9 мая — 81-я годовщина Победы в Великой Отечественной войне. Воспоминания ушачан, чьи родные оказались в самом пекле тех страшных событий

Общество

Спыні на вуліцы любога прахожага – і ён назаве не адно імя родных, якія набліжалі Вялікую Перамогу. І напярэдадні 9 Мая мы прасілі ўшачан прыгадаць продкаў, якія ваявалі. Хоць і няма сярод нас ветэранаў Вялікай Айчыннай, аднак пакуль жыве памяць пра іх – яны бессмяротныя. І застануцца такімі, паколькі іх імёны назаўсёды занесены ў базы даных пошукавых сайтаў “Подзвіг народа”, “Памяць народа”, “Мемарыял”, “Партызаны.by”.

Дрэва ў двух колерах

Пры ўваходзе ў музей народнай славы “вырасла” дрэва. Штучнае, але не менш трывалае за дуб, бо карані яго – у нашых успамінах, а стаяць яно будзе тут пастаянна. Побач з ім у скрыні ляжаць стужкі, на якіх кожны можа напісаць і павесіць на дрэва прозвішчы сваіх родных. Яны толькі двух колераў: зялёнага – для тых, хто вярнуўся з фронту жывым, і чорнага – для загінуўшых. Адной з першых прымацавала фотаздымак свайго бацькі Васіля Сцяпанавіча Ключонка супрацоўніца музея Ірына Васільеўна Шасцярэнь:
“Тата ўступіў у атрад “КІМ” брыгады імя Варашылава ў сакавіку 1943-га. Часта хадзіў на мініраванне чыгункі. Аднойчы яны натрапілі на засаду, якую своечасова заўважылі. Бацька падпоўз да немцаў, кінуў гранату, фашысты разгубіліся і пабеглі да гарнізона. За гэты ўчынак, а таксама за смеласць пры разгроме гарнізона ў Багушэва кіраўніцтва хадайнічала аб прысваенні яму медаля “За адвагу”. Тады ён быў цяжка паранены ў галаву”.

Выжыў дзякуючы почырку

“Мой бацька Адольф Вікенцьевіч Шынкоўскі прайшоў усю вайну. Яго фота і медалі “За адвагу”, “За баявыя заслугі” і другія ўзнагароды размешчаны ў першым зале музея народнай славы побач з іншымі абаронцамі Масквы, – расказвае яго сын Аляксандр Адольфавіч. Непасрэдна на перадавой на подступах да сталіцы СССР ён знаходзіўся з лістапада 1941 па верасень 1942-га. А сваё першае раненне атрымаў ужо ў снежні, калі мініраваў лінію абароны пад Серпухавам, а потым зноў жа пад агнём разбіраў варожыя ўмацаванні і ствараў праходы ў калючым дроце. Хадзіў у наступленні, вынес з поля бою 12 раненых таварышаў, у якасці сувязнога дастаўляў на лініі фронту загады камандзіра батальёна па ўзводах і ротах.

Тата яшчэ да вайны скончыў педагагічнае вучылішча і казаў, што жывым застаўся дзякуючы выдатнаму почырку. Пасля другога ранення яго назначылі камандзірам аддзялення конна-санітарнай роты. Ён таксама заставаўся вельмі блізка ад перадавой, толькі ўжо не ішоў у атаку, а захоўваў жыцці параненых. Вайну закончыў пад Кёнігсбергам і мала расказваў аб ёй”.

Страх знік на світанку

Таццяну Генадзьеўну Міхайлаву (на фота справа) ва ўшацкім музеі мы сустрэлі ля партрэта сваёй матулі Лідзіі Канстанцінаўны Казляковай-Камендантавай.
“Мама расказвала, як нацярпелася страху яшчэ пры прыёме ў атрад у ліпені 1942-га. Зусім маладой дзяўчынай, ёй было 19, яна разам з сябрамі прыйшла прасіцца ў партызаны. Іх маладзёжная група ведала, што патрэбна зброя, і ўжо назбірала яе, аднак з сабой не прынеслі. У брыгадзе Мельнікава баяліся правакацыі, і пакінуўшы маму заложніцай, паставілі яе таварышам умову вярнуцца ў вызначаны час, інакш яе расстраляюць. Сон не ішоў, прыбліжаўся світанак… і сябры паспелі.
Хоць у атрадзе яна лічылася пісарам, аднак хадзіла на заданні, сядзела ў засадах, разам з хлопцамі са зброяй у руках біла ворага. У прадстаўленні яе да медаля “За адвагу” напісана: ”У баі на шашы Обаль-Полацк Казлякова першай кінулася ў атаку, падчас якой было знішчана 28 фашыстаў і 5 машын з палівам”. Відаць, страх яна пакінула на тым світанку ў 1942-м”.

Творчы скарб франтавіка

 

Настаўніка рускай мовы і літаратуры Канстанціна Аляксандравіча Швядко з Мосара памятаюць многія пакаленні яго вучняў. Ветэран вайны з’яўляўся пазаштатным карэспандэнтам “Патрыёта”, пісаў ён не толькі заметкі, але і вершы, карціны. На яго словы складзена песня. Памяць пра бацьку свята захоўвае яго дачка Тамара Канстанцінаўна Мялешка: “У адным з яго вершаў ёсць радок: “І плавілі сэрцам метал”. Так, у пекле пад Кёнігсбергам свінцовы град растапіўся перад мужнасцю байцоў, а медалі “За адвагу” і “За баявыя заслугі” выліты з расплаўленага татавым сэрцам металу. Дваццацігадовым хлопцам ён падвозіў на перадавую боепрыпасы і харчаванне, потым штурмаваў крэпасць Пілаў. Ён шчаслівы, бо ваяваць ва Усходняй Прусіі і вярнуцца – гэта божы падарунак. Сярод яго вершаў шмат прысвечаных вайне.

Миновал победный 45-й
В пехоте, традиции верной
Кричали в атаке «ура».
Наш клич тот был самым идейным –
За родину шли умирать.
Тонули в морских мы пучинах,
Купаясь в воде ледяной,
Когда, подорвавшись на минах,
Корабль стонал под водой.
В бою мы и в танках горели,
И плавили сердцем металл:
Но шли мы к намеченной цели,
Смакуя победы накал.
Ходили тропой партизанской
Громить гарнизоны врага,
И летом, и в холод январский,
Когда бушевала пурга.
В боях бесконечных мужали
Седины искрились в висках.
И звон серебристых медалей
Под пулями сдерживал нас.
Не все мы дошли до Берлина –
У смерти безмерное зло,
Но нам покорилась вершина –
Победное солнце взошло.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *