Фитнес в воде и соревнования по скалолазанию. «Юность-Ушачи» возвращается к привычному режиму работы

Калейдоскоп

Пандэмія істотна сцішыла сёлета спартыўнае жыццё. Многія залы і арэны на пэўны час страцілі наведвальнікаў, панеслі значныя ўбыткі. Аднак зараз попыт на іх паслугі аднаўляецца – як і нагода вярнуць спартыўную тэму на нашы старонкі. Мы пабывалі на комплексе “Юнацтва-Ушачы” і пацікавіліся, чым жыве зараз наш буйны спартыўны аб’ект.

Бурляць блакітныя дарожкі

Як аказалася, адноснае зацішша тут панавала толькі вясной, калі каранавірус набіраў абароты. А ўжо з сярэдзіны чэрвеня комплекс зноў загучаў задорнымі галасамі аматараў здаровага ладу жыцця. З “аншлагам” тут прайшлі дзве змены спартыўнага лагера, дзе адпачывалі выхаванцы Ушацкай ДЮСШ і секцый фізкультурна-спартыўнага клуба. Хоць па зразумелых прычынах адпаў гэтым летам расійскі “сегмент” жадаючых прыехаць ва Ушачы на трэніровачныя зборы, радкі раскладу шчыльна запоўнілі беларусы, а многім нават прыйшлося адмаўляць. У нас ужо паспелі пабываць юныя пяціборцы са сталічнай СДЮШАР, плыўцы з мінскага і пастаўскага спартклубаў, бурляць блакітныя дарожкі і зараз: гарадскі цэнтр алімпійскага рэзерву па водных відах спорту г.Мінска праводзяць на базе “Юнацтва-Ушачы” спартыўна-аздараўленчы лагер. “Мы ўжо ў вас як дома, – адзначае начальнік лагера Наталля Бучанкова. – Ладзім ва Ушачах зборы літаральна з самага адкрыцця комплексу. Плыўцам не так проста падабраць зручную базу, а тут усё сышлося проста ідэальна: басейн, цудоўная трэнажорная зала, ёсць дзе праводзіць бегавыя практыкаванні. А сёння, напрыклад, у нас запланаваны занятак па пілатэсе з ушацкім інструктарам: плаванне – даволі манатонны від, таму імкнёмся разнастаіць працэс, каб дзецям было цікава. Хочацца падзякаваць і за вельмі смачнае харчаванне. Адно шкада: з-за абмежаванай колькасці месцаў для пражывання не можам прывозіць больш выхаванцаў (іх у нашым цэнтры 600), а таму вельмі хочам, каб ля комплексу ўзвялі гасцініцу”.

Фітнэс… у вадзе

У ліку наведвальнікаў нашага басейна ёсць дзве арганізаваныя групы лепяльчан, якія штотыднёва прыязджаюць на комплекс. Інструктар ФСК Віталь Бутоўскі праводзіць для іх заняткі па аквааэробіцы, якія вельмі падабаюцца гасцям. Цяпер жа гэты від актыўнага адпачынку прапануюць і ўшачанам: зараз ідзе набор у адпаведную групу. Весці заняткі будзе інструктар-метадыст ФСК Алена Валенцік (на здымку), якая скончыла сёлета Полацкі дзяржуніверсітэт і прыйшла на сваё першае працоўнае месца з энтузіязмам і цікавымі ідэямі. “Аквааэробіка – надзвычай эфектыўны від фітнэса, які спрыяе развіццю мышцаў, пахудзенню, выпраўленню постаці. Практыкаванні выконваюцца ў вадзе. Кошт заняткаў будзе невялікім, так што запрашаем усіх, хто хоча быць прыгожым і здаровым!” – адзначае малады спецыяліст.

Пакаралі скаладром

Ладзяцца ўжо на комплексе і спаборніцтвы. Нядаўна, напрыклад, прайшоў дэбютны раённы турнір па скалалажанні. Удзельнікі былі падзелены на дзве групы адпаведна ўзроўню майстэрства. Пераможца вызначаўся па часе праходжання чатырох маршрутаў на скаладроме. Такім чынам, лепшым у падгрупе “Б” стаў самы юны скалалаз – Ілья Крахотка, які сёлета пойдзе ў 4-ты клас. У спаборніцтве мацнейшых хутчэй за іншых справіўся з маршрутамі Аляксей Броўка, другі вынік паказаў Максім Грышчанка, трэці – Ксенія Крахотка.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *