Воровали электроприборы, металл, окна и даже… рога! Хроника происшествий в Ушачском районе

Происшествия

Колькасць зарэгістраваных на Ушаччыне ў маі бягучага года злачынстваў дасягнула 23. У пераважнай большасці гаворка ішла пра крадзяжы – 16 фактаў. Прычым, многія з іх – справа рук серыйнага злодзея.

Рогі – скарб з “вялікай дарогі”

Пасля выхаду з-за кратаў у снежні 2019-га 35-гадовы жыхар Ушацкага раёна вярнуўся да прывычнай справы. У поле яго зроку траплялі дачныя дамы ў вёсачках. Карыстаючыся адсутнасцю гаспадароў і суседзяў, мужчына выносіў адтуль усё, што толькі можна. Прагнасць зламысніка ўразіла нават вопытных аператыўнікаў. Так, напрыклад, у вёсцы Любжына ён выкраў дзве гіпсавыя статуэткі, два навясныя замкі і ліхтар, у доме па-суседстве – ласіныя рогі, дзве адвёрткі, пласкагубцы і нават стары ржавы мангал…

Пасля першых удалых спраў мужчына набыў патрыманую іншамарку і здолеў пашырыць геаграфію промыслу. У спісе крадзяжоў акрамя Ушацкага раёна значацца Віцебскі, Полацкі, Шумілінскі, Докшыцкі, засвяціўся злодзей і на Міншчыне. На яго рахунку мінімум 15 абкрадзеных дач. Аднак, па меркаванні праваахоўнікаў, такіх эпізодаў можа быць больш – зараз праводзіцца праверка. Падазроны затрыманы. Падчас вобыску ў яго доме знойдзены цэлы скарб “нехарактэрных” рэчаў. Узбуджана крымінальная справа.

Матрац двуспальны – палёт нармальны!

З незачыненага багажніка легкавушкі ў Старым Сяле ў маі бягучага года злодзей выкраў набор інстументаў і рыбалоўныя прылады на агульную суму 186 рублёў. Вырваўшы дзвярны прабой, нехта пранік у адзін з дамоў у вёсцы Кісялёва, адкуль выкраў кухонны нож, дзве электрабрытвы і іншую маёмасць. У дачніка з Селішча разжыцца ўдалося нязначна – акрамя вудачкі нічога каштоўнага ў доме не аказалася. А вось у доме па-суседстве “скарб” аказаўся багацейшым: электрападаўжальнік і молат на агульную суму 80 рублёў. Яшчэ па адным адрасе гаспадар пазбавіўся дзвюх чыгунных ваннаў і металічнай бараны, што стаялі ў двары. Гэтак жа без нагляду на месцы будаўніцтва новага дома знаходзіліся металічная шафа, стэнд і іншая маёмасць. Здабычай злодзея сталі таксама скрыня з інструментамі, электрапульвелізатар, пыласос, двухспальны матрац, піла і дзве драўляныя лаўкі (усяго на 1650 рублёў); электрапіла, шрупавёрт, дрыль, шліфмашынка, нажніцы па метале, бутэлька дарагога віскі і дзве лапаты (2120). Панесла ўрон на 1160 рублёў і КУСГП “Арэхаўна” – са склада ў Слабадзе нехта ноччу выкраў сем неўстаноўленых пластыкавых вокнаў. Па ўсіх гэтых фактах узбуджаны крымінальныя справы. Да якіх з іх мае дачыненне названы вышэй “серыйны” злодзей, зараз высвятляюць супрацоўнікі крымінальнага вышуку.

Не засталіся ў “ценю”

Асоба таго, хто “пагаспадарыў” нядаўна ў рамонтнай майстэрні ў Дубраўцы, ужо ўстаноўлена. Пашкодзіўшы ўваходныя дзверы, пранік у памяшканне і выкраў адтуль аўтамабільныя запчасткі на суму 340 рублёў ураджэнец Старога Сяла 1976 года нараджэння. Дзякуючы свабоднаму доступу пажывіўся дзвюма сякерамі, фрагментамі арматуры і іншай маёмасцю на 230 рублёў, што ляжала ў адным з двароў у гарпасёлку, 49-гадовы жыхар вёскі Рыбакі. Вырваў дзвярны прабой, пранік у дачны дом у Вацлавове і вынес пакрывала, адзенне і гумовыя боты ўжо судзімы мужчына 1985 года нараджэння.

Лоўкі план праваліўся

Крымінальную справу па факце махлярства зарабіў сабе жыхар Царкавішча. Убачыўшы на адным з інтэрнэт-парталаў інфармацыю аб продажы смартфона за 900 рублёў, мужчына прыдумаў лоўкі план па абагачэнні: ён меркаваў набыць сродак сувязі, а пасля перапрадаць яго за 1100. Вось толькі грошай на пакупку не было, таму спачатку даў у інтэрнэце аб’яву аб продажы смартфона, знайшоў пакупніка і нават атрымаў ад яго на банкаўскую карту грошы. Але планам не было суджана збыцца. Калі махляр паспрабаваў набыць сродак сувязі, даведаўся, што яго няма ў наяўнасці. Аднак замест таго, каб вярнуць падманутаму кліенту сродкі, гора-камерсант запіў. Пакупнік жа напісаў заяву ў міліцыю.

Замест “клубнічкі” – траўка

Калі па месцы жыхарства ўшачаніна 1990 года нараджэння прыйшлі праваахоўнікі, той прыкметна напружыўся. На прапанову здаць любыя рэчы, што незаконна захоўваюцца (на ўвазе меліся відэазапісы парнаграфічнага зместу), той нечакана дастаў… марыхуану. Яе, як аказалася, мужчына выкарыстоўваў для ўласных патрэб – не для рэалізацыі. Такая шчырасць абярнулася наркаспажыўцу ўзбуджэннем крымінальнай справы па “наркатычным” артыкуле.

Малады ды ранні

Чарговую праблему з законам зарабіў сабе 17-гадовы жыхар вёскі Касары. Сёлета ён ужо трапляў на лаву падсудных па факце крадзяжу. Зараз жа “засвяціўся” на ўгоне аўтамабіля. Увечары юнак зайшоў у дом да суседа, дзе ўбачыў ключы ад “Фольсксвагена” і непрыкметна іх прыхапіў. Пакуль жа гаспадары спалі, непаўналетні сеў за руль аўто і адправіўся ў падарожжа. Не выключана, што ён атрымае за гэта рэальны тэрмін.

Нічога святога!

Двайное растройства чакала ў маі гаспадара дачнага дома ў Адворні. Пакуль ён адсутнічаў, нехта аджаў замок дзвярэй, залез унутр і выкраў трымер, ахоўную маску, садовыя нажніцы на агульную суму 224 рублі. Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку справа была раскрыта па гарачых слядах. Аднак ужо праз тыдзень (у той час, калі злодзей знаходзіўся ў райаддзеле міліцыі і даваў паказанні) хтосьці зноў такім жа чынам залез у дом мужчыны і пажывіўся іконай з ручніком, кошт якіх ацэнены ў 1030 рублёў. Пытанне “Хто?” пакуль застаецца адкрытым.

Ля Рога ўрону многа

Адну з апошніх сваіх рыбалак на возеры Чарсцвядскае непадалёк ад вёскі Рог двое жыхароў Ушаччыны запомняць, напэўна, надоўга. У забаронены перыяд, забароненымі спосабамі лоўлі яны здабылі 15 асобін ляшча. Вось толькі іх незаконны промысел быў раскрыты – у адносінах браканьераў узбуджана крымінальная справа. Урон, які яны нанеслі прыродзе, а значыць будуць пакрываць, склаў 3645 рублёў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *