Молодую маму Ольгу Лавренову муж и дети готовы носить на руках!

Общество

Гэты двухпавярховы дом у пачатку вуліцы Каранеўскага, напэўна, самы гаманлівы і жыццярадасны ў наваколлі. А яшчэ адзін з наймаладзейшых – не па даце пабудовы, а па сярэднім узросце гаспадароў: калі скласці гады ўсіх шасці членаў сям’і Лаўрэнавых ад таты Жэні, якому споўнілася 30, да малышкі Машы, што летам размяняла другі годзік жыцця, а потым падзяліць на іх колькасць, то атрымаецца 13 – самы цудоўны юнацкі ўзрост! Вось з такім бадзёрым запалам і жыве вялікая сям’я, якая, разам з тым, ужо трывала стаіць на нагах. Ну а яе душой з’яўляецца Вольга – маладая і абаяльная гаспадыня, мудрасці і спрыту якой можна толькі пазайздросціць.

Жыццё не песціла дзяўчыну з Арэхаўна: калі ёй было 13 год, раптоўна памерла маці, але сямейнае плячо падставіў старэйшы брат, у сям’і якога яна і выхоўвалася. Ну а сваю другую палавінку знайшла ў Оршы, калі атрымлівала пасля школы прафесію прадаўца. Пазнаёміліся ж яны ў зусім нерамантычнай абстаноўцы: Оля ляжала ў бальніцы, і да яе суседкі па палаце прыйшоў сын, які прыехаў у водпуск з вайсковай службы. Успыхнулі пачуцці, і праз пэўны час у маладых нарадзіўся першы сынок. Паколькі на радзіме мужа жыллёвае пытанне здавалася бесперспектыўным, прыехалі ў Арэхаўна, дзе ў Олі была кватэра. Яўген уладкаваўся на работу ў Сарочынскае лясніцтва, ну а каханая жонка праз два гады падарыла яму другога сына. Для поўнага “камплекту” не хапала дачушкі, але і ў трэці раз тата вынес з дзвярэй радзільнага дома “скрутачак”, перавязаны блакітнай стужкай. Ды ўсё ж упартым шанцуе і летась сям’я папоўнілася малышкай, якая, канечне, адразу стала агульнай любіміцай.

А яшчэ з яе нараджэннем Яўген і Вольга змаглі ажыццявіць сваю мару. Атрыманай па прэзідэнцкім указе субсідыі на паляпшэнне жыллёвых умоў, банкаўскага крэдыту, які пакрылі за кошт мацярынскага капіталу, а таксама сродкаў ад продажу арэхаўскай кватэры якраз хапіла на набыццё вялікага прыватнага дома ў райцэнтры! “У гэтай сувязі хачу выказаць шчырую падзяку спецыялістам адпаведных службаў райвыканкама, якія дапамаглі з афармленнем дакументаў, з вырашэннем узнікшых у ходзе справы складанасцяў”, – адзначае Вольга.

У прасторным будынку, які яны зараз паступова даводзяць да ладу, пяць жылых пакояў, прасторны двор з усімі патрэбнымі гаспадарчымі пабудовамі і вялікім участкам. Гэта якраз тое, пра што марыла руплівая гаспадыня, звыклая да вясковай працы. І пакуль муж заняты рамонтнымі работамі, Вольга завяла падсобную гаспадарку – курэй ды в’етнамскіх парсючкоў. Ну а дзеці хутка дапоўнілі яе трыма катамі і сабачкам. Мама такому жаданню не пярэчыла, бо лічыць, што клопат пра дамашніх гадаванцаў спрыяе выхаванню дабрыні і адказнасці. Зрэшты, ужо зараз бачна, што гэтыя якасці ўласцівыя яе дзецям. Васьмігадовы Данік усведамляе сябе першым маміным памочнікам: можа сам прыбраць у пакоі, пагрэць у мікрахвалёўцы ежу для малодшых і нават прыглядае за Машай. На пытанне, ці не разгубіцца, калі сястрычка заплача, ён упэўнена кажа: “Канечне, не! Я ж ведаю, як яе супакоіць: дам цацку ці чай у бутэлечцы!”

Хлопчык любіць матэматыку і фізкультуру, а яшчэ другі год займаецца ў школе мастацтваў: пакуль асвойвае балалайку, а потым марыць дабрацца і да гітары, каб навучыцца іграць, як тата (вось, аказваецца, чым Яўген Лаўрэнаў у свой час пакарыў сэрца арэхаўскай прыгажуні Олі Асяпёнак!). А вось Стас, напэўна, будзе айцішнікам, бо ў свае шэсць год вельмі спрытна арыентуецца ў камп’ютарных прамудрасцях. Чатырохгадовы Лёша – самы вялікі гарэза. Ну а Машанька ўжо зараз праяўляе надзвычайную цікавасць да кветак: ахвярай яе прыхільнасці стаў ужо не адзін пакаёвы вазон!

А калі сур’ёзна, то гэтая дружная сям’я ўсё робіць разам і не разлічвае на чыюсьці дапамогу. Вось і бульбу сёлета капалі ўласнай брыгадай: ад работ была вызвалена толькі Маша, нават Лёша старанна выбіраў з зямлі клубні і кідаў у маміна вядзерца. Увогуле падалося, што дзеці ў сям’і Лаўрэнавых даволі паслухмяныя і выхаваныя. Так, напрыклад, ужо трэці месяц як мама наклала абмежаванне на выкарыстанне мабільнікаў, і малыя сталі займаць сябе больш разнастайнымі справамі: катаюцца на веласіпедзе, гуляюць у двары, малююць, глядзяць мульцікі.

А што яшчэ ўразіла, гэта бязмежная любоў дзяцей да самага блізкага чалавека, якую яны дэманструюць літаральна кожную хвілінку. Увесь час назірала, як малышы па чарзе прыціскаюцца да Олі і называюць яе выключна “мамачкай”. “Бывае, ляжу раніцай і чую, што мае хлопчыкі ўжо прачнуліся і шэптам перагаворваюцца: “Не будзем шумець, хай мама яшчэ паспіць!”, – расказвае Вольга. – А нядаўна Данік мне сказаў: “Мама, калі ты станеш старэнькая, я буду насіць цябе на руках!” Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе, але ўжо адной такой фразы дастаткова, каб кампенсаваць бяссонныя матчыны ночы ды дні ў чарзе бясконцых клопатаў”.

А яшчэ напрыканцы мы прыйшлі да высновы, што ў гэтай сям’і адметнае прозвішча. Яно зусім не мясцовае – Лаўрэнавых сярод нашых карэнных землякоў асабліва не прыгадаеш. І разам з тым, самае што ні ёсць ушацкае – святы Лаўрэн, як вядома, з’яўляецца нашым апекуном і адлюстраваны на выяве герба. Дык хай жа гэтая цудоўная сям’я будзе заўсёды пад аховай добрых анёлаў. А магчыма, яе сярэдні ўзрост праз колькі часу… яшчэ паменее!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Молодую маму Ольгу Лавренову муж и дети готовы носить на руках!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *