Педагогика — дело семейное! Почти 30 лет в детском саду работает Татьяна Сандюк, по её стопам пошли и дочери Екатерина и Ольга

Общество

За амаль тры дзясяткі гадоў работы ў яслях-садзе №4 г.п.Ушачы праз музыкальнага кіраўніка Таццяну Якаў­леўну Сандзюк прайшлі сотні хлопчыкаў і дзяўчынак, з якімі яна развучвала песні, танцы, рыхтавала выступленні да ранішнікаў і святаў. А сёння ўжо яе былыя выхаванцы вядуць у садок сваіх дзетак. За што б ні бралася гэтая жанчына, усё ў яе атрымліваецца душэўна, займальна, арыгінальна. Узялі прыклад з маці і пайшлі ў педагогіку і абедзве яе дачкі – Кацярына і Вольга.

З дзяцінства Таццяну цягнула да музыкі. І калі многія яе аднакласнікі пасля ўрокаў закідвалі партфель і беглі гуляць, яна спяшалася на заняткі ў музычную школу, дзе асвойвала цымбалы і баян. Вырашыла з гэтым накірункам звязаць свой прафесійны шлях, паступіла ў Наваполацкае музвучылішча. “Па размеркаванні трапіла ў родны раён, у Малых Дольцах на той момант дзейнічаў філіял школы мастацтваў, – прыгадвае Таццяна Якаўлеўна. – У мяне было дзве цымбалісткі і шэсць баяністаў. Ладзілі цікавыя ўрокі і мерапрыемствы, наш хор займаў прызавыя месцы на розных конкурсах, год працы там для мяне праляцеў імгненна, а ўвесь астатні працоўны шлях і прайшоў у садку”.

Усе гэтыя гады на рабочым месцы яна штодня выкладваецца на 100 працэнтаў. Уявіце сабе, як няпроста развучыць з малышамі песню, утрымаць увагу непаседаў, ды і ўвогуле іх зацікавіць. Яслі-сад мае фальклорны накірунак работы, а таму тут нярэдка праводзяцца тэматычныя святы. Заўсёды запамінальным атрымліваецца выступленне музычнага кіраўніка і яе выхаванцаў на раённых мерапрыемствах. Так, Таццяна Якаўлеўна грае на цымбалах, а хлопчыкі і дзяўчынкі падтанцоўваюць і дапаўняюць мелодыю бубнамі, трашчоткамі. Зрэшты, уласныя цымбалы яна прынесла з дому ў садок, каб не стаялі без справы, а дзеці цікавяцца інструментам, ды і фальклорным мерапрыемствам яны надаюць асаблівы каларыт. Акрамя музычных заняткаў Т.Я.Сандзюк вядзе яшчэ і танцавальны гурток “Гарошынкі”, а таксама выкладае музыку ў першым класе, які знаходзіцца на базе садка. “Што да танцаў, то асвойвала іх самастойна, пры дапамозе ўрокаў у інтэрнэце. З першаклашкамі падабаецца таксама працаваць. На ўроках мы не сядзім, а пастаянна рухаемся, шукаю розныя формы работы, каб музыка для іх была ў ліку любімых урокаў!” – кажа Таццяна Якаўлеўна.

Да таго ж, педагог вядзе ва ўстанове і “Мацярынскую школу”, дзе будучыя выхаванцы з мамамі рыхтуюцца да “паступлення” ў садок . На плячах гэтай жанчыны яшчэ і грамадская нагрузка: ужо не адзін год яна з’яўляецца прафсаюзным лідарам свайго калектыву. Плённая дзейнасць Таццяны Якаўлеўны не раз адзначалася граматамі розных узроўняў, а яшчэ натхніла выбраць педагагічную сцяжынку і яе дачок. Старэйшая Кацярына пачынала ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, а зараз працуе ў вучэбна-метадычным кабінеце аддзела па адукацыі райвыканкама. “Мама заўсёды была для мяне аўтарытэтам і прыкладам. Музыку ў якасці асноўнага накірунку я не абрала, а вось тое, як яна працуе з дзецьмі, грунтоўна рыхтуецца да заняткаў, заўсёды падабалася”, – адзначае Кацярына.

Летась у калектыў ясляў-сада №1 гарпасёлка пасля заканчэння Полацкага дзяржуніверсітэта ўлілася і Вольга Сандзюк. Дзяўчына вельмі любіць дзяцей, а таму не задумваючыся абрала прафесію выхавацеля. Трэба бачыць, як хінецца да яе дзятва другой малодшай групы! І кожнаму яна паспявае ўдзяліць увагу, штосьці расказаць, паказаць і падбадзёрыць, калі нехта засумаваў па доме. Немалаважны факт, што і бацькам выхаванцаў вельмі падабаецца малады спецыяліст. Вольга прызнаецца, што напачатку было няпроста, падтрымлівалі ж, давалі парады ў першую чаргу менавіта мама і сястра.

Яны не толькі добрыя педагогі, а і выдатныя гаспадыні, рукадзельніцы – напрыклад, усе цудоўна вышываюць крыжыкам. А яшчэ проста добразычлівыя і шчырыя людзі, якія ўмеюць заваяваць прыхільнасць і ў дзетак, і ў дарослых.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *