Про пин-код — никому! Несколько ушачан лишились своих денег, доверившись мошенникам

Профилактика и безопасность

Не паверыце, але лепшым памочнікам злачынцы часта з’яўляецца… сам пацярпелы. Асабліва гэта датычыцца спраў, звязаных з крадзяжом грашовых сродкаў з банкаўскіх плацежных картак. Як нам паведамілі ў райаддзеле ўнутраных спраў, ёсць падобныя факты і на Ушаччыне.

Так, у жніўні на мабільны тэлефон жыхаркі райцэнтра паступіў званок – на тым баку прадставіліся службай бяспекі банка і паведалі, што да карткі жанчыны хтосьці спрабуе атрымаць несанкцыянаваны доступ. “Каб мы маглі спыніць злачынцу, спатрэбяцца даныя Вашай карткі”, – пераканаўча прагучала ў трубцы – і грамадзянка, не ўбачыўшы падвоху, прадыктавала яе рэквізіты, тэрмін дзеяння і нават СVV-код. Ужо праз 13 хвілін з рахунку былі спісаны ўсе наяўныя сродкі, а гэта 164 рублі.

Такім жа чынам, але на большую суму – каля 700 рублёў – “збяднела” ў апошні месяц лета пенсіянерка з Наваполацка. Ашуканцы звязаліся з грамадзянкай, калі тая знаходзілася на дачы ва Ушацкім раёне.

Пагарэла на даверлівасці і маладая ўшачанка, якая меркавала прадаць дзіцячы касцюм праз інтэрнэт. Нібыта патэнцыяльны пакупнік прапанаваў перавесці неабходную суму на банкаўскую картку жанчыны. Такая здзелка яе натхніла – і ўсе неабходныя для крадзяжу сродкаў даныя хутка аказаліся ў зламысніка. Замест чаканага папаўнення балансу грамадзянка недалічылася 150 рублёў.

Яшчэ адным спосабам завалодання рэквізітамі банкаўскіх плацежных карт з’яўляецца фішынг. На шчасце, з ім жыхары раёна пакуль не “пазнаёміліся”. Як патлумачыў старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта А.Крахотка, злодзеі рассылаюць людзям электронныя паведамленні, у якіх змяшчаецца спасылка на сайт, знешне падобны на сапраўдны. Калі карыстальнік трапляе на яго, ашуканцы прапануюць увесці інфармацыю, якая дазваляе ім атрымаць доступ да акаўнтаў і банкаўскіх рахункаў. Так, 11 верасня жыхарка Віцебска зайшла на падроблены сайт інтэрнэт-банкінгу, дзе ўвяла даныя сваёй плацежнай банкаўскай карты. У выніку ў жанчыны выкралі звыш 360 рублёў.

Праваахоўнікі нагадваюць: для абароны грашовых сродкаў кліентаў у банка ёсць уся неабходная інфармацыя – фінансавая ўстанова не павінна пытацца ў вас ні рэквізіты карткі, ні пашпартныя даныя. Нікому не паведамляйце іх, а таксама коды, якія банк накіроўвае вам у выглядзе смс. У выпадку паступлення падазроных званкоў неадкладна завяршыце размову, звярніцеся ў кантакт-цэнтр банка, які выпусціў картку (па нумары з афіцыйнага сайта банка ці ўказаным на картцы), раскажыце пра сітуацыю і далей прытрымлівайцеся рэкамендацый супрацоўніка ўстановы. Калі вам прыйшло паведамленне аб тым, што вы выйгралі прыз у конкурсе, у якім не ўдзельнічалі, не пераходзьце па спасылцы, не ўказвайце логін і пароль ад персанальных старонак у сацыяльных сетках. Калі ў апошніх сябар папрасіў аб пераводзе грошаў, удакладніце патрэбу ў такой дапамозе па тэлефоне: магчыма, старонка чалавека ўзламана. Пры выяўленні чужой банкаўскай карты не выкладвайце яе фатаграфіі з рэквізітамі ў інтэрнэт – аднясіце знаходку ў банк.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *