Несмотря на дождливую погоду, на Ушаччине ярко и насыщенно отметили праздник озера

Общество

За тры гады свята возера стала сапраўдным брэндам Вяркудскага сельсавета і палюбілася як карэнным жыхарам прылягаючых да яго берагоў аднайменнага вадаёма вёсак, так і шматлікім дачнікам азёрнага краю. Сёлета яго з нецярпеннем чакалі, а ў дзень правядзення нягледзячы на дажджлівае надвор’е з Вяркуд, Янова, Краснага, Цётча, Павулля ішлі, ехалі і нават плылі на лодках да берага ў Лозах.

Чым былі ўражаны ўсе, хто завітаў на свята, дык гэта прыемнымі зменамі па добраўпарадкаванні вясковага міні-пляжа: ён пашырыўся, пачысцеў. “Яшчэ падчас мінулагодняга свята размаўлялі з вяскоўцамі, што нядрэнна было б акультурыць бераг, зрабіць яго зручным і дастойным месцам адпачынку. І сёлета, калі мы пачалі рыхтавацца да мерапрыемства, нашу ініцыятыву з энтузіязмам падхапілі вяскоўцы і дачнікі. Вялікі фронт работ па скошванні не толькі травы, а і трыснягу зрабілі Віктар і Вольга Баліко, Аляксандр Чурын”, – расказвае загадчык Вяркудскага сельскага Дома культуры Святлана Грак.

Грунтоўна падышлі работнікі СДК і бібліятэкі сёлета і да распрацоўкі сцэнарыя, не хацелі паўтарацца і зрабілі ўпор на танцавальна-забаўляльную праграму. Канечне, не абышлася яна без ужо любімых водных персанажаў. Зноў выдатна справіўся з роляй Нептуна Міхаіл Цецярук, здаецца, лепшай кандыдатуры ў акрузе і не знойдзеш. Кампанію гэтаму казачнаму герою склалі русалкі і лебедзь – Вольга і Таццяна Мацюш, Дар’я Рудак. Забаўляў прысутных і Вадзянік – Аляксандр Рудак. Зрэшты, гэтыя маладыя людзі з задавальненнем прыязджаюць у Вяркуды да Раісы Мацюш, якая спявае ў “Веркужаначцы”. “Ну як было не далучыцца да такога незвычайнага свята? Наша мама з’яўляецца актывісткай усіх клубных мерапрыемстваў, і мы яе вырашылі падтрымаць, тым больш што ролі нам выпалі нескладаныя”, – адзначыла Дар’я.

Акрамя песень у выкананні работнікаў культуры і самадзейных артыстаў СДК усім гасцям прапаноўвалася паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах. Напрыклад, за правільна адгаданыя загадкі азёрнай тэматыкі гледачы атрымлівалі прызы, дзеці і дарослыя спаборнічалі ў імправізаванай лоўлі рыбы.

Тым часам па ўсім беразе “гуляў” прыемны водар юшкі. За гэты накірунак традыцыйна адказваў Мікалай Грак: “У мяне ўжо і спецыяльны святочны чарпак для гэтай мэты адведзены. У чым сакрэт смачнай юшкі? Галоўнае, каб яна была зварана на вогнішчы на прыродзе. Як бы вы ні стараліся, такога эфекту на пліце не атрымаецца! Рыба, бульба, спецыі – вось наш рэцэпт”. Усім, хто завітаў у гэты дзень у Лозы, юшка вельмі спадабалася. Уражваў і стол з пачастункамі, на якім галоўная страва, як і мае быць на такім свяце, – рыба: смажаная, запечаная, фаршыраваная, сушаная. Стараліся ж для гасцей нязменныя ўдзельніцы “Веркужаначкі” – Святлана Грак, Наталля Неруганёнак, Наталля Цецярук, Святлана Ігнатовіч, Раіса Мацюш, Тамара Цянюга, Ніна Кірпічонак. Усю душу гэтыя старанныя жанчыны ўклалі і ў афармленне берага, антураж свята ва ўсіх без выключэння выклікаў захапленне. Так, старэнькая лазня на беразе ператварылася ў галоўны офіс рыбгаса “Робін Гуд”. Побач прапаноўвалася ікра чорная, чырвоная, баклажанная, а таксама шчупак слабасолены. На час правядзення свята на беразе з’явіліся вырабленыя ўласнымі рукамі лебедзі, гарлачыкі і нават рыбак з залатой рыбкай у сетцы. Дарэчы, яго здалёк многія ўспрымалі за сапраўднага, а разгледзеўшы, абавязкова фатаграфаваліся.

“Для невялікіх і ціхіх Лозаў гэта сапраўдная падзея. Дзякуй за старанні ўсім, хто меў дачыненне да мерапрыемства, за тое, што падарылі людзям добры настрой!” – меркаванне многіх выказала старшыня Вяркудскага сельвыканкама В.Маслак.

Ніхто не хацеў разыходзіцца, нават калі праграма была вычарпана, а гэта толькі падкрэслівае, што свята возера ў чарговы раз удалося. Ну а арганізатары ўжо пачалі выношваць планы, чым будуць здзіўляць гасцей у наступны раз.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *