Спортивная гордость Ушаччины, или Как в районе праздновали День работников физкультуры и спорта

Cпорт Здравоохранение Мир увлечений Наш современник Образование и молодежь Экономика и малый бизнес

Святочная атмасфера панавала ў суботу, 18 мая, ля Ушацкай сярэдняй школы. Прадстаўнікі спарткамітэта, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, устаноў адукацыі раёна і іншыя работнікі спартыўнай галіны сабраліся на свята, прысвечанае Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту.

Удзельнікаў мерапрыемства віталі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Іванаўна Карчэўская, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Іванавіч Ціханёнак. Поспехаў і новых перамог пажадалі яны прысутным.
Ужо зараз скарбонка дасягненняў ушацкіх спартсменаў даволі ўнушальная. Школьнікі пастаянна прымаюць актыўны ўдзел у разнастайных спартыўных мерапрыемствах. Сёлета зборная каманда раёна стала пераможцай абласных спаборніцтваў па зімнім мнагабор’і «Абаронца Айчыны» ў праграме XXV круглагадовай спартакіяды школьнікаў (настаўнікі, якія падрыхтавалі каманду: Уладзімір Міхайлавіч Магілін, Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі, Віталь Васільевіч Карабань, Уладзімір Мікалаевіч Качко). Вучань 11 класа Мосарскай школы Іван Рубанік стаў пераможцам у асабістым заліку ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па зімнім мнагабор’і «Абаронца Айчыны», а таксама пераможцам абласных спаборніцтваў па летнім мнагабор’і «Абаронца Айчыны» і летнім мнагабор’і «Здароўе» (настаўнік – У.М.Магілін).

Каманда Вялікадолецкай школы заняла другое месца з 27 каманд вобласці на абласных спаборніцтвах «Снежны снайпер» (настаўнік – У.М.Лапіцкі). Зборная каманда раёна стала другой на абласных спаборніцтвах па зімнім мнагабор’і «Здароўе» сярод сельскіх раёнаў. Далейшае развіццё атрымала таксама сістэма пазакласных і пазашкольных фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Сталі традыцыйнымі ў школах Дні здароўя, спаборніцтвы, спартыўныя святы «Вас выклікае спартландыя», «Усе на старт», «Дзень рэкордаў», «Тата, мама, я – спартыўная сям’я», турысцкія паходы.
Словы падзякі ў гэты дзень гучалі ад арганізатараў мерапрыемства ў адрас спартсменаў, якія выступаюць і перамагаюць на спартыўных арэнах розных узроўняў. Яркім момантам стала ўзнагароджанне фізкультурнага актыву раёна. С.І.Ціханёнак разам з дырэктарам ДЮСШ І.У.Клімашэўскім уручылі падзячныя лісты юным аматарам, заўзятым прыхільнікам спорту, лепшым настаўнікам фізічнай культуры, усім, дзякуючы каму слава аб спартыўных дасягненнях Ушаччыны расце з году ў год.
Ну а ў тым, што ва ўшацкіх спартсменаў ёсць вялікі патэнцыял, можна было ўпэўніцца падчас спаборніцтваў, арганізаваных пасля ўрачыстасці. Прыхільнікаў кожнага віду было дастаткова. У фае школы праходзілі шахматныя баталіі, дзе ўдзельнікі няспешна прадумвалі кожны ход. У ціры за званне самага меткага змагаліся стралкі. Відовішчнымі сталі футбольныя баталіі. Гарачую падтрымку адчувалі ўдзельнікі фіналу па армрэстлінгу.
Пераможцы спаборніцтваў атрымалі дыпломы і грашовыя ўзнагароды. І незалежна ад занятага месца ўсе разыходзіліся са станоўчымі эмоцыямі, добрым настроем і, што самае важнае, жаданнем і далей займацца спортам.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *