Ни дня без книги. 35 лет библиотечному делу отдала Татьяна Горбатенко

Общество

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так бібліятэка – з абанемента. Менавіта тут наведвальнікі знаёмяцца з храмам кнігі, вызначаюцца з чытацкімі прыярытэтамі. І ад таго, хто суправаджае іх на гэтым шляху, залежыць многае. У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Е.Лось праблем з гэтым няма – штодня прапагандуе ўшачанам чытанне бібліятэкар з 35-гадовым стажам, даўні аматар кнігі Т.Б.Гарбаценка.

Колькі твораў прачытала за жыццё ўраджэнка Дзісны Міёрскага раёна, сказаць складана – лік ідзе на дзясяткі тысяч. Часта хварэючы ў дзяцінстве, шмат часу яна праводзіла за кнігай. Ужо ў шасцігадовым узросце, у адрозненні ад большасці аднагодак, хутка чытала. Бралася за розныя жанры, аднак любімым творам сталі “Прыгоды Тома Сойера” Марка Твена – яго перачытвала не раз, прычым і ў сталым узросце.

У ліку любімых прадметаў у школе акрамя літаратуры была замежная мова. Таму да апошняга вагалася Таццяна Браніславаўна ў выбары будучай прафесіі – вабілі бібліятэчная справа і педагогіка. Атрымаўшы ж грамату за поспехі ў вывучэнні гісторыі, а такая адзнака ў той час вызваляла абітурыента ад здачы ўступнага экзамену па прадмеце, аддала перавагу спецыяльнасці, дзе гэта можна было прымяніць. Так, для гарантаванага паступлення ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум патрабавалася толькі ўдалае сачыненне – а іх Т.Б.Гарбаценка пісаць умела і любіла. Дарэчы, спрабавала сябе Таццяна Браніславаўна і ў паэзіі. У вольны час і зараз можа штосьці “накідаць” для душы.

Працоўную дзейнасць у бібліятэчнай сістэме аднаго з суседніх раёнаў жанчына пачынала ў 1985 годзе. Калі ж даведалася, што на Ушаччыне ёсць дэфіцыт такіх кадраў, не задумваючыся сабрала чамаданы. Так, 33 гады назад Т.Б.Гарбаценка прыйшла ў раённую бібліятэку імя Е.Лось, дзе на розных пасадах працуе па сённяшні дзень. Завочна скончыла Мінскі інстытут культуры, тры дзясяткі гадоў была загадчыцай аддзела абслугоўвання і інфармацыі, а зараз выконвае функцыі бібліятэкара на, бадай, самым адказным “участку” – абанеменце.

– Атрымліваю ад сваёй работы вялізнае задавальненне, бо штодня маю зносіны з цікавымі людзьмі, – прызнаецца жанчына. – Паколькі многае (дарэчы, кніжны фонд зараз складае каля 30 тысяч экземпляраў) прачытала сама, пастаянным наведвальнікам, густы якіх добра ведаю, без праблем магу штосьці прапанаваць. Для навічкоў жа праводжу спачатку міні-экскурсію па бібліятэцы, цікаўлюся інтарэсамі. Дарэчы, мяне вельмі радуе, што нямала сярод чытачоў працоўнай моладзі.

Многія ж прадстаўнікі старэйшага пакалення з задавальненнем наведваюць пасяджэнні клуба цікавых сустрэч “Ушачане”, бяззменным кіраўніком якога з 2003 года з’яўляецца Т.Б.Гарбаценка. Кожны месяц яны наладжваюць творчыя мерапрыемствы з запрашэннем гасцей, у сяброўскай атмасферы абмяркоўваюць хвалюючыя тэмы. Стараюцца выязджаць “ушачане” і за межы раёна – так, напрыклад, адным з самых яркіх атрымалася знаёмства з бібліятэкай імя Я.Маўра ў Віцебску, дзе арганізавана работа такога ж клуба.

Кніга для Таццяны Браніславаўны – найлепшыя лекі ад любой немачы. Вельмі любіць пачытаць, хоць некалькі старонак перад сном – і гарантаваны душэўны спакой. Сапсаваўся настрой – варта ўзяць штосьці з класікі. Адзінае, на што звяртае ўвагу жанчына, – твор, якім бы “сумным” ні быў пачатак, трэба абавязкова дачытаць да канца: самы “смак” бывае як раз там.

– Я не вельмі люблю фантастыку і рэалістычныя аповесці пра вайну (як чалавека ўспрымальнага апошнія мяне вельмі засмучаюць), – кажа Т.Б.Гарбаценка. – Усё ж астатняе чытаю з інтарэсам, прычым, па некалькі разоў. Таго ж Драйзера, Мятліцкую ў юнацтве ўспрымала інакш. Сярод маіх хобі – прагляд экранізаваных твораў, аднак, лічу, ён не павінен папярэднічаць прачытанню.

Не ўпускае Таццяна Браніславаўна і магчымасці наведаць кніжны магазін – калі бывае ў дачкі ў Віцебску, абавязкова заходзіць. Ніколі, упэўнена яна, электронны варыянт кнігі не заменіць папяровы, беручы ў рукі які, атрымліваеш сапраўдную асалоду.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *