Ушаччина отпраздновала День Независимости

Общество

Трэцяга ліпеня разам з усёй краінай Ушаччына адзначыла галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Цырымонія ўскладання кветак да помнікаў воінскай славы, урачыстыя мітынгі, насычаная культурная праграма – усё было напоўнена пачуццём любові да роднага краю, вялікай павагі да подзвігу дзядоў і прадзедаў, якія заваявалі для нас радасць мірнага жыцця.

Менавіта з віншаванняў тых, хто набліжаў Перамогу і дзякуючы каму мы адзначаем Дзень Незалежнасці, і распачалося святкаванне з нагоды гэтага дзяржаўнага свята. Напярэдадні да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны накіраваліся старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка і яго намеснік А.В.Пашковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў ­Н.М.Марковіч.

– Як прыемна, што вы да мяне зайшлі, я так рада вас бачыць! – не стрымліваючы слёз, казала Кацярына Мікалаеўна Васілеўская, накінуўшы пінжак з медалямі.

Бадзёра сустракаў гасцей у двары свайго дома ў Завыдрыне Васіль Мікалаевіч Казачонак. Нягледзячы на 94-гадовы ўзрост, ветэран адчувае сябе добра, часцяком іграе на гармоніку і робіць сам многія хатнія справы. Да віншаванняў кіраўніцтва раёна далучыліся і вяскоўцы, якія якраз на сядзібе В.М.Казачонка чакалі прыезду аўтамагазіна.

Не губляе аптымізму і Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня: “Эпідэмічная сітуацыя няпростая, а таму нікуды далей свайго двара не выходжу, люблю пасядзець у садзе, больш інтэнсіўна стаў тварыць, уласная калекцыя карцін папаўняецца”.

У раёне зараз пражывае 9 ветэранаў вайны, і ніхто з іх не застаўся без увагі ўлады. Шчыра радаваліся паважаныя людзі каштоўным падарункам, адмысловым сувенірам і віншавальным паштоўкам ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

– Галоўнае пажаданне зараз – гэта моцнага здароўя і даўжэй быць у страі, – казаў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, наведваючы ветэранаў. Кожны з іх адзначаў, што яны вельмі цэняць, што пра іх памятаюць.

Распачалася святочная праграма ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка. Са шчырымі словамі віншаванняў да ўшачан звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч. Яна адзначыла, што Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь сімвалізуе адданасць Радзіме і непарыўна звязаны з важнейшай гістарычнай датай вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У завяршэнні сваёй прамовы Наталля Мікалаеўна пажадала землякам моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у стваральных справах, выказала спадзяванне, што кожнае світанне будзе ў нашай краіне мірным, подзвіг – выключна працоўным, а шчасце – бясконцым.

Прымаў удзел у мітынгу і малалетні вязень фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў П.М.Мажэйка. “Асаблівай датай для прадстаўнікоў нашага пакалення стала 3 ліпеня 1944-га – у ёй сумясціліся такія важнейшыя паняцці, як “вызваленне”, “перамога”, “незалежнасць”, – зазначыў Пётр Мечыслававіч. – Ад імя людзей, чыё жыццё апалена вайной, віншую ўсіх са знакавай падзеяй. Гэта выдатная нагода задумацца, якой цаной дасталася сучаснаму пакаленню беларусаў магчымасць радавацца мірным будням, вучыцца, набываць прафесію, працаваць…”

Памяць аб героях удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання. У поўнай цішыні пад гукі метранома на тварах ушачан “чыталіся” боль і памяць пра тых людзей, якія аддалі свае жыцці, каб жылі мы…

Такая ж кранальная атмасфера панавала на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў Ушаччыны ўшанавалі подзвіг загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усклалі да пліт вянкі і кветкі.

“Шлях нашай краіны да нацыянальнага суверэнітэту быў няпростым – на алтар Перамогі прынесены мільёны жыццяў суайчыннікаў. Але ўжо больш сямі дзесяцігоддзяў беларуская зямля жыве пад мірным небам, – казалі ў сваіх выступленнях старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, а ад імя моладзі – ушачанін, студэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Яўген Бародзіч. – Для нас высокі гонар і адказнасць быць нашчадкамі Перамогі. Новае пакаленне беларусаў свята ўшаноўвае подзвіг дзядоў, карыснымі справамі ўмацоўвае працвітанне краіны”.

