадварот, паколькі і ён, і аграном, і механік гадзяцца ім у сыны і ў працэсе набіраюцца вопыту. Ва ўсялякім выпадку аператыўныя рашэнні, звязаныя з сяўбой, прымаюцца тут калегіяльна.

– Па гліне сашнікі дакладна заб’юцца, ужо тут, па лягчэйшай, добра выпрацаванай зямлі дрэнна ідуць. Што рабіць будзем? – удакладняў Генадзь Часлававіч Хадасевіч, які заканчваў сеяць адзін участак і збіраўся пераязджаць на іншы, паглядаючы на па­хмурнае неба, што другі дзень пасыпала то дажджом, то снегам.

Чакаў А.Крывёнка, каб ён успушыў суглінкі, толькі дапамога затрымлівалася. У “Кіраўцы” выйшла са строю электроніка і, недарабіўшы ўчастак ля Баяршчыны, Алег Юльянавіч шукаў магчымую прычыну няспраўнасці новай тэхнікі. Другі год арандуюць агрэгат у холдынгу, бо трактароў катастрафічна не хапае, нягледзячы на ўмелае абыходжанне з імі механізатараў. А менавіта “Кіравец” і ўласны МТЗ-3032 з шыроказахопнымі плугамі і дазволілі аператыўна справіцца з заданнем па ўздыме глебы. А.Крывёнак араў дзевяцікорпусным – з шырынёй кожнага па 45 сантыметраў, васьмі з 40 – Анатоль Мікалаевіч Жаваранак. Задзейнічалі і А.У.Бараўцова на МТЗ-1221, які нядаўна таксама выйшаў са строю. Вось і ламаў кіраўнік галаву, дзе адшукаць грошы на новы рухавік. Сілас можна прадаць, толькі ў адных патэнцыйных пакупнікоў сродкаў наяўных няма, з другімі па кошце не сыходзяцца. Аднак адшукалі варыянт – знялі дэталь са спісанага камбайна і праз пару дзён Аляксандр Уладзіміравіч далучыцца да пасяўной. Ды і АПП-6 рамантуюць, які замест плугоў зачэпіць А.Жаваранак.

У адрозненне ад “Глыбачан” ААТ “Агра-Селішча” спраўляецца выключна ўласнымі сіламі, задзейнічаны літаральна ўсе механізатары. Анатоль Мікалаевіч Жаваранак пакуль працягваў падымаць ворыва, Юрый Віктаравіч Юркевіч падкормліваў азімыя, Сяргей Анатольевіч Кляпец “хадзіў” з баронамі па свежазасеяных палях – закрываў і прыкатваў пасевы, а Аляксей Анатольевіч Дзмітрачонак на каменепадборшчыку збіраў вялізныя валуны. Меншыя ж гаспадарцы дапамагалі ўбіраць шэфы з ДРБУ-105, лясгаса і цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Тут самае малое заданне па сяўбе яравых зерневых, таму па працэнтах яны абсалютныя лідары. Аднак і па гектарах выглядаюць дастойна, за дзень Генадзь Часлававіч закрывае і па 23 на сваёй чатырохметровай СПУ і таму ў пачатку тыдня невыпадкова аказаўся на верхнім радку Дошкі гонару, тады як яго калегі С.Філімонаў з “Вялікадолецкага” і А.Усовік з “Ільюшынскага” працуюць з шасціметровымі АПП. І хоць вельмі занятыя хлопцы і з цёмным вяртаюцца дадому, паспяваюць паглядзець газету і прасачыць за тэмпамі сяўбы ў іншых сельгаспрадпрыемствах. Вось і Г.Хадасевіч аперыраваў лічбамі, асабліва свайго блізкага калегі, жыхара Кубліч В.Цара з “Маяка-Ушацкага”. У гаспадарцы ж сёлета заворваюць не толькі свае традыцыйныя палеткі, але і частку суседніх кубліцкіх.

На першым месцы па падрыхтоўцы глебы быў і А.Крывёнак. Калі ўлічыць, што кожны від работ выконвае толькі адзін механізатар, то лідарства атрымліваецца дзякуючы прафесіяналізму людзей і аптымальнай арганізацыі работ. Працоўны дзень зараз вызначаны з 6 да 20 гадзін, аднак могуць затрымлівацца і даўжэй. Пераязджаць на іншыя палеткі імкнуцца з цёмным, ды і на рамонт не шкадуюць асабістага часу. Меркавалі наладзіць культывацыю і ў дзве змены, толькі няма каго пакуль паса­дзіць на “Кіравец” на падмену А.Крывёнку. Дарэчы, няспраўнасць Алег Юльянавіч ліквідаваў у той жа дзень, разабраўся і з электронікай, і пайшоў даганяць згублены час і калег. Эканомяць яго ў тым ліку і на абедзе. Зразумела, ніхто не адпачывае гадзіну. Прывязе аграном Максім Аляксеевіч Чарнабаеў на поле абед, абмяркуюць рабочыя моманты – і зноў за справу. Дарэчы, рэстаранная страва каштуе для механізатараў крыху больш рубля, бо 80 працэнтаў і так невялікага яе кошту аплачвае гаспадарка.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *