Каля 10 пройдзеных за дзень кіламетраў па маршруце “школьны стадыён – спартыўная зала” (крокамер гераіні нашага аповеду часта паказвае лічбы ў 20-25 тысяч). Двойчы сарваны на старце прафесійнай дзейнасці голас (урокі на спартпляцоўцы патрабуюць ад педагога камандзірскага тону). І заўсёды ажыўленая мітусня вакол. Нягледзячы на невялікі працоўны стаж, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ушацкай школы Ю.М.Красілевіч паспела заваяваць аўтарытэт у вучняў.
Сама Юлія Мікалаеўна пасябравала са спортам яшчэ ў дзяцінстве. Жывучы ў Глыбачцы, бегала з сябрамі на каток, ганяла па ваколіцах на веласіпедзе. У Арэхаўскай школе была вучаніцай профільнага фізкультурнага класа. Захаплялася лёгкай атлетыкай, паказвала добрыя вынікі ў бегу і скачках у даўжыню. Прыхільніцай спорту заўсёды была маці Юліі, цётка ж фізічнай культуры прысвяціла прафесійную дзейнасць. Яны не толькі падштурхоўвалі трэніравацца, але і зарадзілі мару звязаць будучыню са спортам.
Набыўшы спецыяльнасць выкладчыка фізкультуры, менеджара спорту і турызму ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, Юлія ў 2012 годзе пагрузілася ў любімую справу ва Ушацкай школе. У калектыў улілася хутка – падтрымалі ва ўсіх пачынаннях адміністрацыя, вопытныя калегі. Ды і работа з дзецьмі захапіла, таму яе выхаванцы адносяцца да фізкультуры з не меншай павагай, чым да матэматыкі ці біялогіі.
– Я заўсёды побач з вучнямі, – кажа Юлія Мікалаеўна. – Аднаму патрэбна падтрымка, каб выканаць нарматыў, кагосьці даводзіцца стрымліваць ад лішняй актыўнасці, а для дзяцей з падрыхтоўчай групы здароўя з улікам дыягназу трэба падабраць практыкаванні… Прычым, калі старэйшым вучням можна на словах растлумачыць схему дзеянняў на ўроку, з малышамі гэта не спрацуе – трэба ўсё рабіць нароўні: гэтак жа бегаць, скакаць…
Юлія Мікалаеўна прызнаецца, што з нецярпеннем чакае мадэрнізацыі школьнага стадыёна, пачатак якой запланаваны на бягучы год. Гэта, па яе словах, дазволіць зрабіць урокі фізкультуры яшчэ цікавейшымі, а трэніроўкі – больш якаснымі. У планах педагога другой катэгорыі – атрыманне першай, а ў перспектыве і вышэйшай. Дарэчы, на шляху да прафесійнага самаўдасканалення Ю.Красілевіч робіць многае – нядаўна праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі, удзельнічала ў конкурсе прафмайстэрства “Настаўнік года-2020”, па выніках якога ў сваёй намінацыі стала пераможцай.
Да патрабавальнага, цікавага педагога цягнуцца дзеці. Нават тыя, у якіх Юлія Мікалаеўна не выкладае прадмет, на перапынках часта збіраюцца ля яе, каб атрымаць параду ці проста пагутарыць. Адна ж з сёлетніх выпускніц школы – Дар’я Нераз, з якой Ю.Красілевіч займалася дадаткова, стала студэнткай факультэта фізічнай культуры і спорту ВДУ імя П.М.Машэрава.
– Я не стаўлю перад сваімі выхаванцамі (зараз гэта вучні 2-4, 8 класаў, а таксама дзяўчаты-дзесяцікласніцы) недасягальных мэт, – дзеліцца прынцыпамі работы настаўнік. – Важна зацікавіць іх, паказаць, што паміж спортам і здароўем ёсць непарыўная сувязь.
Гэтаму вучыць і сваіх блізкіх. З двума сыночкамі ходзіць у басейн “Юнацтва-Ушачы”, узімку ўсе разам весяляцца за снежнымі гульнямі. Старэйшы, які сёлета пайшоў у першы клас, ужо займаецца футболам, рэгулярна бывае ў спарткомплексе.
…Не часта ўбачыш Ю.Красілевіч у прывычных для большасці прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва сукенцы, чаравіках на абцасах – аддае перавагу спартыўным касцюмам, у якіх можна горы перавярнуць. Між тым, актыўнай, ініцыятыўнай маладой жанчыне, апантанаму сваёй справай спецыялісту такі ўбор адназначна да твару!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.