Далейшыя мерапрыемствы, што ладзіліся ў райцэнтры, удала падкрэслівалі галоўную тэму Дня Незалежнасці: мы – беларусы, багатыя памяццю, традыцыямі, душой. Такі лейтматыў праходзілаў праз усю канцэртную праграму, якая ладзілася на плошчы. У выкананні работнікаў цэнтра культуры і народнай творчасці, самадзейных артыстаў гучалі душэўныя песні аб Радзіме і вайне, каханні і сяброўстве. Паралельна ладзілася выстава-продаж дэкаратыўна-прыкладной творчасці ад ТЦСАН, клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”, Дома рамёстваў. Прадстаўнікі апошняга, дарэчы, падрыхтавалі нямала сюрпрызаў – заманьвалі дзяцей і дарослых бяспройгрышнай латарэяй “Поля цудаў”, а таксама магчымасцю сфатаграфавацца ў нацыянальных касцюмах, пашытах спецыялістамі ўстановы спецыяльна да свята і хуткага “Славянскага базару” ў Віцебску. “Задума ўдалая! – падзялілася з намі ўшачанка Франчэска Полазава. – Сёння з дачушкай Ясеніяй, якой толькі 2,5 годзіка, прымерылі гэтыя чароўныя ўборы і пэўным чынам далучыліся да надзвычай сакральнага, беларускага”. У тым, што патрыятызм трэба развіваць з дзяцінства, упэўнены і Васіль Цароў – на свята малады тата прыйшоў з дачушкамі Соняй і Алінай. Ад убачанага дзяўчынкі нават крыху разгубіліся, што, дарэчы, не дзіўна. На плошчы работнікі бібліятэчнай сістэмы разгарнулі тэматычную выставу – на паліцах былі прадстаўлены дакументальныя і мастацкія творы пра вайну, вызваленне Беларусі. Нямала жадаючых знайшлося, каб сфатаграфавацца на фоне “Прарыва” – вялізны стэнд з выявай мемарыяла ўстанавілі на плошчы работнікі музея. Малыя бавілі час на атракцыёнах, у адмысловым “ціры” і на гульнявых пляцоўках ад цэнтра дзяцей і моладзі, фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Непадалёк працавалі гандлёвыя палаткі і летняе кафэ.

Прыгожым дапаўненнем свята стаў канцэрт маладых выканаўцаў Ушаччыны. У тым жа, што юнакі і дзяўчаты маюць не толькі вакальныя, але і розныя працоўныя дасягненні, пацвердзіла ўзнагароджанне. Ва ўрачыстай абстаноўцы 27 перадавікам, прозвішчы якіх сёлета занесены на адмысловую Дошку гонару нашай газеты, уручаны памятныя падарункі. Атрымалі іх і ўсе ўдзельнікі фотаконкурсу “Сямейнае фота – у аб’ектыве “Патрыёта”, які мы праводзілі сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Асобны прыз ад рэдакцыі – вялікі канструктар для сумеснага баўлення часу – атрымала сям’я Плігавак, якая набрала большую колькасць галасоў у праведзеным у сацсетках анлайн-галасаванні.

“Спадзяюся: на мяне не пакрыўдзяцца медыкі, аграрыі, прадстаўнікі іншых сфер дзейнасці, аднак сёння мне асабліва прыемна бачыць на сцэне такую вялікую колькасць маладых педагогаў! – не хавала эмоцый начальнік аддзела па адукацыі М.В.Варава. – Ганаруся, што мне даручана ўзначаліць калектыў такіх адказных, таленавітых спецыялістаў, якіх і сярод старэйшага пакалення нямала”.

Гучнымі апладысментамі сустракалі прысутныя і актывістаў райкама БРСМ. Шэрагу юнакоў і дзяўчат, якія традыцыйна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах і акцыях грамадскага аб’яднання, маладзёжны лідар Дзіяна Калбасава ўручыла Лісты падзякі і памятныя падарункі.

“Адпачываем зараз у санаторыі “Лясныя азёры” і проста не змаглі не раздзяліць з ушачанамі важнейшую падзею, – казалі жыхары Іванаўскай вобласці. – Шчыра кажучы, не думалі, што так дружна святкуеце Дзень Незалежнасці. Спадабалася, што ўсё сканцэнтравана ў адным месцы – вось табе забавы на любы густ, вырабы майстроў, выставы… Дарэчы, многае набылі тут для сябе і сваіх блізкіх”

Увечары ўшачан, гасцей райцэнтра чакаў яшчэ адзін канцэрт і рэспубліканская патрыятычная акцыя “Спяём гімн разам!” Заключным жа акордам свята стала яркае выступленне мясцовага рок-гурта “Цень казак”, якое распачало дыскатэку, што сімвалічна праходзіла на свежым паветры – пад мірным небам Бацькаўшчыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *