Жизненной энергии старейшины агрогородка Веркуды Нины Кирпичёнок можно позавидовать!

Общество

Ніна Васільеўна Кірпічонак падвяла губы – і за секунду пераўвасобілася, памаладзеўшы гадоў на дзесяць. Хаця і так не скажаш, што гэтая прывабная жанчына сёння адзначае 70-гадовы юбілей. “Я ніколі без памады на людзі не выходжу”, – зазначае яна з усмешкай. А нагод для сустрэч у бяззменнага старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Вяркуд і старэйшыны аграгарадка хапае. Яшчэ больш часу яна праводзіць на тэлефоне.

– Дрэнна, што даведніка няма, усе ж нумары памяняліся. Дапамагаюць мае актывісты: Тамара Генадзеўна Цянюга – намеснік старшыні ветэранскай пярвічкі, Раіса Фёдараўна Мацюш, Наталля Васільеўна Цецярук, Лідзія Усцінаўна Скурковіч, многія іншыя, трымаюць сувязь са сваімі аднавяскоўцамі.

Сама ж Ніна Васільеўна – даведнік не толькі наконт нумароў, але і любых кантактаў пра людзей яе наваколля. На стале нязменна ляжыць журнал, які яна праглядае кожную раніцу, каб не забыцца павіншаваць з днём нараджэння. Хаця знакавыя даты многіх памятае, як Ніны Аляксандраўны Чарняўскай. І не толькі таму, што педагог была класным кіраўніком у дачкі, а таму, што ў ветэранскую арганізацыю, у якой 154 чалавекі, уваходзяць людзі з усіх галін, а не толькі аграрнай, дзе працавала Н.Кірпічонак.

– Яна нават мне заўсёды нагадвае, калі трэба павіншаваць ветэранаў вайны з прытулка, які таксама курыруе, ці былых ардэнаносцаў. Абавязкова падкрэсліць, што заслужаны працаўнік, нельга забыцца. На жаль, уручыць падарунак не маем магчымасці ні яна, ні я, таму імкнёмся павіншаваць праз газету, павітаць па тэлефоне, – гаворыць старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская. – Проста бачна, наколькі чалавек хварэе за сваіх людзей. У Вяркудах няма нават гаспадаркі, у якой працавала большасць членаў пярвічкі, аднак заўсёды спрабуе выйсці на кіраўніцтва іншых арганізацый, папрасіць, каб знайшлі магчымасць зрабіць юбіляру прыемнае. Па першым закліку, нягледзячы на адлегласць, прыязджае на прэзідыумы савета. А яшчэ можна пазайздросціць тым цікавым мерапрыемствам, якія яны разам арганізуюць у аргагарадку ў вольны час.

Ну а старшыня сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак наогул назвала Ніну Васільеўну залатым фондам. “Калі б усе былі такія бескарыслівыя і актыўныя, мы б горы звярнулі. Яна ж у ліку тых нямногіх, хто нягледзячы на ўзрост прымае удзел ва ўсіх суботніках – ці то звалку ліквідуем, ці баршчэўнік косім. Наогул вельмі дапамагае мне ў добраўпарадкаванні. Паколькі 9 год працавала і ў Белдзяржстраху, ведае ўсіх гаспадароў сядзіб, іх спадчыннікаў і кантакты. Калі каго доўга няма, нясе тэлефон, маўляў, трэба варушыць, сама тэлефануе. Хоць зараз і не дэпутат, а працяглы час мела і гэты грамадзянскі абавязак, прысутнічае на ўсіх пасяджэннях сельскага Савета. Прычым нефармальна – чалавек прынцыповы, можа сказаць праўду, незважаючы на рангі, выступае і ўносіць прапановы. Зараз наша агульная задача – дарога на могілкі. І тэлефануем усім, і сродкі збіраем, ды і сама Ніна Васільеўна здала 50 рублёў.

Гэтае пытанне Н.В.Кірпічонак сапраўды назвала сваёй задачай нумар адзін і расказала, да каго ўжо давялося звярнуцца. Суму ж дарожнікі за будаўніцтва для вяскоўцаў назвалі непадымальную, таму шукаюць іншыя варыянты. А яшчэ, калі саслабее каранавірус, марыць зва­зіць на “Прарыў” сваіх актывістаў. І сама не была пасля рэканструкцыі, ды і ваенныя падзеі для яе, нарадзіўшайся ў маі 1945-га, блізкія: “Бацька вярнуўся з фронту пасля цяжкога ранення. Намнога пазней даведаліся, што медаль “За адвагу” – каштоўны – проста так не давалі, тады ж узнагародамі ніхто не выхваляўся”. Васіль Андрэевіч Зелянік з Гуты атрымаў яго ў 1943-м за разведку боем. І неаднойчы даваў блізкім паглядзець, як рухаецца па целе асколак. І хоць быў час атэізму, Ніна Васільеўна памятае, як у пачатку шасцідзясятых у Стайкаўскім бары бацюшка адначасова хрысціў мноства дзяцей, у тым ліку іх – чацвёра сясцёр.

У самой Ніны Васільеўны трое дзяцей. Усе ў гарадах, аднак часта прыязджаюць дадому. “Мама, калі ж мы ўжо адпачываць будзем, – пытаюцца. – Кажу, калі мяне не стане”, – Ніна Васільеўна паказвае на пасеяныя зерневыя, ладны кавалак бульбы. Да гэтага часу трымае парсюкоў, а нядаўна і коніка з дзвюма каровамі даглядалі з Аляксандрам Васільевічам – свайго мужа яна празмерна паважае. Не стала гаспадара год таму. І нават у гэты цяжкі перыяд яна спявала. Ціхенька, дома, пакуль нешта рабіла. І прыгадвала востраў кахання, на які плавалі з мужам. Вельмі рэдка, аднак ціхая гладзь возера, квецень, рыбалка ў адной лодцы помняцца на ўсё жыццё, як і тое добрае, што бачыла ад яго, пражыўшы разам 43 гады.

Ніна Васільеўна была ў другім выпуску тэхнікаў-планавікоў, якіх пачаў рыхтаваць Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Па размеркаванні трапіла ў Лепельскі раён, а яе першым дырэктарам аказаўся Леанід Васільевіч Пятко, з якім (шматгадовым кіраўніком пансіяната “Лясныя азёры”) потым сябравалі і ва Ушачах. Калі ж вярнулася дадому, з “Чырвонага прамня” спецыяліста перакінулі ў “Савецкую Беларусь”. Ад эканаміста ў гаспадарцы залежыць вельмі многае, гэта аналітыкі і стратэгі, якія павінны наперад усё разлічыць і давесці заданні да падраздзяленняў, а ў калгасе іх было 16, кожны на гаспадарчым разліку. 76 трактароў, 50 машын, толькі даярак – 50, усяго ж пад паўтысячу работнікаў – у кожнага свой характар. І хоць Ніна Васільеўна і кажа, што заўсёды імкнуліся зрабіць расцэнкі на карысць людзей, каб была зацікаўленасць, знаходзіліся і такія, што прыходзілі скардзіцца, маўляў план завышаны. Тады садзілася ў трактар ці камбайн і дзень калясіла, увечары дадаўшы: “Ну дзе ж вялікі, справіўся?” Кім бы ты ні працаваў – трэба заставацца чалавекам – крэда гэтага праўдалюба, якая не выносіць падману, махлярства. З удзячнасцю прыгадвае моцных кіраўнікоў Паўла Кандратавіча Мамяку і Алега Аляксандравіча Ляшчынскага. Пры апошнім калгас стаў племянным па вырошчванні цёлак і траў, вельмі добра зараблялі, і неблагія пенсіі ў людзей зараз дзякуючы тым гадам.

У доме Кірпічонкаў няма раскошы, аднак дагледжана, парадак. Працаголікі, яны ўсё зарабілі сваімі рукамі. І акрамя мноства агародніны, увесь палісаднік адведзены пад кветкі. Наогул тут, дзе з ганка бачна Вяркудскае возера, вельмі прыгожа. І, канечне, ўсё патанае ў квецені.

А нядаўна Ніна Васільеўна, вытрымаўшы гадавую жалобу, зноў выйшла на сцэну. У складзе групы “Веркужаначка” яна ўдзельнічае ва ўсіх мясцовых і раённых мерапрыемствах. Неяк ехалі з чарговай паездкі актывістаў ветэранаў раёна, канечне, заспявалі. “Не ведаў, што ты такая”, – зазначыў былы начальнік райсельгасхарча В.А.Мазго, які ў кожнага галоўнага эканаміста гаспадарак асабіста прымаў гадавыя планы. Так, падчас работы сур’ёзная, прынцыповая, у душы яна рамантык і аптыміст. Гаворыць, што клуб у іх сапраўды цэнтр культурнага жыцця, бо ўсё праходзіць з непасрэдным удзелам саміх людзей. І толькі ад цябе залежыць, сумна ці цікава табе жыць. Ёй маркоціцца пры такім рытме жыцця дакладна некалі. “Я ж маладая. Нават на “бабулю” да нядаўняга часу не рэагавала, неяк няёмка сябе адчувала, хоць старэйшаму ўнуку 17, ён хакеіст – варатар наваполацкага “Хіміка”, – шчыра прызнаецца Ніна Васільеўна. А яе жыццёвай энергіі сапраўды можа пазайздросціць нават моладзь.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *