Через пару часов заказ на столе! Многие ушачане уже воспользовались услугой доставки товаров на дом от филиала облпотребобщества

Общество

“Мабыць у вас ёсць заказы на заўтра, паслязаўтра, дык пад’ехалі б у час дастаўкі тавару, каб з людзьмі пагутарыць”, – пытаюся ў загадчыцы магазіна “Кулінарыя” Марыны Рыгораўны Камінскай, якая і фарміруе заказы.

– Што вы, мы ж іх адразу камплектуем і на працягу некалькіх гадзін яны ўжо на стале пакупніка. Гэта толькі ў аб’яве на ўсялякі выпадак указваецца, што тэрмін выканання – два дні, а фактычна заўсёды ў гэты ж.

Так што фотаздымак адкладваўся, а з людзьмі, якія ўжо некалькі разоў карысталіся паслугай Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, мы гутарылі па тэлефоне. Адной з першых, хто праманіторыў паслугу, была сям’я Ільюшэвічаў з Касароў.

– Так атрымалася, што газету з аб’явай – пералікам тавараў і пенсію прынеслі практычна адначасова. Мы адразу патэлефанавалі – а праз дзве гадзіны ўжо раскладвалі прадукты ў маразільнік. Не чакаў, што так хутка і выдатна, – гаворыць Віктар Сцяпанавіч. – Памятаю нават суму заказу – 67 рублёў. Апошні, трэці раз, купілі ўжо на 200. Набываем крупы, курынае мяса, 4 пачка пельменей – менавіта ўшацкія вельмі любяць і бяруць з сабой у Мінск дзеці. Абавязкова галубцы, прычым таксама кілаграмы тры – падлічылі, што гэты выгадней, чым асобна фарш і іншыя прадукты, а потым дастаём некалькі штук і гатуем. Не было ў пераліку чырвонай рыбы, аднак і яе прывезлі, такую, як і хацелі: нявэнджаную і слабасалёную. Паколькі даведаліся, што фарміруе тавар магазін “Кулінарыя”, апошні раз заказалі і торт “З вяршкамі”. Быў вельмі свежы. Наогул, мы акцэнтавалі ўвагу на тэрмін прыдатнасці, паколькі захоўваем прадукты амаль месяц, аднак пачулі ў адказ, што пратэрміновак не бывае. А галоўнае, як гэта зручна. Раней жа я ехаў за вялікімі пакупкамі ва Ушачы, пакідаў сумкі ў камеры захоўвання, пакуль чакаў аўтобус, цягнуў іх на сабе дадому. Навошта, калі ўсё прывязуць на дом. Так што апошні раз з райцэнтра я вяртаўся паражняком – толькі цырульню наведаў. Усім суседзям раім.

Як, дарэчы, і ветэран райспажыўтаварыства Ганна Віктараўна Качан. І на вуліцу Каранеўскага гарпасёлка машына заязджала адразу па двух адрасах. Дарэчы, такім чынам пенсіянеры спрасцілі задачу і для сваіх сацыяльных работнікаў, якія прыносяць хіба што лекі ды дробны тавар.

Ёсць магазін у вёсцы Градзянец, дзе жыве Іван Маркавіч Касцючэнка, ды і аўталаўка заходзіць. У апошняй набывае малочку, хлеб, а ўвесь “цяжкагруз”, як цукар, крупы – праз дастаўку. І як і ўсе, называе паслугу выдатнай. Чалавек ужо ў гадах, таму, зразумела, не любіць лішні раз выходзіць у людныя месцы, асабліва зараз. Цяжка гэта рабіць і Наталлі Міхайлаўне Ласкуновай са Слабады. Раней дачка, што жыве ў Ільюшыне, прывозіла, зараз у гэтым няма патрэбы. Самастойна можа абгаварыць з прадаўцамі ўсе нюансы. Не ўказана ж у пераліку ўласная выпечка філіяла, а так, ведаючы асартымент “Кулінарыі”, запыталіся і заказалі – смятаннікі, булачкі з карыцай, каўбасу па гусце падабралі.

Пакуль што паслугай Ушацкага філіяла Віцебскага спажыўтаварыства карыстаюцца пераважна пенсіянеры. Здаецца, што яна зручная не толькі хуткай і бясплатнай дастаўкай, але і менавіта магчымасцю абгаварыць нюансы заказу, выбраць нават тое, чаго няма ў пераліку. Вам дакладна ні ў чым не адмовяць, а таксама паведамяць, калі змяніўся кошт ці паступіў новы тавар.

А ў блізкай перспектыве паралельна запрацуе і інтэрнет-магазін. Намеснік старшыні Ушацкага філіяла Юрый Феадасеевіч Хоміч паведаміў, што заказваць прадукты праз сайт людзі будуць самастойна, а сфарміруюць заказ у магазіне “Родны кут”. Ну а аператыўная, якасная і бясплатная дастаўка па-ранейшаму гарантаваныя. Калі ў аддаленыя вёскі прадукты накіроўваюцца спадарожным транспартам, то па Ушачах і навакольных – спецыяльна – любымі вольнымі ў той час аўтамабілямі. Мяркую, што карысная паслуга будзе больш запатрабавана зараз, пасля закрыцця моста ва Ушачах.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *