Детская школа искусств готовится к открытию

Общество

Роўна праз месяц новая дзіцячая школа мастацтваў павінна напоўніцца музыкай і галасамі юных навучэнцаў. Каб паспець да 1 верасня, у апошнія месяцы будаўнікі працуюць у напружаным рэжыме. На рэканструкцыі штодня задзейнічана каля 60 чалавек. Пра гатоўнасць аб’екта мы даведаліся, зазірнуўшы на будаўнічую пляцоўку.

Унутры памяшкання завяршаюцца аддзелачныя работы, большасць вучэбных класаў ужо поўнасцю гатовы, у некаторых засталіся апошнія штрыхі – афарбоўка падлогі. Пакладзена плітка ў калідорах, санвузлах і душавых.

– На першым паверсе працуем мы, а на другім – шумілінскія калегі, – праводзячы экскурсію па аб’екце, расказвае вытворца работ і па сумяшчальніцтве выконваючы абавязкі дырэктара ПМК-66 Мікалай Паўлавіч Грыневіч. – Але ў цэлым работу не дзелім на сваю і чужую, падмяняем, дапамагаем адзін аднаму, ажыццяўляем расстаноўку сіл у залежнасці ад наяўнасці спецыялістаў. Напрыклад, хоць першы паверх і знаходзіцца ў зоне нашай адказнасці, але пакуль работнікі сёння заняты на вонкавых работах, абсталяваннем канцэртнай залы зай­маюцца шумілінцы. Яна будзе не толькі прыгожай і прасторнай, а і зручнай для гледачоў – размяшчэнне пасадачных месцаў робіцца пад ухілам, каб выдатна праглядалася сцэна. Камфортна будзе і артыстам за кулісамі, дзе прадугледжаны спецыяльныя пакоі-грымёркі. Яшчэ пэўных дапрацовак патрабуе фае і непасрэдна цэнтральны ўваход.

“Ушачы ўжо сталі для нас родным горадам: за апошнія два гады будавалі дзве шматпавярхоўкі, працавалі на рэканструкцыі дзіцячага садка, музея народнай славы, прыемна прыкласці руку і да дзіцячай школы мастацтваў, стараемся рабіць ўсё і хутка, і якасна”, – кажа старшы майстар шумілінскай ПМК-50 Арцём Аляксандравіч Рысоўцаў.

Літаральна на вачах пераўтвараецца і сам будынак, набываючы крэмава-аранжавую афарбоўку. “Менавіта такі колер прадугледжаны праектам, думаецца, што ён вельмі падыходзіць установе, дзе будуць займацца творчыя дзеці. Яркі, ён бачны здалёк і будзе ўздымаць усім настрой”, – адзначаюць вопытная маляры ПМК-66 Вольга Іванаўна Александровіч і Раіса Пятроўна Мончанка (на здымку).

І калі будынак хутка ўжо будзе гатовы, то на добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі яшчэ трэба папрацаваць. Зараз будаўнікі ўкладваюць тратуарную плітку. Зрэшты, гэты элемент таксама мае свае асаблівасці: на дарожках – распаўсюджаная – шэрага колеру, а на пляцоўцы перад установай – 3D плітка – шэрага, жоўтага, чырвонага. “Гэта таксама прадугледжана праектам, калі глядзець з аднаго боку, то бачна больш жоўтага, з другога – чырвонага, а з трэцяга – “пераплятаюцца” ўсе тры. Хоць і больш складана яе ўкладваць, аднак, бясспрэчна, атрымліваецца вельмі прыгожа”, – расказвае М.П.Грыневіч.

Стараюцца будаўнікі хутчэй завяршыць усе работы, пасля чаго распачнецца апошні этап – навядзенне парадку і ўстаноўка мэблі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *