Порядок на усадьбе и в рабочих делах. Татьяна Клачок всё делает старательно и от души

Калейдоскоп

“А падкажыце, якія дамы і падворкі ў Касарах самыя прыгожыя?” – з такім пытаннем звярнуліся мы да некалькіх жыхароў названай вёскі, а па іх меркаваннях хутка вызначылі лідараў конкурсу мясцовых сімпатый. Ганаровае месца ў прызавой тройцы дасталася сядзібе Мікалая і Таццяны Клачок – і сапраўды, іх прывабны дом на Цэнтральнай вуліцы адразу прыцягвае погляд.

Хоць пра свой візіт мы не папярэдзілі, гаспадыня аднеслася да нас з уласцівай вясковым жыхарам прыхільнасцю. “Гэты дом муж узвёў сваімі рукамі, ён у мяне сапраўдны майстар! Чатыры гады ішло будаўніцтва, у складаных работах дапамагалі браты, і вось у 2000-м справілі доўгачаканае наваселле, – расказвае Таццяна Сямёнаўна. – Пазнавата вы прыехалі, асноўная прыгажосць на падворку ўжо адцвіла, ды і часу, каб навесці парадак, катастрафічна не хапае!”

Гэта і нядзіўна: пасада загадчыцы фермы, якую жанчына займае трэці год, адказная і клапотная. “Малочную” справу яна ведае дасканала, бо дагэтуль нямала часу адпрацавала лабарантам у гаспадарцы. Калі ж загадчык МТФ “Цыганок” Іван Іванавіч Сініца пайшоў на пенсію, тагачасны дырэктар “Вялікадолецкага” Іван Піліпавіч Дарошчанка, які выдатна разбіраўся ў людзях, прапанаваў стараннай работніцы ўзначаліць ферму. Хоць і боязна было, але не змагла адмовіць паважанаму кіраўніку – ён, прынамсі, і зараз перыядычна тэлефануе жывёлаводам, цікавіцца справамі, віншуе са святамі… А яшчэ стаць загадчыцай яе ўгаворвалі дзяўчаты-даяркі, абяцалі ва ўсім дапамагаць. На іх жа цалкам можна разлічваць: Яўгенія Алексяёнак, Валянціна Касяк, Алена Бажанава – і работніцы добрыя, і людзі сумленныя. Увогуле Таццяна Сямёнаўна адзначае, што калектыў на “Цыганку” (а пад яе кіраўніцтвам зараз працуюць сем даярак і восем пастухоў) склаўся неблагі, практычна ўсе на ферме ўжо доўгі час. Зараз у зоне іх адказнасці 400 галоў кароў, а таксама маленькія цяляткі, якіх гадуюць да месяца-паўтара, а потым пераводзяць у асобны хлеў. “Канечне, складана, – прызнаецца жанчына. – Уставаць даводзіцца а палове пятай, зараз, напрыклад, два нашыя гурты знаходзяцца ля Мазуліна і Папоўкі, пераадольваем гэты маршрут па некалькі разоў. У перапынках жа трэба паспець справіцца і з уласнай падсобнай гаспадаркай, і агарод да ладу давесці. Але ж да такога рытму жыцця я ўжо прывыкла!”

І хоць сумаваць ёй няма часу, з нецярплівасцю чакае жанчына, калі ў іх утульным доме загучаць родныя мужчынскія галасы: прыедзе на выхадныя муж, які працуе ў Мінску, і сын, што летась пачаў урачэбную кар’еру ў адной з клінік Віцебска. Не так даўно, да слова, у іх адбылася адметная падзея: малады хірург Юрый Клачок зрабіў сваю першую самастойную аперацыю. І хоць потым шчыра прызнаўся маме, што моцна хваляваўся, планавае выдаленне апендыцыту прайшло паспяхова! Ужо з дзяцінства сын радаваў бацькоў добрай вучобай, базавыя веды атрымаў у Касарской школе, умацаваў іх у Лужаснянскай гімназіі для адораных дзяцей, калі ж яе перапрафілявалі, вярнуўся ў Вялікія Дольцы і менавіта тут, пад уплывам Віктара Мікалаевіча Шышова і іншых педагогаў, канчаткова абраў будучую прафесію.

Зрэшты, не так важна, якой менавіта справе прысвячае жыццё чалавек, галоўнае, каб рабіў ён гэта сумленна і ад душы – у сям’і Клачкоў, прынамсі, гэтак і прынята.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *