На территории Ушачского района прогуливается зубр

Калейдоскоп

Незвычайную карціну ў панядзелак мелі магчымасць назіраць жыхары і госці Ушаччыны – па сельскіх аколіцах разгульваў вялізны зубр. Па словах відавочцаў, жывёла практычна не баіцца людзей – многія падыходзілі, каб сфатаграфаваць ці зняць яе на відэа.

“Вялікую постаць на правай абочыне дарогі непадалёк ад комплекса “Хадакова” заўважыў каля 10 гадзін раніцы, калі ехаў на сваім аўто ў Віцебск, – расказвае жыхар вёскі Лабані Мікалай Макаравіч Пятніца. – Спачатку падумаў, што хтосьці вядзе каня. Калі ж пад’ехаў бліжэй, схамянуўся – у спадарожным накірунку ішоў дарослы зубр. Пачуўшы гукі тармазоў, той спешна збег у кусты, а ўжо праз колькі хвілін зноў выйшаў на абочыну і “культурна” працягнуў рух у бок Дубраўкі”. У гэты ж дзень бачылі магутнага звера ў Залужэнні, Салаўёўцы. Цікава, куды ён накіроўваецца?

– Набліжацца да зубра нельга, – кажа начальнік Ушацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук. – Невядома, як той можа сябе павесці. Калі звер усё ж сустрэўся на вашым шляху, не шуміце, не рабіце рэзкіх рухаў і без спешкі адыходзьце. І што не менш важна: наносіць траўмы і калецтвы зубру строга забаронена! Гэта рэдкі чырвонакніжны від, забойства ці раненне якога цягне за сабой крымінальную адказнасць.

Па словах Міхаіла Аляксандравіча, зубры часам могуць адбівацца ад статка і адыходзіць за 100 кіламетраў. Гэта абсалютна нармальна. Але яны заўсёды вяртаюцца да свайго месца пражывання – хутчэй за ўсё гэты лясны госць завітаў на Ушаччыну з рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Чырвоны бор”, размешчанага на тэрыторыі Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *