Молодой специалист КУСХП «Глыбочаны» Мария Пальчевская всегда смотрит на жизнь позитивно!

Образование и молодежь

Размеркаванню ў глыбінку Марыя Пальчэўская два гады таму не надта засмуцілася. Як аптымістка па натуры, гатова была да любых цяжкасцей. І сёння малады спецыяліст па кадрах КУСГП “Глыбачаны” крыжыкі ў календары не ставіць, лічачы дні да заканчэння адпрацоўкі, а стараецца асвоіць як мага больш нюансаў сваёй справы.

Ураджэнка Міёрскага раёна раней на Ушаччыне ніколі не была, толькі шмат чула пра наш азёрны край ад знаёмых, з якімі разам вучылася ў Полацкім дзяржаўна-эканамічным каледжы на спецыяльнасці “Правазнаўства”. Канечне, хацела трапіць на радзіму, бо нездарма ж кажуць, што там і сцены дапамагаюць. Аднак вакантных месцаў на той момант не было, і Марыя выцягнула білет на Глыбачку. “У самым пачатку мне было вельмі складана. Хоць і добра ведала тэорыю, на практыцы не ўсё атрымлівалася ідэальна. Але апускаць рукі – не мой прынцып. Дапамагала мне асвоіць многае бухгалтар Ірына Мечыславаўна Краснова, за што ёй вельмі ўдзячна. У бытавым плане падставіла плячо сельгаспрадпрыемства, выдзеліўшы жыллё ў аграгарадку”, – расказвае М.Пальчэўская.

Хутка дзяўчына ўнікла ў курс спраў і ўжо паспяхова спраўлялася са сваімі асноўнымі абавязкамі. Ды так, што змагла ўзяць на сябе дадатковую грамадскую нагрузку – праз паўгода калектыў абраў яе новым лідарам прафсаюзнай “пярвічкі”. Трэба адзначыць, што ў раёне смела давяраюць гэтую справу моладзі, а вось менавіта маладым спецыялістам – нячаста. Марыя імкнулася не падвесці. Дапамагала рыхтаваць святочнае мерапрыемства з нагоды прафесійнага свята аграрыяў і юбілею гаспадаркі, трымае на кантролі асаблівыя даты работнікаў, каб не забыцца ўдзяліць ім увагу. Нават да дня закаханых старалася павіншаваць усіх сваіх калег. У цяперашні няпросты эпідэмічны час старшыня “пярвічкі” сочыць за наяўнасцю дэзінфіцыруючых сродкаў на працоўных месцах і праводзіць прафілактычныя гутаркі наконт бяспекі калег.

– Яна заўсёды зараджае нас сваім добрым настроем і шчырай усмешкай, глядзіць на жыццё пазітыўна і не засмучаецца па дробязях. А яшчэ абавязкова напішыце, што яна вельмі старанны чалавек! – казалі пра М.Пальчэўскую яе калегі.

Вольны ж ад работы час дзяўчына прысвячае вучобе, зараз яна завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю па сваёй спецыяльнасці ў Полацкім дзяржуніверсітэце. А яшчэ яна прыхільніца здаровага ладу жыцця, у свае юнацкія гады актыўна займалася лёгкай атлетыкай, а таму нярэдка адпраўляецца на школьны стадыён, каб размяцца і пабегаць.

Гэтым летам заканчваецца тэрмін абавязковай адпрацоўкі маладога кадравіка, але Марыя пакуль чамаданы не збірае. Прыкмячае, што прывыкла ўжо да Глыбачкі. І дзе б ні прадоўжыла свой прафесійны шлях, заўсёды будзе памятаць пра свае першыя працоўныя крокі і з удзячнасцю ўспамінаць глыбачанскіх калег.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *