Лишь бы погода не подвела, или Как проходит уборочная страда в КУСХП «Великодолецкое»

Сельское хозяйство

Урочышча Чыстабор’е, дзе на мінулым тыдні працавала палова камбайнаў КУСГП “Вялікадолецкае”, з шашы да цэнтральнай сядзібы гаспадаркі практычна не бачна. А плошчы, між іншым, тут значныя, хоць і раздзелены кустоўем на невялікія ўчасткі. На сяўбе ці ворыве пошук тэхнікі на такіх палях звычайна ўскладняецца, але гэта не пра жніво – дастаткова прыстроіцца ад складской гаспадаркі за трактарам або аўтамабілем, занятым на адвозцы зерня, і неўзабаве трапіш да месца працы збожжаўборачных агрэгатаў. Пыл за імі, праўда, сцяной, але механізатары ўвагі на гэта практычна не звяртаюць – наадварот, рады сухому надвор’ю, якое дазваляе ўбіраць хлеб без прастояў.

Здараюцца яны хіба што па прычыне паломкі камбайнаў. Вось і ў дзень, калі мы наведалі “Вялікадолецкае”, рамонтам на мехдвары займаўся Рыгор Філімонаў. Новай тэхнікі не набывалася даўно, таму, па словах хлебаробаў, верагоднасць таго, што нават у старанна падрыхтаваным да ўборкі агрэгаце штосьці выйдзе са строю, высокая – проста з-за зношанасці, “стомленасці металу”.

Сказаць, што да яе не схільны людзі, будзе пакрывіць душой. “Стамляемся, канечне, – кажа Сяргей Майсяёнак, вадзіцель школьнага аўтобуса, які падчас канікул на ўласным ГАЗ-53 дапамагае вялікадолецкім аграрыям на жніве. – Учора, напрыклад, апошні бункер хлопцы дамалочвалі ўжо пры свеце фар. Зерне адвёз, потым машыну перагледзеў – яна амаль мая равесніца. Таму дадому ў Баяршчыну дабраўся ўжо каля паловы дванаццатага вечара. А ля ўласнай сядзібы таксама працы хапае, жывёлу трымаю.”

Хлопцамі, якія “забяспечылі” лічы што начную змену С.Майсяёнку, з’яўляліся Раман і Аляксей Рудзёнкі. Гэты сямейны экіпаж таксама немясцовы. Раман прыйшоў на жніво з ушацкага філіяла АТП №6 г.Наваполацка, Аляксей наогул працуе ў Полацку, а брату дапамагае ў свае выхадныя. Трэба адзначыць, што нягледзячы на даволі малады ўзрост, яны з’яўляюцца камбайнерамі са стажам, што і не дзіўна – цікавасць да тэхнікі і ўменне працаваць на ёй у матырынскіх хлопцаў з дзяцінства, ад бацькі, які мае вялізны механізатарскі стаж, ды і зараз яшчэ працягвае сваю дзейнасць у філіяле “Маяк-Ушацкі”. Камбайнам, які ім дастаўся ад Васіля Алексяёнка, браты задаволены, казалі, што падрыхтавалі КЗС-1218 “Палессе” да ўборачнай без асаблівых праблем.

Астатнія ўдзельнікі жніва ў “Вялікадолецкім” свае і добра знаёмыя – браты Рудзёнкі працавалі побач з Андрэем Смаляком і Юрыем Альбіновічам, на іншых участках у гэты дзень былі задзейнічаны Сяргей Вусько на нязменнай “Лідзе-1300” і Віктар Жванскі, пераможца мінулагодніх спаборніцтваў на ўборачнай сярод камбайнераў на КЗС-10 “Палессе”. За плячыма ўсіх іх не адно жніво. На камбайне ж Ягора Мацюша выйшла са строю электроніка, але механізатар у чаканні спецыялістаў-рамонтнікаў не прастойваў, а перасеў на трактар і адвозіў зерне. Гэтай справай, акрамя адзначаных вышэй, займаюцца таксама трактарысты Генадзь Качан і Віталь Бука, вадзіцелі ГАЗ-53 Міхаіл Клопаў і Сяргей Бука, Аляксандр Майсяёнак на МАЗ-555. Па словах хлебаробаў, шафёрам грузавікоў даводзіцца адлучацца на іншыя віды перавозак, і каб не гэта акалічнасць, то ў прынцыпе тэхнікі ў гаспадарцы хапае.

Як і ў папярэднія гады, у “Вялікадолецкім” падрыхтаваны тры зернесушылкі М-819 – у аграгарадку, Касарах і Казімірове. Надвор’е пакуль літасціва да аграрыяў, але “полькі” не прастойваюць, займаюцца дасушкай – хоць збожжа ў асноўным і паступае з палёў з прымальнай вільготнасцю ў 14 працэнтаў, але не ўсё. Напрыклад, у ранішнія рэйсы, калі яшчэ не зусім высахла раса, а таксама са значнай засмечанасцю, яна вышэйшая.

Мы ўжо расказвалі, што “Вялікадолецкае” першым сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна выканала дзяржзаказ па пастаўках збожжа. Паралельна са жнівом займаюцца тут і асновай будучага ўраджаю – закладкай насення азімых, яго нарыхтавалі на 100 працэнтаў ад патрэбы. Зразумела, што будуць спрабаваць палепшыць рэпрадукцыйнасць. Як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі А.В.Зянюк, эліта і суперэліта каштуе нятанна, а лішніх сродкаў, як заўсёды, не стае, таму ўжо зараз шукаюць варыянты абмену.

Калі ў аўторак раніцай тэлефанаваў Аляксандру Віктаравічу, у “Вялікадолецкім” планавалі выпусціць у поле ўсе сем камбайнаў. Няспраўнасці ліквідаваны дарэчы – азімыя ў гаспадарцы скончылі яшчэ на мінулым тыдні, але хапае і яравых: заставалася 190 гектараў пшаніцы, 134 ячменю і 193 лубіну і вікавай сумесі, якія займаюць каля 40 працэнтаў ад агульнага зерневага кліну. Ураджайнасць, канечне, меншая, чым у азімых, таму тым больш важна як мага хутчэй скончыць жніво, каб збожжа не перастаяла, не асыпалася. Працаўнікі “Вялікадолецкага” гэта разумеюць, гоняць жартамі стомленасць, кажуць: “Не прывыкаць – пацерпім, абы надвор’е не падвяло!”

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *