Благодаря Вере Дрозд Плинский сельский клуб стал любимым местом для детей и взрослых

Общество

Яшчэ няма і года, як Вера Васільеўна Дрозд прыйшла працаваць у Плінскі сельскі клуб, а яе называюць адной з лепшых загадчыц. Землякі закідалі падзякамі вышэйстаячыя інстанцыі, а калегі, бывае, коса паглядаюць на “канкурэнтку”. Так атрымалася, што пасля закрыцця Плінскай школы некаторыя настаўнікі вымушаны былі мяняць род заняткаў. Ну а культурная галіна ўзмацнілася творчымі кадрамі.

“Я адчуваю залу”

Вера Васільеўна сцвярджае, што яна настаўнік, і гэтым ўсё сказана: прывыкла рабіць усё добрасумленна. Я ж пераканана, што не кожны самы выдатны прадметнік можа быць масавіком-забаўнікам. І яна перш за ўсё творчы чалавек, менавіта таму і новая галіна лёгка ёй падалася.

Хаця, дэбютная вечарына ледзь не сарвалася. У поўнай зале аказаўся нецвярозы чалавек, які ўголас каменціраваў кожную яе фразу. “Я слова – ён два. Разумела, што калі раптам нечага не зраблю, ён сапсуе мне мерапрыемства, і цяжка будзе разлічваць на давер і такую масавасаць у далейшым. Сярод прысутных не знайшлося смельчакоў, каб супакоіць яго. І я сама з жартам, усмешкай падышла, узяла пад руку і нешта гаворачы, вывела на вуліцу. Далей кантралявала залу поўнасцю. Я заўсёды адчуваю і трымаю публіку,” – расказвае В.Дрозд.

А ўсё таму, што да кожнага мерапрыемства рыхтуецца скрупулёзна. Ці то навагодні агеньчык, да якога поўнасцю шылі дэкарацыі, каб прыдаць пустой зале адпаведны святочны настрой. Ці імпрэза з нагоды дня нараджэння В.С.Мірановіч, вечар сустрэчы выпускнікоў або выставы работ маладых землякоў-мастакоў. Тэматыка не толькі каляндарная, а перш за ўсё мясцовая. І стаміўшыяся без культурнага жыцця, плінцы ажылі. Ладзяцца не толькі масавыя мерапрыемствы, але і камерныя пасяджэнні клубаў па інтарэсах. Пачала ж Вера Васільеўна з віншаванняў юбіляраў, да якіх заўсёды завітвае з тортам. Зразумела, за свае рахункі, як і наогул усё, што ў першыя месяцы давялося рабіць, паколькі з рабочага інструмента – толькі сцены ды стол. Прынесла свой ноутбук і робіць грунтоўныя прэзентацыі. Пасядзелкі “Плінчаначкі” праходзяць за чаяпіццем з уласных сэрвізаў. У “ціхі куток” з дому перакачавалі шашкі, шахматы, іншыя настольныя гульні. Дзякуй кіраўніцтву цэнтра народнай творчасці – прывезлі тэнісны стол, і з ракеткамі прыходзяць і дзеці, і дарослыя. Клуб зараз – сапраўды любімае месца для любой аўдыторыі.

– Мы ўсё робім сумесна з былой калегай і зараз бібліятэкарам Ірынай Генадзьеўнай Марковіч, не дзелім мерапрыемствы на твае і мае. Упрыгожанне сцэн, стэндаў, падрыхтоўка выстаў, ласункі на салодкі стол – заўсёды рыхтуем разам – перад Новым годам крывавыя мазалі на пальцах былі ад нажніц. Але здаецца, атрымліваецца, у клуб і бібліятэку наведваюцца, а на дыскатэкі моладзь прыязджае і з Ушач. У нас душэўна.

В.Дрозд сама ўгрынская, заканчвала Плінскую школу, падчас працы ў якой напісала шмат доследных работ пра людзей і навакольныя вёскі. Таму лёгка і працуецца, што ведае ўсіх, а яе былыя вучні становяцца памочнікамі і ўдзельнікамі мерапрыемстваў.

Магла б быць нават электрыкам

Наогул да ўсяго, за што б ні бралася, Вера Васільеў­на ставіцца адказна, нават калі гэта проста просьбы падрыхтаваць прэзентацыю ці напісаць верш на заказ. Інакш проста не ўмее. “Слухаем неяк абласное радыё, а там мой верш чытаюць з адкрыцця адной з наваполацкіх школ – прасілі дапамагчы. Аднойчы наогул кур’ёз быў. Рабіла пераклад Гётэ і Шылера – ад гэтага залежала гадавая адзнака ў ВНУ. Дык выкладчык сказала спачатку, што гэта плагіят. Чатыры дні шукала, адкуль, зразумела, не знашла і паставіла высокую адзнаку. У мяне і свой лечачы ўрач ёсць, хоць і ніколі не звярталася: на першым курсе ён стаў “Містэр медуніверсітэта” з маёй візітоўкай, з якой ён, значна адарваўся ад астатніх. Ды што там пераклады ці вершы, і па электрыцы курсавую работу пісала, абклалася літаратурай, але зрабіла.”

Далёка не ўсё даецца лёгка, тым больш на заказ. Але не можа адмовіць блізкім, знаёмым. А мабыць такім чынам і выпрабоўвае сябе. Вера Васільеўна “на ты” з новымі тэхналогіямі. Калі што больш сур’ёзнае, ведае – дапаможа Сяргей Захаравіч Яскевіч. Наогул калектыў былой Плінскай школы вельмі дружны, і яна ўпэўнена: пры просьбе абавязкова падтрымаюць.

Усё лепшае звязана з дзецьмі

У яе вельмі шмат захапленняў, таму пастаянна пры цікавай рабоце. Любіць разводзіць як пакаёвыя, так і вулічныя кветкі. Дома 60 вышывак і зараз чаруе крыжыкам над шыкоўнымі матылькамі. Па прысядзібным участку В.Дрозд можна хадзіць як па батанічным садзе, тут нават асобны куток лекавых траў з мацярдушкай, ісопам, чаборам, якімі потым частуе гасцей, у тым ліку і на клубных пасяджэннях. Яна выдатны агароднік, у якога расце літаральна ўсё. Любімая радыска – “Алёшка”, вінаград – “Вольга”, суніцы – “Александрыя”. Усё звязана з дзецьмі, якіх небеспадстаўна лічыць сваім асноўным дасягненнем. Аляксей – вядучы энергетык Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, у Вольгі тры вышэйшыя адукацыі, зараз гадуе двух сыноў. Саша таксама скончыла філалагічны факультэт, выкладае рускую мову і літаратуру ва Ушацкай школе, добра спявае. Усе творчыя – па маці.

Вершы прыходзяць самі

Пад падушкай у В.В.Дрозд заўсёды ляжыць сшытак і ручка. Калі кладзецца спаць, нават без святла запісвае радкі, што нарадзіліся. “Я працаголік, абавязкова нешта раблю, а калі не занятая, тады пішу вершы. Таму і зборнікаў няма,”– жартуе Вера Васільеўна.

Хаця, аб’яднаўшы ўсё напісанае, ён абавязкова быў бы, ды не сціплы. Бо практычна да кожнага мерапрыемства ці то ў школе, ці зараз у клубе, яна пісала іх: філасофскія, глыбокія, якія закранаюць душу. Пачытаць іх можна будзе і ў агульным зборніку, што рыхтуе зараз цэнтральная бібліятэка сумесна з клубам “Муза”, прысвечаны ён 75-годдзю Вялікай Перамогі. На пытанне, ці ёсць самы любімы, Вера Васільеўна адказвае, што ён яшчэ наперадзе. А даўжэй за ўсё, амаль год, выношвала “Легенду пра вёску Угрынкі”, у аснову якога ляглі аповеды бабулі Еўдакіі Афанасьеўны Гушчы. Ва ўсіх трапна ўвязаны рэдкія беларускія словы. “Я люблю пісаць менавіта на роднай мове, словы гэтыя чула ад блізкіх, яны ўсплываюць самі.” Мяне ж не пакідае адчуванне, што Вера Васільеўна ўсё, нават будзённыя справы, робіць паэтычна.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *