В магазине «Берёзка» в Селище умеют найти подход к каждому покупателю

Экономика и малый бизнес

– Два “Каштаны” і каўбаскі? – не паспеў пакупнік пераступіць парог “Бярозкі”, як Ірына Генадзьеўна Васілеўская ўжо даставала з лара курыны паўфабрыкат.

– Не здзіўляйцеся, мы ведаем не толькі хто за чым прыйшоў, але і за якімі пакупкамі зойдуць і на колькі возьмуць, – тлумачыць мне яе напарніца Алена Іванаўна Бараўцова. – Ірына 39 гадоў працуе менавіта ў Селішчы, я мясцовая, так што густы землякоў вывучылі дасканала. Напрыклад, у сям’і Подразаў з Рыбакоў муж любіць “Лучайскі” хлеб, а жонка “Гатаўскі”. Зыходзячы з індывідуальных пераваг вяскоўцаў і фарміруем заказ. Галоўнае ў нашай справе – правільна ўгадаць, каб і хапіла, і не заляжалася. Хаця гэта складана, бо бывае, што і дзевяць боханаў за раз бяруць. Завітваюць і жыхары навакольных вёсак, і аўтамабілісты.

Устаноўка прасторнага павільёна ля шашы ў свой час павысіла прывабнасць гандлёвай кропкі і палепшыла ўмовы працы. Напарніцы зазначаюць, што тавараабарот улетку павялічваецца прыкладна на чвэрць. Прыязджаюць дачнікі, унукі на канікулы, хаця і не так масава, як раней. Ды і работы зараз болей, таму людзі не гатуюць складаныя стравы, а забягаюць за паўфабрыкатамі. Хаця перавагі пакупнікоў пастаянна мяняюцца.

– Калі пачынала працаваць, і двух пачакаў малака не магла прадаць, у вёсцы 80 кароў было, а зараз 70 літраў разыходзіцца. Самае складанае – правільна заказаць колькасць “малочкі”. Таму заўсёды маем у запасе прадукты з большым тэрмінам годнасці. Ды і на хлеб часта заяўку мяняем раніцай у палове шостай, не саромеемся лішні раз патэлефанаваць таваразнаўцу нашай зоны Алене Генадзьеўне Клачок ці начальніку хлебапякарнага цэха Ірыне Аляксандраўне Казлоўскай, каб падвезлі агуркі, малако ці хлеб, калі скончыцца. І дзякуй ім, замінак з гэтым няма, – гаворыць І.А.Васілеўская.

Хаця пакупніцкая здольнасць скарачаецца. Менее насельніцтва, аўтакрамы заходзяць у тыя ж Рыбакі і Селішча, работнікам мясцовага сельгаспрадпрыемства прывозяць тавар у лік зарплаты непасрэдна з Полацкага малочнакансервавага камбіната. Аднак жанчыны імкнуцца прывучаць пакупнікоў да навінак, актыўна заказваюць тавар напрамую ў вытворцаў, цікавяцца іх акцыямі. Немалаважна, каб у “Бярозцы” было танней, чым у канкурэнтаў. Хаця імі прыватную кропку гандлю, якая існуе ў Селішчы, гаспадыні павільёна не лічаць. Пераважная большасць людзей прыходзяць менавіта да іх з-за шырэйшага асартыменту.

Селішчанскі дуэт працуе ў зладжанасці, поўным даверы адна адной. Тут не вылучаюць старэйшую, не дзеляць абавязкаў: уся нагрузка – пароўну. Здараецца, і без выхадных застаюцца, як на гэтым тыдні, калі трэба справаздачы скласці, заяўкі на тавар аформіць, пакупнікоў абслужыць, тавар прыняць. А па панядзелках і чацвяргах да іх заязджае па шэсць машын. Імкнуцца задаволіць пакупнікоў, выканаць план, ад якога залежыць і заробак. І канечне, прыглядаюць за тэрыторыяй гэтай прыдарожнай кропкі. “Заўважылі, што калі прыбрана, стаяць сметніцы, растуць кветкі, то і людзі паводзяць сябе культурна, – зазначаюць жанчыны. – Хоць магазін – сапраўды самае запатрабаванае месца вёскі. Прыходзяць за лекамі, што перадаюць, проста “на сяло” могуць завітаць. Мы ведаем і разумеем патрэбы нашых землякоў і, канечне, рады, калі ў “Бярозцы” людна”.

Вольга Караленка.

Мовай лічбаў

  • За пяць месяцаў гэтага года “Бярозка” рэалізавала на аднаго жыхара тавару на 998 рублёў, а гэта адзін з лепшых паказчыкаў па Ушацкім філіяле. Тэмп росту ў супастаўных цэнах да мінулага года склаў 107 працэнтаў.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *